Самыя запатрабаваныя

Тое, што педагагічныя спецыяльнасці — адны з самых запатрабаваных у грамадстве, не сакрэт. Пастаянны попыт на педагогаў захоўваецца, нягледзячы ні на якія сацыяльныя і эканамічныя абставіны. Таму і з першым месцам работы ў маладых спецыялістаў, якія закончылі педагагічныя УВА, праблем не ўзнікае. У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся, пабываўшы на размеркаванні выпускнікоў фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Кожны выбірае па сабе

…Дзве дзяўчыны стаяць ля самых дзвярэй аўдыторыі, дзе хутка пачнецца размеркаванне. Стаяць так блізка, бо ў іх адны з самых высокіх балаў на аддзяленні, і заходзіць у гэтыя дзверы яны будуць першымі згодна з рэйтынгам.

Аляксандра Лукомская-Церашкевіч заканчвае ўніверсітэт па спецыяльнасці “Матэматыка і інфарматыка”. Дзяўчына чакае размеркавання разам з усімі, але для яе гэта простая фармальнасць, хоць і ўрачыстая. Па-першае, Аляксандра паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка, маючы мэтавае накіраванне ад Сеніцкай школы Мінскага раёна, па-другое, менавіта ў гэтай навучальнай установе ўжо другі год працуе настаўнікам яе муж Яўген, па-трэцяе, дзяўчына сама — выпускніца гэтай школы. Вось гэтая сітуацыя і называецца “Зоркі сышліся”.

А калі сур’ёзна, то выпадак Аляксандры, мне здаецца, — прыклад найлепшага вырашэння лёсу маладога спецыяліста, які вучыўся на бюджэтнай аснове. Яна выдатна ведае школу, у якой будзе працаваць, знаёма з яе калектывам, ну і муж падтрымае, калі што. Ці наадварот: яна — мужа. Хаця не, гэта яшчэ не ўсе перавагі, якія ёсць у Аляксандры Лукомскай-Церашкевіч перад пачаткам самастойнага працоўнага жыцця. Важна, мне здаецца, і тое, што дзяўчына з сям’і педагогаў: і бабуля, і матуля ў свой час таксама працавалі на гэтай высакароднай ніве. Зрэшты, і мае словы пра будучы пачатак працоўнай дзейнасці не зусім дакладныя, бо малады педагог ужо працуе ў сваёй школе, займаецца з дзецьмі ў другую змену.

Аднакурсніца Сашы, Кацярына Дабрынская, паступала ва ўніверсітэт, не маючы мэтавага накіравання. Але размеркавалася дзяўчына ўсё ж у свой, Лагойскі раён, хоць і не ў родную, Плешчаніцкую школу, бо там настаўнік матэматыкі і інфарматыкі ёсць. Кацярына займае чацвёртае рэйтынгавае месца па сваёй спецыяльнасці. Кажа, што ёй не так важна, у якую менавіта школу яна паедзе па размеркаванні, галоўнае, што гэта будзе на Лагойшчыне. Між іншым і ў яе сям’і прасочваюцца пэўныя педагагічныя карані і схільнасць да дакладных навук — стрыечная сястра Кацярыны педагог, фізік.

Пагутарыўшы з дзяўчатамі, падыходзім да хлопца з букетам у руках. Аказваецца, трапілі ў самы яблычак. Алег Каляда, які некалькі гадоў назад прыехаў вучыцца ў Мінск з вёскі Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна, — лепшы студэнт па спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка”. Пакуль хлопец застаецца ў магістратуры ўніверсітэта, прычым на завочным аддзяленні. Паралельна плануе працаваць, хутчэй за ўсё на сваім жа, фізіка-матэматычным факультэце.

Паколькі папярэдняе размеркаванне ў сёлетніх выпускнікоў было ўжо даўно, усё праходзіць у даволі хуткім тэмпе. Так, дзяўчына з гучным прозвішчам Школьнікава, накіравалася працаваць у стаўбцоўскую гімназію № 1. Была, праўда, і студэнтка, якая прынесла новы запыт на размеркаванне ў Мінску, былі і іншыя маладыя людзі, чые планы змяніліся. Пытанні вырашыліся тут жа, у рабочым парадку. У цэлым жа пераразмеркавацца выпускнікі маюць права на працягу двух гадоў пасля заканчэння БДПУ. А магчымасць працаўладкавання ў Мінску і абласных цэнтрах з бягучага года не прывязана да рэгістрацыі ў гэтых населеных пунктах, яна залежыць ад наймальніка.

Для выпускнікоў, якія па ўважлівых прычынах адсутнічалі на пасяджэннях камісіі па размеркаванні, вылучаны рэзервны дзень. Сёлета гэта 26 красавіка.

Прэстыж ідзе ў рост

На размеркаванні прысутнічалі і заказчыкі кадраў з Мінска, Пяршайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (Валожынскі раён), валожынскай гімназіі № 1, Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Перш за ўсё тых, хто прыехаў на размеркаванне, цікавілі настаўнікі фізікі.

— Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт — адна з нашых базавых устаноў, якая рыхтуе кадры для вобласці, — заўважае Святлана Валер’еўна Глябовіч, загадчык сектара арганізацыйна-кадравай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Заключаны дагавор, распрацаваны план сумесных дзеянняў. Ён прадугледжвае вялікую прафарыентацыйную работу для таго, каб выпускнікі школ Мінскай вобласці паступалі ў нашу выдатную УВА. Зімой, напрыклад, праводзяцца “Зорныя паходы”, калі студэнты БДПУ прыходзяць да абітурыентаў. Канечне, важна, калі хлопцы і дзяўчаты паступаюць па мэтавых накіраваннях, бо гэта гарантаванае вяртанне маладых спецыялістаў. Безумоўна, мы чакаем і іншых выпускнікоў БДПУ. Сітуацыя з педкадрамі на Міншчыне не крытычная, але важна, каб былі разумныя суадносіны маладых і вопытных педагогаў. Неабходна, каб прыходзілі людзі з новым бачаннем, з валоданнем найноўшымі тэхналогіямі.

— Тут мы працуем ужо другі тыдзень, і хачу сказаць, што камісія па размеркаванні дзейнічае вельмі зладжана, — дадае мая суразмоўніца. — Бачна, што праведзена вялікая папярэдняя работа і са студэнтамі, і са школамі, і з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў.
Сёлета на фізіка-матэматычным факультэце размяркоўваюцца 111 маладых спецыялістаў, 11 з якіх маюць мэтавыя накіраванні, у асноўным з устаноў адукацыі Міншчыны. Набор на 1 курс сёлета, дарэчы, запланаваны крыху большы, бо спецыяльнасць запатрабаваная.

— Сёння размяркоўваюцца нашы студэнты па чатырох спецыяльнасцях: “Матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка і інфарматыка”, “Фізіка і матэматыка”, “Фізіка і тэхнічная творчасць”, — гаворыць дэкан факультэта Сяргей Іванавіч Васілец. — Прыкладна палова выпускнікоў, якія падлягаюць размеркаванню, прывезлі персанальныя запыты ад устаноў адукацыі, ад аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, многія размяркоўваюцца ў тыя школы, дзе праходзілі практыку, паспелі зарэкамендаваць сябе. Зацікаўленасць заказчыкаў кадраў даволі вялікая, і, шчыра кажучы, яна пакуль перавышае нашы магчымасці. Як правіла, заказчыкі кадраў самі выходзяць на нас: апошнія два тыдні мой тэлефон амаль не змаўкае, тэлефануюць менавіта заказчыкі. Так што ні ў аднаго з нашых выпускнікоў няма ніякіх праблем з пошукамі першага месца работы.

Сітуацыю па размеркаванні выпускнікоў вядучай педагагічнай УВА краіны ў цэлым пракаменціравала першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка Святлана Іванаўна Копцева:

— Кампанія па размеркаванні праходзіць без нейкіх складаных пытанняў, бо і арганізацыйныя сходы, і кансультацыі, і субяседаванні з юрыстамі для выпускнікоў мы пачалі праводзіць яшчэ ў лістападзе. Канечне, студэнты ўжо добра ведаюць, якія дакументы ім неабходны, як арганізаваны працэс. Зараз, як мне здаецца, вельмі ўдалы час для нашых выпускнікоў. Бо, па-першае, вельмі сур’ёзна пачаў павышацца прэстыж педагагічнай прафесіі. Добра і тое, што многія трэця- і чацвёртакурснікі сумяшчаюць вучобу з работай па спецыяльнасці, атрымліваюць практыка-арыентаваную падрыхтоўку. А дырэктары ўстаноў, бачачы, якія маладыя спецыялісты могуць да іх прыйсці, просяць размеркаваць іх у свае школы або гімназіі, дзіцячыя сады. Так, па-мойму, і павінна быць. Акрамя таго, мы стараемся максімальна ўлічыць усе пажаданні і асаблівасці выпускнікоў, напрыклад, дзяцей-сірот. Гэта вялікая індывідуальная работа ўсіх структур універсітэта.

Ужо другі год запар, па словах Святланы Іванаўны, універсітэт адчувае, што сітуацыя з размеркаваннем паляпшаецца, у тым сэнсе, што выпускнікі не шукаюць нейкіх абходных шляхоў, а з жаданнем ідуць працаваць па спецыяльнасці. Пры гэтым задаволіць усе запыты на маладых спецыялістаў пакуль не атрымліваецца. Не хапае выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў пачатковых класаў, фізікаў і матэматыкаў ды і іншых спецыялістаў.

Сёлета ў цэлым па ўніверсітэце размеркаванне атрымліваюць 702 выпускнікі, якія вучыліся за бюджэтныя сродкі. Заяўку ўніверсітэт атрымаў 871 (на пачатак красавіка). Але паступова разрыў паміж попытам і прапановай скарачаецца, і вельмі прыкметна, сітуацыя з педагагічнымі кадрамі ўжо не настолькі вострая, як была нядаўна.

— У нас ёсць і рэзерв, — адзначае С.І.Копцева, — гэта студэнты, якія вучацца на пазабюджэтнай аснове. У апошнія гады склалася тэндэнцыя, калі яны, маючы права на самастойнае працаўладкаванне, просяць размеркаваць іх як маладых спецыялістаў. А многія з іх, таксама, як і бюджэтнікі, ужо працуюць у школах, хаця і не пайшлі на размеркаванне.

Марына ХІДДЖАЗ.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.