Сапраўднае прызначэнне вучоных — служыць людзям

- 11:41Навука і інавацыі

Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — маладая (створана ў 1990 годзе), але аўтарытэтная ўстанова адукацыі. Тут рыхтуюць спецыялістаў па лячэбнай і медыка-прафілактычнай справе. Пры ГДМУ дзейнічаюць інтэрнатура, клінічная ардынатура, магістратура, аспірантура і дактарантура. Сярод асноўных партнёраў медыцынскага ўніверсітэта — установы Японіі, Расіі, Шатландыі і іншых краін. У ГДМУ клапоцяцца пра развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, распрацоўку актуальных праграм навучання, павышэнне прафесійнага ўзроўню супрацоўнікаў. Вялікую ўвагу ўніверсітэт удзяляе навукова-даследчай дзейнасці выкладчыкаў і студэнтаў.

Якія напрамкі медыцыны найбольш актуальныя для Беларусі, якія магчымасці ў студэнтаў паспрабаваць свае сілы ў навуцы падчас навучання ва ўніверсітэце і якія адкрыцці вучоных ГДМУ ўжо выкарыстоўваюцца на практыцы — пра гэта і многае іншае мы пагаварылі з прарэктарам па навуковай рабоце Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам Яўгенам ВАРАПАЕВЫМ.

Пра персаналізаваную медыцыну і ДНК-тэхналогіі

— Дзяржаўнае прызнанне кампетэнтнасці ГДМУ ў выкананні навукова- даследчых работ — гэта акрэдытацыя ўніверсітэта ў якасці навуковай установы. Якія даследаванні вядуцца ва ўніверсітэцкіх лабараторыях?

— Сёння найбольш сучасным і перспектыўным лічыцца такі высокатэхналагічны напрамак, як персаналізаваная медыцына, якая дазваляе павысіць эфектыўнасць і бяспечнасць прафілактыкі і тэрапіі. Таму ва ўніверсітэце распрацоўваюцца новыя сродкі дыягностыкі, маніторынгу і кантролю сацыяльна значных захворванняў, распрацоўваюцца біяінжынерныя тэхналогіі для павышэння рэпарацыі органаў і тканак, асвойваюцца тэхналогіі вытворчасці медыцынскіх матэрыялаў і прылад з зададзенымі ўласцівасцямі.

Мы надаём вялікае значэнне ахове здароўя маці і дзіцяці, захаванню рэпрадуктыўнага здароўя. Асобнае месца займаюць даследаванні трансплантацыйных і клетачных тэхналогій.

Усе навуковыя работы, што выконваюцца ў ГДМУ, асабіста кантралюе рэктар — доктар медыцынскіх навук прафесар Анатоль Лызікаў. Анатоль Мікалаевіч заўсёды падтрымлівае даследчую дзейнасць супрацоўнікаў, імкнецца далучыць да навукі і таленавітую моладзь.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра даследаванні ў галіне малекулярна-генетычных тэхналогій.

— Так, мы займаемся навуковымі даследаваннямі ў галіне малекулярна-генетычных тэхналогій, у тым ліку ДНК-тэхналогій, а таксама клетачнымі біятэхналогіямі — тэхналогіямі выкарыстання стваловых клетак, ствараем сродкі прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння захворванняў чалавека. Напрыклад, спецыялісты навукова-даследчай лабараторыі ўніверсітэта распрацавалі дыферэнцыраваны тэрапеўтычны алгарытм лячэння пацыентаў з рознымі генатыпамі віруса гепатыту С і полімарфізмам гена інтэрлейкіна 28В чалавека. Яго ўкараненне дазваляе значна эканоміць сродкі за кошт ранняй дыягностыкі і супрацьвіруснага лячэння, а таксама садзейнічае прафілактыцы цырозу печані ў працоўным узросце. Праведзены даследаванні і распрацаваны новыя прэпараты для лячэння бактэрыяльных інфекцый.

Арыентацыя на практыку

— Вы сказалі пра ўкараненне навуковых распрацовак у практыку медыцынскіх устаноў. Якімі з іх найбольш ганарыцеся?

