Самыя горкія — маміны слёзы?

- 15:32Рознае, Сацыяльны ракурс

Не адзін раз даводзілася чуць выказванне, што нашы дзеці патрэбны толькі нам. Але, на жаль, ёсць і такія бацькі, для якіх нараджэнне дзяцей нічога не значыць. З’яўленне дзіцяці для такіх асоб — з’ява куды менш значная, чым набыццё бутэлькі ў магазіне.
Рэйд, які нядаўна праводзіла інспекцыя па справах непаўналетніх Смалявіцкага РАУС Мінскай вобласці, выявіў тых, для каго быць бацькамі як пакаранне.

Пра пельмені з “чарнілам” і садавіну для дзяцей

Гісторыя першая.
Пра тое, што было
Гэта быў мой першы рэйд па нядобранадзейных сем’ях. Едучы ў машыне разам з прадстаўнікамі раённага ўпраўлення ўнутраных спраў і органаў апекі, я ўжо намалявала ў галаве карціну, да якой была гатова. У маім разуменні нядобранадзейная сям’я — гэта амаль такая ж звычайная сям’я, з розніцай у тым, што тут бацькі любяць выпіць. Я разлічвала ўбачыць дзяцей, якія глядзяць мульцікі, а бацькі гэтым часам сядзяць на кухні і разліваюць па чарках спіртное. Але рэальнасць аказалася куды больш страшнай. І да яе ўспрымання я, шчыра кажучы, была не гатова. Тут усё жорстка — “без мульцікаў”, і такога паняцця, як “сям’я”, у нядобранадзейных бацькоў часам наогул не існуе.
У той дзень прадстаўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Смалявіцкага раёна прыехалі ў дом Ірыны (імёны зменены) без папярэджання. У жанчыны пяцёра дзяцей. Самай старэйшай дзяўчынцы 14 гадоў, а самае маленькае дзіця нядаўна адзначыла свой трэці дзень нараджэння. Сям’я жыве ў аднапакаёвай кватэры ў вёсцы.
Праўда, назваць кватэрай тое месца, куды мы зайшлі, вельмі цяжка. І, здаецца, як ні назаві гэтае месца, атмасфера, якая пануе ў доме, лепшай не стане. Першае, што хочацца зрабіць пры ўваходзе ў аднапакаёвае памяшканне, — гэта адкрыць насцеж усе вокны. Нясцерпная прага ўдыхнуць хаця б глыток свежага паветра не пакідала нас ні на хвіліну. Упярэмешку са спёртым паветрам у кватэры чуўся непрыемны пах. І супрацоўнікі ІСН дакладна ведалі, адкуль. Гэта стала зразумела і мне, як толькі мы адкрылі дзверы ў ванны пакой. У кутку, справа, да самай столі “вырасла” гара бруднага адзення. Зразумела, што такая колькасць бялізны не назбіраецца за дзень. І нават за месяц. Але пах, якім была запоўнена кватэра, ішоў не ад адзення, а з ванны. У гэтай кватэры яна выконвала ролю прыбіральні. А ў памяшканні, якое павінна называцца санвузлом, унітаза ўвогуле не было. Са сцяны тырчалі толькі дзве кароткія трубы. На пытанне, чаму дагэтуль кватэра, у якой пражываюць дзеці, не абсталявана згодна з санітарнымі нормамі, прычым самымі элементарнымі, гаспадыня адказала, што ў прыбіральню ўсе ходзяць на вуліцу.
Падлогі ў кватэры таксама няма. Не, насамрэч, яна там ёсць, але яна з чыстага бетону, ні адзін яе метр не засцелены хоць нейкім пакрыццём. Шпалеры на сценах абарваныя. Далей мы пайшлі на кухню. Нічога, акрамя пустых бутэлек з-пад алкаголю, а таксама тазіка з вадой, які стаяў пасярод кухні, там не было. У ракавіне — звалены брудны посуд. Ні хлеба, ні малака, ні тым больш садавіны для дзяцей тут не было. Агледзеўшы ўсё гэта, мы зайшлі ў пакой. Там, акрамя дзяцей, знаходзіліся трое мужчын. Хто яны такія і кім даводзяцца дзецям — адказу не паступіла. Зразумеўшы, што ў дом прыйшла праверка, усе трое паспяшаліся выйсці за дзверы.
Шчыра кажучы, трапляючы ў такую сітуацыю, разумееш, што пакідаць дзяцей тут, у гэтай антысанітарыі, сярод алкаголікаў і хворых людзей нельга. І камісія без лішніх пытанняў забрала дзяцей у прытулак. Самае жудаснае ў працэсе разлучэння маці з дзецьмі тое, што плакалі толькі дзеці. Маці было ўсё роўна. У мяне нават узнікла такое адчуванне, што органы апекі, здзейсніўшы гэты ўчынак, проста аблегчылі ёй жыццё. І тое, што дзецям у прытулку будзе лепш, — адназначна. Там іх пакормяць. Там, калі яны будуць спаць, не будуць даносіцца п’яныя крыкі. Там, у рэшце рэшт, іх апрануць і памыюць. У прытулку яны будуць адчуваць сябе абароненымі не толькі ад насілля, а і, што вельмі сумна, ад роднай маці. І няхай гэта будзе жорстка, але менавіта гэтая жанчына, якой пашанцавала звацца мамай, з’яўляецца самай вялікай пагрозай жыццю і здароўю дзяцей.
— Пасля таго як камісія забрала дзяцей, з гора-маці была праведзена размова, — расказвае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Смалявіцкага РАУС маёр міліцыі Ала Генадзьеўна Русановіч. — І жанчына скрозь зубы выдавіла, што была б не супраць, каб ёй вярнулі дзяцей. Але ёй растлумачылі, што дзеці дадому не вернуцца, пакуль тут не будзе наведзены элементарны парадак, не будуць выконвацца санітарныя нормы. Дарэчы, раней жанчыне была выдзелена грашовая адрасная дапамога. І мы паабяцалі, што будзем прыязджаць часта і без папярэджанняў. Калі будзе бачна, што сітуацыя выпраўляецца, магчыма, тады і з’явіцца нагода пераглядзець гэтую справу.

