Самыя шчырыя — дзеці

Думаў над назвай гэтай журналісцкай нататкі, і спачатку прыдумалася такая: “Тэрыторыя творчасці”. І сапраўды, цэнтр сталіцы Беларусі 15 лютага ператварыўся ў тэрыторыю дзіцячай творчасці. А чацвёртай гадзіне ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася выстава лепшых работ VI Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, а ўжо літаральна праз гадзіну, а пятай вечара, у галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася іншая выстава… Ды зноў жа дзіцячай творчасці! Выстава работ удзельнікаў Кубка Беларусі па мастацкай творчасці ў рамках ІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцяча-маладзёжнай творчасці “Асамблея мастацтваў”. Уяўляеце: спачатку дзівішся талентам адных дзяцей на Кірава, 16, потым падымаешся нейкіх 100 метраў па вуліцы Энгельса і апынаешся ўжо на праспекце Незалежнасці, дзе зноў-такі бачыш талент дзяцей, трыумф іх мастацкай творчасці. Я не ведаю, ці ёсць у якой-небудзь яшчэ краіне свету, каб у самым цэнтры яе сталіцы ў адзін дзень амаль у аднолькавы час адкрывалі дзве выставы мастацкіх работ дзяцей… Ведаю па ўласным вопыце, што ў Берліне ў аднолькавы час адкрываецца і па некалькі мастацкіх выстаў. Але не дзіцячых работ.

Немагчыма не пагадзіцца са словамі куратара выставы твораў удзельнікаў Кубка Беларусі па мастацкай творчасці ў рамках ІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцяча-маладзёжнай творчасці “Асамблея мастацтваў”, генеральнага прадзюсара Беларускага тыдня мастацтваў, сябра Творчага саюза мастакоў Расіі Людмілы Анатольеўны Рыбаковай: “У час глабальнай камп’ютарызацыі і інфарматызацыі вельмі важным з’яўляецца творчае развіццё дзяцей і падлеткаў, паколькі творчасць развівае ўяўленне, вучыць бачыць, фарміруе эстэтычную ўспрымальнасць да свету і ацэнку прыгожага. Сярод задач нашага праекта — прэзентацыя шырокай грамадскасці творчых работ маладых талентаў з розных краін, патрыятычнае выхаванне моладзі, папулярызацыя дзіцячай і юнацкай творчасці, падтрымка дэбютных праектаў маладых беларускіх аўтараў, стымуляванне творчага патэнцыялу беларускай моладзі на сусветных выставах, развіццё самабытных традыцый беларускай культурнай спадчыны, садзейнічанне культурнаму абмену паміж маладымі аўтарамі”.

Таксама, па словах Людмілы Рыбаковай, Кубак Беларусі па мастацкай творчасці з’яўляецца часткай сусветнага мастацкага праекта World Art Cup, па лініі якога арганізоўваюцца аналагічныя фестывалі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Браціславе, Лондане, Пекіне і іншых гарадах. Гэта дазваляе лаўрэатам — пераможцам Кубка Беларусі па мастацкай творчасці пасля заканчэння конкурснага тыдня прадставіць свае творы ў іншых краінах.

Але ўсё гэта, канечне, высокія словы. А калі трапляеш на выставу, то бачыш непасрэдныя і прыгожыя ў гэтай сваёй непасрэднасці творы дзяцей: у выкананні наіўнага падлетка ў навушніках Віктара Галавача, які займаецца ў дзіцячай мастацкай школе мастацтваў № 2 Мінска мілую “Вярбушачку” пэндзля Дар’і Шабрыкінай з мастацкай студыі “Куфэрачак майстра”, “Невядомую планету”, выдуманую на палатне Ніколь Кірык з дзіцячага інтэлектуальнага клуба “Маё дзяцінства” (Мінск)… Але я зноў жа шукаў на гэтай выставе менавіта “сваю” работу і, здаецца, знайшоў: “Малпу матэматыка” Софіі Пятніцкай з мінскай студыі выяўленчага мастацтва “Калякі-малякі”. У ёй уся дзіцячая шырасць. Шчырасць і любасць дзіцячай душы.

Таму ў апошні момант я і вырашыў змяніць назву гэтай нататкі на тую, якую вы бачыце ўверсе.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *