Санаторый для кажаноў

У жывым кутку Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства па суботах асабліва людна. З усяго горада з’язджаюцца сюды дзеці і дарослыя, каб пазнаёміцца з яго пастаяльцамі. І вабяць іх не столькі папугаі і хамякі, барадатая агама ці полаз, колькі кажаны, для якіх тут разгарнуўся цэнтр рэабілітацыі “Кажанаполіс”. Стварылі яго супрацоўнікі Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах, а экацэнтр даў звяркам пад сваім дахам прытулак.

Спальня ў халадзільніку

Сам рэабілітацыйны цэнтр уяўляе сабой халадзільнік, у якім падтрымліваецца пастаянная тэмпература +5 градусаў — аптымальная для зімоўкі большасці відаў кажаноў Беларусі. Адпраўляюцца туды тыя звяркі, якіх нешта патрывожыла, і яны пакінулі свае месцы зімоўкі і трапілі да чалавека — на балконы, у кватэры, пад’езды. Заўважыўшы такіх гасцей, людзі адвозяць іх у “Кажанаполіс”.

Галоўным рэабілітолагам для рукакрылых стаў Аляксей Шпак — хіраптэролаг (спецыяліст па кажанах) з больш як 20-гадовым стажам, навуковы супрацоўнік лабараторыі малекулярнай за­алогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Па суботах ён наведвае сваіх падапечных у “Кажанаполісе”. Каб пагутарыць з ім і паназіраць за загадкавымі звяркамі, сюды з усяго Мінска прыяз­джаюць юннаты і іх бацькі. Аляксей пераносіць сонных звяркоў з холаду на стол, а дзеці тым часам рассаджваюцца вакол яго і настройваюць фота- і відэакамеры сваіх тэлефонаў у чаканні рэдкай сустрэчы. І пакуль Аляксей па чарзе дастае звяркоў з пранумараваных каляровых мяшочкаў, у якіх яны размяшчаюцца ў халадзільніку, узважвае іх, дзяцей перапаўняюць эмоцыі. Асабліва, калі адны кажаны паварочваюцца на вагах на іншы бок, другія — пацягваюцца, распраўляючы крылы, трэція, незадаволеныя разбітым сном, пачынаюць пішчаць і не хочуць вылазіць з мяшочка.
У калматыя мордачкі асабліва ўважліва ўглядваюцца 10-гадовы Цімафей Паўлаў і яго бацькі, спрабуючы пазнаць сярод іх “свайго” кажана.

“Я на днях ішоў са школы і ўбачыў, што на снезе ляжыць кажан. Прыбег дадому, расказаў бацькам, тата патэлефанаваў у АПБ і спытаў, што рабіць. Нам сказалі, што, калі мы яго там пакінем, ён загіне, і папрасілі прывезці яго. Мы пасадзілі кажана ў каробачку і прывезлі. Ледзь дачакаўся суботы — хацелася паглядзець, як яму тут жывецца”, — тлумачыць свой візіт хлопчык.

Уважліва аглядваючы кожнага звярка, Аляксей расказвае: “Знойдзеных кажаноў мы абследуем, каб пераканацца, што яны здаровыя, што ў іх няма ніякіх пераломаў, узважваем іх, каб упэўніцца, што ім хопіць тлу­шчавых запасаў (для кожнага віду нормы розныя), каб легчы спа ць. Пасля гэтага размяшчаем іх у асобныя мяшочкі, прысвойваем ім парадкавыя нумары і вешаем у халадзільнік. Да вясны іх рэгулярна дастаём і зноў абследуем, каб пераканацца, што зімоўка для іх ідзе нармальна, уносім у нататнік вагу кожнага. Калі вага звярка даходзіць да ніжняй мяжы нормы, мы на працягу тыдня-двух дакормліваем яго і зноў адпраўляем спаць. Вясной усіх звяркоў выпускаем на волю”.

За ўсю мінулую зіму тут гасцявала каля 45 звяркоў. Цяпер жа, напрыканцы студзеня, іх ужо каля 60. Але, магчыма, справа нават не ў тэмпературы за акном (летась жа зімы ў кліматычным плане практычна не было), а ў большай дасведчанасці гараджан пра такую магчымасць выратаваць звяркоў. Усяго за час нашай гутаркі ў “Кажанаполісе” сюды прынеслі трох навічкоў.

“Нашы шматпавярховыя дамы нагадваюць кажанам горы, пячоры, скалы, скальныя трэшчыны, і таму яны так часта трапляюць да чалавека, — тлумачыць Аляксей Шпак. — У большасці выпадкаў кажаны — нашы сусе­дзі, хаця мы пра гэта можам і не ведаць.Часцей за ўсё яны зіму­юць у падвалах, склепах, у шчылінах паміж бетоннымі перакрыццямі ў шматпавярховых дамах. А калі раптам пра гэтых суседзяў даведваюцца людзі, то і пачынаюцца праблемы.Бяда ў тым, што ў еўрапейскай культуры з кажанамі звязана шмат негатыўных стэрэатыпаў, павер’яў, таму людзі іх баяцца і нават знішчаюць. Існуе і перакананне, што ад кажаноў можна заразіцца шаленствам. Насамрэч, такіх выпадкаў у свеце зафіксавана нікчэмна мала, яны на шаленства хварэюць значна радзей, чым тыя ж лісы і нават вожыкі, прычым менавіта ў кажаноў адсутнічае агрэсіўная фаза. З-за такіх стэрэатыпаў некалькі гадоў назад у Брэсц­кай крэпасці людзі спалілі зімуючых чырванакніжных еўрапейскіх шыракавушак — некалькі тысяч асобін. Таму для захавання кажаноў у першую чаргу важна праводзіць папулярызацыйную работу. З гэтай мэтай у Еўропе з канца 90-х гадоў праводзяцца штогадовыя “Ночы кажаноў”. З 2012 года “Ноч кажаноў” — у форме фестывалю для дзяцей — сталі праводзіць і мы. Распаўсюджваем і тэматычныя буклеты, календары, шмат праводзім лекцый для школьнікаў. Клічам усіх жадаючых і сюды, у “Кажанаполіс”, дзе можна пераканацца, што павер’і не маюць пад сабой ніякай падставы, што гэта мілыя, сімпатычныя, вельмі карысныя і зусім безабаронныя звяркі. І выжыванне іх у многім залежыць ад чалавека”.

І вынікі, трэба сказаць, ужо ёсць. Кожны, хто ўпадабаў сустрэчы з Аляксеем, добра ведае, што ў Беларусі 19 відаў кажаноў. З іх 8 занесены ў Чырвоную кнігу Бе­ларусі, а ў Еўропе літаральна ўсе кажаны ўнесены ў Чырвоныя спісы і Чырвоныя кнігі і знаходзяцца пад аховай шэрага міжнародных канвенцый — Бонскай, Бернскай і інш. Беларусь гэтыя канвенцыі таксама падпісала, таму мы абавязаны ахоўваць рукакрылых на нашай тэрыторыі. Па-першае, таму што коль­касць рукакрылых Еўропы імкліва зніжаецца з-за шэрага прычын, па-другое, кажаны — гэта вельмі важны кампанент прыродных экасістэм і нашы памочнікі. Яны насякомаедныя і вельмі пражэрлівыя — адзін кажан можа за ноч з’есці колькасць насякомых, роўную палове яго ўласнай вагі. На­прыклад, рыжая вячэрніца, якая важыць 30 грамаў, за ноч з’ядае каля 15 грамаў мух, камароў і іншых насякомых — гэта каля 3 тысяч! З задавальненнем яны ласуюцца і шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Такім чынам, кажаны моцна стрымлі­ваюць колькасць насякомых, ратуючы нашы сады, лясы і паркі.

Аляксей Шпак: “Летам работа па захаванні кажаноў працягваецца падчас экспедыцый па вывучэнні фаўны асобных рэгіёнаў і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Вывучаем мы і патэнцыяльныя сховішчы кажаноў, абследуючы старыя будынкі. Так, у межах аднаго з праектаў аб’ехалі ўсю Беларусь — закінутыя храмы, сядзібы і іншыя патэнцыяльныя іх сховішчы і знайшлі мноства месцаў, дзе вялікімі групамі жывуць чырвана­кніжнікі — да некалькіх тысяч асобін. Усе гэтыя месцы мы цяпер перадаём пад ахову Мінпрыроды”.