Пра тое, што стала
Праз некалькі дзён ІСН запланавала яшчэ адзін рэйд у гэтую ж сям’ю. Безумоўна, мы зноў прыехалі без папярэджання. Калі зайшлі ў дом, убачылі, што падлога месцамі пакрыта невялікімі адрэзкамі старога дзіравага лінолеуму. Шпалеры як былі абарванымі, такімі і засталіся. Санвузел ужо быў з унітазам. Яго пад кантролем сацыяльных службаў жанчына купіла за адрасную дапамогу. Абсталяваннем санвузла займаліся сантэхнікі з мясцовага ЖЭУ. Ванна таксама была прыбрана.
У астатнім — нічога не змянілася. Гара адзення ляжала ўсё на тым жа месцы, паветра заставалася такім жа спёртым, а драўляныя вокны, рамы ў якіх ужо даўно пачарнелі і пачалі гніць, былі зачынены.
У пакоі, дзе ў мінулы раз сядзела пяць запалоханых дзяцей, знаходзілася двое мужчын. Яшчэ трое незнаёмцаў былі на кухні. Там жа — і 35-гадовая гаспадыня кватэры, якая раскатвала цеста на пельмені бутэлькай з-пад “чарніла”. Зірнуўшы на нас, мужчыны паспяшаліся выбегчы з дому. Дарэчы, як пацвердзіла начальнік ІСН, ад зін з іх нядаўна выйшаў з туберкулёзнага дыспансера, дзе праходзіў курс лячэння. На пытанне, што ўсе гэтыя мужчыны робяць у кватэры, Ірына не адказала.
— Усе гэтыя людзі злятаюцца ў кватэру як мухі, — расказвае Ала Генадзьеўна. — Назіраючы за гэтай сям’ёй і сітуацыяй, якая ў ёй склалася, я буду настойваць на тым, каб дзяцей маці не вярталі. Жанчыне было вынесена некалькі папярэджанняў і наконт стану дома, і наконт прысутнасці ў кватэры старонніх людзей. Усе заўвагі яна ігнаруе.

