«Самыя лёгкія на пад’ём — дзеці». У чым карысць фітнесу для дашкалят

- 15:14Образование

У чым карысць фітнесу для дашкалят, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала кіраўнік фізвыхавання дзіцячага сада № 82 Мінска Юлія Кароткая.

З фітнесам педагог сябруе ўжо больш за 10 гадоў і ведае пра яго амаль усё. У садку яна кіруе адпаведным гуртком, які наведваюць больш за 60 працэнтаў выхаванцаў, вядзе тэматычную Instagram-старонку. Першае, на што звяртае ўвагу: фітнес сёння і 30 гадоў назад, калі ён толькі з’явіўся і быў на піку моды, — розныя рэчы.

Тады трэніроўкі дэманстраваліся па ТБ штодзень і збіралі вялізную аўдыторыю — настолькі гэта было папулярна, — успамінае педагог. — Але ўсе перадачы былі падобныя адна на адну, не было разнастайнасці, рухі жорсткія, нагрузка не збалансаваная. Сёння кожны можа падабраць сабе падыходзячую фітнес-праграму, практыкаванні сталі больш мяккімі. Наогул, трэніроўкі пабудаваны з улікам індывідуальных асаблівасцей.

Быць заўсёды ў руху, любіць актыўныя гульні Юлія Кароткая вучыць і сваіх выхаванцаў. Гаворыць, што дзецям фітнес вельмі карысны — практыкаванні накіраваны на распрацоўку пэўных мышцаў, часта з выкарыстаннем спецыяльных трэнажораў.

— Яны ў нас, вядома, дзіцячыя, — заўважае суразмоўніца. — Ёсць трэніроўка, калі трэнажоры расстаўляюцца ў выглядзе круга, кожны з іх — гэта станцыя, якой адпавядае пэўны малюнак, дзе паказана, як выконваць практыкаванне. Дзеці хо­дзяць па станцыях адно за адным, да кожнага трэнажора, напрыклад, стэп-платформы, робяць некалькі падыходаў.

Сілавыя трэніроўкі для дзяцей садаўскага ўзросту забаронены, таму ўпор робіцца ў асноўным на рух. Фітнес уключае ў сябе элементы аэробікі, рытмічнай і спартыўнай гімнастыкі — усё гэта вельмі падабаецца дашкалятам.

— Аэробная нагрузка — гэта, напэўна, самае важнае для дзяцей, — адзначае Юлія Кароткая. — Дзіця бегае, дыхае — лёгкія напаўняюцца кіслародам, насычаецца ім і ўвесь маленькі арганізм, а значыць, усе працэсы ідуць збалансавана, трэніруецца сардэчная мышца. Займацца фітнесам дзецям можна нават з ясельнага ўзросту, калі яны ўжо могуць уключацца ў гульню. Неабходна толькі даваць практыкаванні дазіравана. І яшчэ, вядома, вельмі важны прыклад бацькоў, калі ў сям’і спорт стаіць не на апошнім месцы.

Чытайце матэрыял Лізаветы МІЦКЕВІЧ у нумары ад 7 сакавіка 2023 года.