Вячэра для вячэрніцы

Афіцыйна “Кажанаполіс” быў створаны ў 2018 годзе. Але да гэтага цэнтр выратавання і рэабі­літацыі быў у Аляксея дома. Навуковец з’яўляецца яшчэ і старшынёй рабочай групы па кажанах у арганізацыі “Ахова птушак Баць­каўшчыны”. Калі ў гэтую арганізацыю тэлефанавалі лю­дзі, да якіх зімой прыляцелі ў госці кажаны, ён не мог заставацца ўбаку: калі выгнаць іх на мароз — яны загінуць ад холаду і голаду. Таму ён забіраў іх сабе і размя­шчаў да вясны на сваёй лоджыі.
Паступова вакол яго збіралася кола нераўнадушных людзей, валанцёраў, якія таксама стараліся быць карыснымі кажанам.

“У асноўным мае памочнікі — навучэнцы старшых класаў і студэнты. Малых дзяцей мы не дапускаем да догляду кажаноў, — гаворыць Аляксей, але, зірнуўшы на сваю 11-гадовую дачку, з усмешкай дадаў, — за рэдкім выключэннем. Яна з маленства жыве сярод кажаноў і ніколі не ўпускае магчымасці пакарміць іх. Іх у нас дома і сёння шмат — у экацэнтр прыносяць звяркоў лю­дзі па суботах, а ў будныя дні — нам дадому”.

Зазірнуў, каб паказаць Аляксею некалькіх звяркоў, якіх узяў на падкормліванне, і 17-гадовы Андрэй Андрыенка, даўні яго памочнік. Хлопец ездзіць на выклікі, забірае кажаноў і прывозіць іх у “Кажанаполіс”, а калі выкормлі­ваць трэба шмат кажаноў, то частку бярэ сабе дадому. Акрамя таго, Андрэй робіць фіксацыю кажаноў з дапамогай дэтэктара (яго даныя дапамага­юць Аляксею ў даследаваннях). Так, падчас вучобы ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, калі Андрэй пад кіраўніцтвам Аляксея Шпака выконваў сваю навуковую работу “Фаўна рукакрылых паркаў Мінска”, адкрыў новы для горада від — еўрапейскую шыракавушку.

“Кажанаполіс” — навуцы

“Кажаноў у Еўропе вельмі актыўна даследуюць вучоныя. У Беларусі ж шмат дзесяцігоддзяў на працягу савецкага перыяду вывучэннем рукакрылых займаўся ўсяго адзін чалавек. І толькі ў канцы 80—90-х гадоў сталі з’яўляцца тыя вучоныя, якія працягнулі яго справу. Таму ў беларускай хіраптэралогіі шмат “белых плям”. Мы на сёння нават не да канца вызначылі ўсе віды кажаноў, якія ў нас жывуць, якія з іх мігрыруюць, а калі застаюцца ў нас зімаваць, то дзе? І гэтыя белыя плямы запаўняюцца ў тым ліку і з дапамогай маніторынгу ў “Кажанаполісе”. Напрыклад, двухколерны кажан раней быў пералётным, што было пацверджана данымі кальцавання, а цяпер больш за 90 працэнтаў кажаноў, выяўленых у нашых гарадах зімой і дастаўленых у “Кажанаполіс”, — двухколерныя. Рэзка змяніліся іх зімовыя паво­дзіны. Рыжыя вячэрніцы адносна нядаўна сталі зімаваць у Беларусі і з кожным годам іх тут застаецца ўсё больш. Некаторыя віды рукакрылых адлятаюць увосень у вырай, а да нас на зіму прылятаюць іншыя паўночныя віды. Некалькі гадоў назад у Беларусі быў заўважаны сярэднеземнаморскі нетапыр. Некалі ён жыў выключна ў Закаўказзі, у паўднёвай Італіі. У сярэдзіне 80-х гадоў ён быў зарэгістраваны ўжо і на паўночным беразе Азоўскага мора. У канцы 90-х — у Чарнобыльскай зоне з украінскага боку, а ў 2015 годзе быў зарэгістраваны нават у Мінску. Як бачым, гэты від імкліва прасоўваецца на поўнач. І пра гэта мы даведаліся дзякуючы “Кажанаполісу”, — дзеліцца вынікамі працы Аляксей Шпак.

Хочацца спадзявацца, што шмат яшчэ цікавых адкрыццяў будзе зроблена ў “Кажанаполісе”. Але галоўнае ўжо зроблена — страх перад невядомымі звяркамі дзеці ў сабе перамаглі і гатовы спрыяць іх камфортнаму суседству побач з намі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.