Мама выбірае: прытон для наркаманаў ці бяспека для дзяцей?

У 30-гадовай Кацярыны, якая менш чым праз 2 месяцы зноў стане мамай, трое дзяцей. Старэйшай дзяўчынцы нядаўна споўнілася восем, малодшым — блізнятам — 1,6 года.
На ўліку і ў ІСН, і ў школе сям’я стаіць ужо вельмі даўно. І прычын, па якіх за Кацярынай і яе дзецьмі ўстаноўлены такі кантроль, хапае.
Упершыню сям’я трапіла пад нагляд, калі Кацярына патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася на свайго мужа, які пад уздзеяннем алкаголю дома ў прысутнасці дзяцей учыняў п’яныя разборкі. Пасля, на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, жанчына расказала, што ёй раілі “смецце з хаты не выносіць”, таму што будзе яшчэ горш. Але жанчына працягвала скардзіцца на мужа, яна не хацела, каб дзеці раслі ў нездаровай атмасферы.
Праз некаторы час завадатара п’янай бойкі, мужа Кацярыны, накіравалі ў следчы ізалятар, а праз некаторы час, улічваючы ўсе правапарушэнні, ён трапіў турму. Так у двухпакаёвай кватэры засталіся жыць мама з дзецьмі. А праз некаторы час туды перасяліўся і брат мужа Леанід. З гэтым мужчынам Кацярыне было нялёгка ўжыцца.
— Справа ў тым, што Леанід — былы наркаман, які зараз хварэе на СНІД, — расказвае Ала Генадзьеўна. — Некалькі разоў на тыдзень двухпакаёвая кватэра ў адной са шматпавярховак Смалявіч ператваралася ў прытон для сяброў Леаніда — такіх жа наркаманаў. Але жанчына цярпела, таму што ёй не было куды ісці. Цярпенне ў Кацярыны лопнула тады, калі Леанід, як расказалі супрацоўнікі міліцыі, пачаў рэзаць сабе рукі і спецыяльна апрыскваць крывёю сцены кватэры. Спужаўшыся, што можна падхапіць ВІЧ, Кацярына забрала дзяцей і на некаторы час пераехала да знаёмага, з якім разам працавала на прадпрыемстве. Спачатку жанчына планавала пажыць у Мікалая месяц-другі. Але пасля зацяжарыла ад мужчыны і засталася.
Здавалася б, вось яно — лагічнае заканчэнне гісторыі. Але з пераездам да мужчыны непрыемнасцей толькі дабавілася. І ўсе яны выплылі на паверхню пасля таго, як на новае месца жыхарства выехаў рэйд, які арганізавалі ІСН і органы апекі і папячыцельства.
Пасля званка ў кватэру адчыняць ніхто не спяшаўся. І толькі праз некаторы час на парозе з’явілася Кацярына. Абурыўшыся, што мы ўжо надакучылі сваімі прыходамі, жанчына развярнулася і пайшла на кухню. Дзеці ў гэты момант заставаліся ў пакоі, у які мама нікому зайсці не дазволіла.
Што тычыцца санітарнага стану кватэры, то ён пакідае жадаць лепшага. Тут, як і ў доме мінулай сям’і, паветра таксама спёртае.
