Самыя чыстыя, светлыя мары

Дзіцячыя мары, як вядома, самыя чыстыя і светлыя, самыя наіўныя і самыя рамантычныя. Палёты ў космас, падарожжы ў невядомыя краіны — пра гэта мараць хлопчыкі і дзяўчынкі розных краін, розных гістарычных эпох, розных пакаленняў. Праўда, у прадстаўнікоў ваеннага пакалення, малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў гэтыя мары адыходзілі на другі план. Разабрацца ў марах дзяцей вайны дапаможа экскурсія ў гісторыка-краязнаўчы музей сярэдняй школы № 11 Жлобіна.

Музей “Дзеці і вайна”, напэўна, адзіны ў краіне, які цалкам прысвечаны марам і спадзяванням, выпрабаванням, пакручастаму лёсу маленькіх герояў. Багатая на фотаздымкі, архіўныя матэрыялы экспазіцыя расказвае пра лёс юных жыхароў нашай краіны пад акупацыяй, пра вязняў, піянераў-герояў. Каштоўныя прадметы і матэрыялы захоўваюцца ў такіх раздзелах экспазіцыі, як “Акупацыйны рэжым”, “Пад знакам генацыду”, “Ніколі не забудзем”, “Юныя патрыёты Гомельшчыны”, “Лагеры смерці”, “Еўропа ў бядзе”, “Дні вызвалення”, “Гэта не забываецца”.
Асаблівае месца займаюць экспанаты, якія расказваюць пра сістэму лагераў “Азарычы”. Цікавыя звесткі сабраны і пра дзіцячы лагер, створаны на Жлобіншчыне ў гады вайны ў вёсцы Чырвоны Бераг. Сюды для здачы крыві са Жлобінскага, Рагачоўскага, Добрушскага і іншых раёнаў адбіралі хлопчыкаў і дзяўчынак 8—14-гадовага ўзросту. Абавязковым патрабаваннем была славянская знешнасць і ўніверсальная група крыві — першая (поўныя донары). Тых, хто падыходзіў, прыводзілі ў асобны пакой былога панскага палаца (нядаўна адкрытага пасля рэканструкцыі), клалі на нахіленую лаўку, прышпільвалі і выкачвалі кроў. Калі ж у дзіцяці была неўніверсальная група, яно станавілася няпоўным донарам. Пасля забору крыві давалі кубачак чаю, кавалак цукру і вызвалялі на тры дні ад працоўнай павіннасці. Больш моцных дзяцей зганялі на чыгуначнай станцыі ў вагоны і адпраўлялі ў Германію, дзе таксама бралі кроў для параненых нямецкіх салдат і афіцэраў. Сёння пра тыя часы нагадвае велічны мемарыяльны комплекс, які ўваходзіць у Залатое кола Гомельшчыны.

Экскурсіі па музеі “Дзеці і вайна”, у якіх расказваецца, напрыклад, пра лёс былых вязняў канцлагера “Азарычы” Генадзя Герасімавіча Пархоменку і Валянціну Іванаўну Ісаеву, як і знаёмства з мемарыяльным комплексам, не пакідае абыякавым ніводнага наведвальніка. Падчас аповеду экскурсавода не чуваць ні хіхікання, ні размоў. Вельмі ўражваюць чорна-белыя фотаздымкі, з якіх з-за калючага лагернага дроту на цябе глядзяць спужаныя дзіцячыя вочкі. Для найбольшага эфекту ад экскурсіі такі ж дрот выкарыстаны і ў афармленні экспазіцыі — столі музейнага пакоя, за якой за спецыяльным акном бачна высокае беларускае неба, тое самае, пра палёты ў якое марылі малалетнія вязні. Аднак гэта былі другасныя мары, а першасным было жаданне ўбачыць на сваіх далонях хаця б маленечкі кавалак хлеба.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі і біялогіі Святланы Фёдараўны Сукалавай і сённяшняга кіраўніка музея настаўніцы гісторыі Алены Валянцінаўны Ягоравай школьнікі вывучаюць архіўны матэрыял, сустракаюцца з былымі вязнямі, запісваюць іх успаміны. У выніку такой дзейнасці не толькі папаўняецца музейная экспазіцыя, але і ствараюцца даследчыя работы. Сярод іх “Маленькія салдаты вялікай вайны”, “Трагедыя дзіцячага санаторыя “Крынкі”, “Халакост”, “Чырвоны Бераг”, “Гісторыя мужнасці Веры Рагавец”, “Іх імёнамі названы вуліцы Жлобіна”, “Франтавыя лісты”, “Лагер смерці ў балоце “Азарычы”, не забыць нам цябе ніколі…”. Асабліва ганарыцца Алена Валянцінаўна арыгінальнай кнігай-брашурай “Памятайце! Праз стагоддзі, праз гады…”, створанай рукамі педагогаў, юных экскурсаводаў, іх бацькоў. Вытрымкі з названых работ, успаміны былых вязняў (сустрэчы з імі рэгулярна праводзяцца ў музейным пакоі) настаўнікі часта зачытваюць на класных гадзінах, уроках, выхаваўчых мерапрыемствах.
Напярэдадні 11 красавіка 11-я жлобінская школа ператвараецца ў своеасаблівы цэнтр музейнага паломніцтва. Сюды накіроўваюцца экскурсійныя групы з розных куточкаў Гомельскай вобласці, каб паслухаць цікавы аповед экскурсаводаў, даведацца пра дзіцячыя мары прадстаўнікоў ваеннага пакалення, задумацца над каштоўнасцю чалавечага жыцця.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.