— Апошнім часам вучоныя нашага ўніверсітэта распрацавалі і ўкаранілі ў выглядзе інструкцый па выкарыстанні метады вызначэння адчувальнасці да камбінацый антыбіётыкаў экстрэмальна-антыбіётыкарэзістэнтных мікраарганізмаў. У спецыялізаваную калекцыю патагенных для чалавека вірусаў і бактэрый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі дэпаніраваны 16 ізалятаў A.baumannii з экстрэмальнай устойлівасцю да антыбіётыкаў. Атрыманы пасведчанні аб прысваенні нумароў дэпанента для 32 штамаў патагенных і ўмоўна-патагенных відаў мікраарганізмаў, для якіх складзены ўнікальныя мікрабіялагічныя і малекулярна-генетычныя пашпарты.

Для абароны імплантаў медыцынскага прызначэння ад мікробнай каланізацыі распрацаваны спосаб мадыфікацыі іх паверхняў шляхам нанясення спецыяльнага антыбактэрыяльнага слоя таўшчынёй 150—400 нм. Па сутнасці, гэта палімерная матрыца, у тоўшчы якой размеркаваны антыбіётыкі і наначасціцы серабра. Нашы даследчыкі выявілі яскравы пралангаваны бактэрыцыдны эфект пакрыццяў, паказалі магчымасць цалкам прадухіліць фарміраванне мікробных біяплёнак.

Яшчэ ў 1994 годзе ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце было створана студэнцкае навуковае таварыства (СНТ). Сёння студэнцкія навуковыя гурткі працуюць на ўсіх кафедрах.

Летась у навукова-даследчых работах прынялі ўдзел 828 студэнтаў пад кіраўніцтвам 166 выкладчыкаў. На Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў было прадстаўлена 73 працы, з якіх 61 адзначана дыпломамі рознай ступені, адна ўдастоена звання лаўрэата.

Савет студэнцкага навуковага таварыства цесна супрацоўнічае з кіраўніцтвам універсітэта, навуковым і выхаваўчым аддзеламі. Акрамя таго, Савет СНТ актыўна кантактуе з аналагічнымі аб’яднаннямі ўніверсітэтаў Беларусі і замежжа: Нацыянальным медыцынскім універсітэтам імя А.А.Багамольца ў Кіеве, Днепрапятроўскай медыцынскай акадэміяй, Харкаўскім, Казанскім і Курскім медыцынскімі ўніверсітэтамі, Маскоўскай медыцынскай акадэміяй імя І.М.Сечанава.

— Чым імплантаты з антыбактэрыяльным пакрыццём адрозніваюцца ад тых, што не маюць пакрыцця?

— Імплантаты з кампазіцыйным антыбактэрыяльным пакрыццём валодаюць большай біясумяшчальнасцю і лепшай біяінтэграцыяй у злучальную тканку. Па выніках эксперыментаў распрацаваны ТУ BY 100070211.044 “Вінты, пласціна і фіксатар інтрамедулярны з антыбактэрыяльным пакрыццём”. Праведзены тэхнічныя і санітарна-гігіенічныя выпрабаванні імплантатаў, клінічныя выпрабаванні, атрымана рэгістрацыйнае пасведчанне. Сумесна з прадпрыемствам “Медбіятэх” асвоены серыйны выпуск вырабаў медыцынскага прызначэння. Пры выкананні аперацыйных умяшанняў яны імплантаваны пацыентам РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (Мінск), РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Інтэрнацыянальны характар

— Яўген Віктаравіч, якую ролю ў развіцці ўніверсітэцкай навукі адыгрывае міжнароднае супрацоўніцтва?

— Вельмі важную, таму што навука, тым больш медыцынская, носіць інтэрнацыянальны характар. У Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце дзейнічаюць 43 міжнародныя пагадненні аб супрацоўніцтве з установамі 16 краін. Наладжаны партнёрскія адносіны з універсітэтамі Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Кітая, Іспаніі, Грэцыі, Італіі, Украіны, Расіі і іншых краін. Падчас рэалізацыі гэтых пагадненняў праходзяць стажыроўкі студэнтаў ва ўніверсітэце Абердзіна (Вялікабрытанія).

Мы ўзаемадзейнічаем з вядучымі сусветнымі навуковымі ўстановамі. У складзе Міжрэгіянальнай асацыяцыі па клінічнай мікрабіялогіі і антымікробнай хіміятэрапіі ажыццяўляем сумесную работу па падрыхтоўцы і правядзенні навукова-практычных семінараў па актуальных праблемах клінічнай мікрабіялогіі для спецыялістаў з краін СНД.

