Сёння існуе шмат эфектыўных сродкаў, якія б спрыялі разумоваму развіццю дзяцей дашкольнага ўзросту і ўлічвалі ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзіцяці. У нашай дашкольнай установе мы ствараем умовы для развіцця творчых здольнасцей кожнага выхаванца.
З мэтай развіцця пазнавальна-практычнай дзейнасці дашкольнікаў як эфектыўнага сродку павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы выхаванцаў у нашай установе дашкольнай адукацыі прайшоў конкурс пазнавальна-практычнай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”. У конкурсе ўдзельнічалі ўсе ўзроставыя групы ўстановы дашкольнай адукацыі. Найлепшая работа была адпраўлена на абласны фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту.
Прадстаўленыя на конкурс адукацыйныя праекты паказалі, што свет фантазій і інтарэсаў нашых выхаванцаў бязмежны. Юныя даследчыкі першай малодшай групы (узрост ад 2 да 3 гадоў, выхавальнік Галіна Міхайлаўна Саўчкова, праект “Каляровыя абрэзкі”) праводзілі доследы і эксперыменты з тканінай і прыйшлі да высновы, што тканіна мнецца, намакае, бывае празрыстай і непразрыстай. У рамках праекта выхавальнік распрацавала некалькі варыянтаў развіццёвых гульняў з тканінай, накіраваных на развіццё ўвагі, памяці і дробнай маторыкі малодшых дашкольнікаў.
Выхаванцы з другой малодшай групы № 2 (узрост 3—4 гады, выхавальнік Ала Уладзіміраўна Жолудзева, праект “Кветкі на падаконніку”) вырашылі стаць біёлагамі. Дзеці назіралі за жыццём кветак на падаконніку. У працэсе работы над праектам дзеці даведаліся, што расліне для росту неабходны святло, цяпло, паветра, вада, зямля; што кожная расліна складаецца са сцябла, кораня, ліста і кветкі; што расліны адрозніваюцца адна ад адной; што жыццё кветкі залежыць ад догляду чалавека. Для работы над праектам выхавальнік аформіла альбом “З жыцця хатніх раслін”.
Выхаванцы сярэдняй групы прадставілі два праекты (узрост 4—5 гадоў, выхавальнік Галіна Канстанцінаўна Кудраўцава, праект “Волатаўская каша”, і выхавальнік Таццяна Пятроўна Зацінацкая, праект “Пясочная краіна”). Юныя даследчыкі вывучалі ўласцівасці геркулесавай кашы. Разам з бацькамі яны сабралі багаты матэрыял (гісторыя з’яўлення аўсянкі ў жыцці чалавека, пра карысць аўсянай кашы для захавання і ўмацавання здароўя, яе дабратворны ўплыў на арганізм дзіцяці). Падчас работы над другім праектам дзеці займаліся сапраўдным дзіцячым заняткам — гулялі з пяском. Гэтай гульнёй забаўляліся ўсе пакаленні роду чалавечага, таму што няма на свеце нічога больш простага і даступнага, больш зручнага і разнастайнага, больш жывога і аб’ёмнага за пясочную гульню. Рэалізуючы мэты праекта, дашкольнікі замацавалі і пашырылі веды аб уласцівасцях пяску, эксперыментальным шляхам даведаліся аб атрыманні каляровага пяску і яго выкарыстанні.
Выхаванцы сярэдняй спецыяльнай групы (узрост 4—5 гадоў, выхавальнік Валянціна Аляксееўна Стасевіч, праект “Вясёлы агарод”) вывучалі свет агародніны. Праект накіраваны на пашырэнне і абагульненне ведаў выхаванцаў пра агародныя расліны нашага краю. Пры падтрымцы і дапамозе бацькоў сабралі калекцыю насення, распрацавалі алгарытм догляду за раслінамі, вырабілі муляжы свежай і кансерваванай агародніны.
Свет, які нас акружае, немагчымы без сонца і яго цяпла. У нашых даследчыкаў з другой малодшай групы № 1 (узрост 3—4 гады, выхавальнік Людміла Іванаўна Таранава, праект “Сонейка”) гэты факт не застаўся без увагі. На конкурс быў прадстаўлены матэрыял у выглядзе малюнкаў, аплікацыі, вершаў і насценгазеты “Усе на белым свеце — сонейкавы дзеці”.
Пераможцам конкурсу “Я — даследчык” стаў выхаванец старшай групы Аляксандр Чарнаруцкі (5 гадоў, выхавальнік Валянціна Кімаўна Ніканава) з работай “Мае сакавітыя фарбы”. Праблемным для яго было пытанне, ці можна ў хатніх умовах атрымаць фарбы для малявання з раслін, ягад і садавіны. Усё атрымалася. Саша застаўся задаволены сваімі даследаваннямі і зразумеў, што ў прыродзе шмат таямніц, якія яна адкрывае толькі самым цікаўным. За сваю даследчую дзейнасць Аляксандр быў узнагароджаны дыпломам І ступені ва ўстанове дашкольнай адукацыі, дыпломам І ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму Чавускага райвыканкама і дыпломам удзельніка абласнога фестывалю даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”.
Таццяна КАНСТАНЦІНАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Чавусаў.