— У плане забеспячэння дзяцей прадуктамі харчавання ў нас пытанняў не ўзнікла, — пацвярджае Ала Русановіч. — Для самых маленькіх дзетак на шафе стаялі слоічкі з дзіцячым харчаваннем. На стале — смажаная рыба, хлеб. У халадзільніку — малако. Большасць заўваг да гэтай сям’і ўзнікла з-за неналежнага стану праводкі: правады ў кватэры не ізаляваны, а гэта з’яўляецца грубым парушэннем тэхнікі пажарнай бяспекі. У доме, дзе жывуць дзеці, так быць не павінна. Згадзіцеся, у любы момант паўтарагадовыя дзеці могуць ухапіцца за разеткі, што будзе каштаваць ім жыцця. У дадатак да гэтага яшчэ адным праблемным момантам стала тое, што кватэра, у якой зараз жыве Кацярына са сваімі дзецьмі, належыць не ёй.Яе адносіны з Мікалаем не зарэгістраваны, а гэта значыць, мужчына можа ў любы момант з-за бытавых спрэчак выгнаць жанчыну на вуліцу. І куды яна цяжарная і з трыма дзецьмі пойдзе?
Дарэчы, яшчэ адной акалічнасцю, з-за якой да мнагадзетнай сям’і столькі ўвагі з боку праваахоўных органаў, стала тое, што Мікалай, уласнік кватэры, перыядычна ўжывае наркотыкі. Так, падчас рэйду начальнік ІСН знайшла на кухні пакет з макам.
— Каб выявіць факт ужывання маладым мужчынам наркатычных сродкаў, да яго ў кватэру выязджала спецыяльная група, якая праводзіла вобыск. Падчас апытання суседзяў было выяўлена, што яшчэ летам з кватэры даносіўся пах ацэтону. А гэта значыць, што пры дапамозе гэтага хімічнага рэчыва і маку ў кватэры маглі гатавацца наркотыкі.
Для таго каб урэгуляваць сітуацыю ў сям’і, на наступны дзень пасля рэйду Кацярыну запрасілі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Там маладую маму папярэдзілі, што яна павінна за некалькі дзён вырашыць праблемы з праводкай. Акрамя гэтага, Мікалай павінен вярнуцца на работу (мужчына часова не працуе), таму што пражыць на адну грашовую дапамогу, якая выдаецца на выхаванне дзяцей, немагчыма. А Кацярыне як мнагадзетнай маці прапанавалі як мага хутчэй сабраць дакументы і ста ць на чаргу на атрыманне жылля. Акрамя гэтага, былі заўвагі, што жанчына часта пакідае дзяцей дома, без нагляду, а таксама зусім не выводзіць малых на вуліцу.
— Але самы важны момант, над якім Кацярыне прапанавалі падумаць, стала наступнае. Праз паўтара месяца Кацярына народзіць дзіця і нейкі час будзе знаходзіцца ў радзільным доме. На гэты перыяд яна абавязана гарантаваць бяспеку дзяцей. Мы прапанавалі гэтай маці паехаць да бацькоў, але жанчына адмовілася. Такім чынам, будзе аптымальна, калі дзеці на гэты час будуць пад наглядам спецыялістаў.
Хочацца спадзявацца, што Кацярына адумаецца і зменіць свае адносіны да жыцця, стане на чаргу на кватэру. Толькі ў такім выпадку яна зможа зрабіць сваё жыццё і жыццё дзяцей бяспечным. Гэтая жанчына можа выправіцца, галоўнае, каб яна сама гэтага хацела.

***

Дзве розныя сям’і — дзве розныя гісторыі. Але ў абодвух выпадках задача, якая стаіць перад кампетэнтнымі органамі, адна: дапамагчы мамам вырашыць праблемы, з якімі яны сутыкнуліся. Трэба шукаць дзейсныя метады для работы з такімі сем’ямі. І калі першая маці ўжо не выклікае даверу ні ў адной з сацыяльных службаў, то ў выпадку з Кацярынай сітуацыя з’яўляецца не такой жахлівай. Варта толькі якасна праводзіць прафілактычную работу і, самае галоўнае, не ўпусціць момант, калі сітуацыя ў сям’і будзе на мяжы з крытычнай.

Наталля ДУБІК.