У рамках трохбаковага міжнароднага дагавора аб навуковым супрацоўніцтве ў галіне даследаванняў адчувальнасці мікраарганізмаў да антымікробных прэпаратаў паміж нашым універсітэтам, Карагандзінскім дзяржаўным медыцынскім інстытутам хіміятэрапіі і Смаленскай дзяржаўнай медыцынскай акадэміяй праводзім даследаванні антыбіётыкарэзістэнтнасці мікраарганізмаў. Працягваем даследаванне па распаўсюджванні полірэзістэнтных штамаў P.aeruginosa на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Казахстана.

— Якія новыя міжнародныя кантакты ўсталявалі ў мінулы Год навукі?

— Летась ГДМУ заключыў дагаворы аб супрацоўніцтве з італьянскім інстытутам тэхналогій у Генуі, асацыяцыяй YRA (Італія), Ташкенцкім інстытутам удасканалення ўрачоў (Узбекістан), універсітэтам Мігеля Эрнандэса дэ Эльчэ (Іспанія), Цярнопальскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам імя І.Я.Гарбачэўскага (Украіна), Паўночна-Заходнім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам імя І.І.Мечнікава (Санкт-Пецярбург, Расія).

Студэнцкая навука: чым цікавіцца моладзь

— Як ва ўніверсітэце падтрымліваюць таленавітых студэнтаў, здольных да навукі?

— Яшчэ ў 1994 годзе ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце было створана студэнцкае навуковае таварыства. Студэнцкія навуковыя гурткі працуюць на ўсіх кафедрах. Навукова-даследчая работа студэнтаў вядзецца на трох факультэтах: лячэбным, медыка-дыягнастычным і факультэце па падрыхтоўцы спецыялістаў для замежных краін. У 2017 годзе ў навукова-даследчых работах прынялі ўд зел 828 студэнтаў пад кіраўніцтвам 166 выкладчыкаў. Нашымі студэнтамі было зроблена 467 дакладаў, на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў прадстаўлена 73 працы, з якіх 61 адзначана дыпломамі рознай ступені, адна ўдастоена звання лаўрэата.

Савет студэнцкага навуковага таварыства цесна супрацоўнічае з кіраўніцтвам універсітэта, навуковым і выхаваўчым аддзеламі. Будучыя медыкі маюць магчымасць удзельнічаць ва ўсіх студэнцкіх канферэнцыях, што праводзяцца ў краіне.

Ва ўніверсітэце шырока распаўсюджана практыка заахвочвання студэнтаў, якія займаюцца навукова-даследчай работай, граматамі, дыпломамі і прэміямі. Пры дапамозе прафсаюзнага камітэта студэнтаў ажыццяўляецца матэрыяльная падтрымка пераможцаў і ўдзельнікаў канферэнцый рознага ўзроўню.

— Якія тэмы ў моладзі выклікаюць найбольшую навуковую зацікаўленасць?

— Студэнты даследуюць фізіялагічны і паталагічны стан чалавека і жывёл, вывучаюць дыягностыку і новыя метады лячэння разнастайных захворванняў. Хлопцы і дзяўчаты ацэньваюць уплыў фактараў знешняга асяроддзя, умоў і ладу жыцця на здароўе насельніцтва, праводзяць аналітыка-статыстычныя даследаванні якасці жыцця студэнтаў, фізічнага развіцця школьнікаў.

Некаторыя маладыя людзі цікавяцца архіўна-аналітычнай работай у лячэбна-прафілактычных установах Гомеля, іншыя праводзяць сацыялагічную работу метадам анкетавання. Студэнты-медыкі вывучаюць гісторыю ідэй і ўяўленняў пра медыцыну, праблемы ўзаемадзеяння ўрача і пацыента, сацыяльна-псіхалагічныя аспекты ўзаемадзеяння людзей у грамадстве.

Трэба адзначыць, што студэнцкія работы не толькі рэфератыўныя, але і навукова-даследчыя, многія з іх прысвечаны актуальным праблемам сучаснай генетыкі і медыцынскай біялогіі.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Евы ДУДАРГА.