Сапраўднага выхавання без патрыятызму не бывае

На працягу двух дзён удзельнікі чарговага пасяджэння Рэспубліканскага савета дырэктараў мнагапрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вывучалі вопыт патрыятычнага выхавання навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі Брэстчыны.

Знаёмства з цікавымі напрацоўкамі пачалося з Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Удзельнікам мерапрыемства была прэзентавана гісторыя сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці за апошнія 80 гадоў.

— На Брэстчыне дзейнічае 41 уста­нова дадатковай адукацыі, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. — У сістэме дадатковай адукацыі заняты каля 50 тысяч дзяцей і амаль 1,5 тысячы педагогаў, якія задзейнічаны ў рабоце каля 4,2 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку ў 52 народных і ўзорных аматарскіх калектывах.

Па словах Ю.М.Прасмыцкага, патрыятычнае выхаванне адыгрывае важную ролю ў станаўленні сацыяльна актыўнай і адказнай асобы, фарміраванні важных маральных якасцей, паспяховай сацыялізацыі. З гэтай думкай пага­дзілася дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Н.В.Васільчанка, якая адзначыла, што на Брэстчыне назапашаны ўнікальны вопыт грамадзянска-патрыятычнага выхавання праз розныя формы работы і сацыяльна значнай дзейнасці.

— Патрыятызму можна навучыць толькі на ўласным прыкладзе і дастойных узорах для пераймання, — лі­чыць намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі А.М.Мацюшонак. — Патрыятычнае выхаванне праходзіць праз усе напрамкі адукацыйнага працэсу. На Брэстчыне шмат знакавых гістарычных мясцін, выхаваўчы патэнцыял якіх паспяхова выкарыстоўваецца ў рабоце з моладдзю. Узяць лепшае ў калег — адна з галоўных задач пася­джэння рэспубліканскага савета.

Увазе гасцей была прапанавана бліц-панарама “Выхаванне грама­дзяніна і патрыёта: традыцыі, сучас­насць і стратэгія развіцця” з вопыту работы Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Так, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.А.Клунін расказаў пра рэалізацыю шматлікіх праектаў, накіраваных на падтрымку маладзёжных ініцыятыў, развіццё пошукавай і даследчай дзейнасці, творчых здольнасцей дзяцей у розных сферах, наладжванне ўзаема­дзеяння з бацькамі і Беларускай Праваслаўнай Царквой, вырашэнне псіхалагічных праблем у зносінах падлеткаў, паспяховую сацыялізацыю, папулярызацыю краязнаўства, вывучэнне духоўнай культуры і народных традыцый. Загадчык аддзела выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці С.Я.Бабіч засяродзіла ўвагу на рэалізацыі творчага праекта “Памяць пра герояў у сэрцы захаваем”. Загадчык аддзела арганізацыйна-творчай работы І.С.Куцень вяла гаворку пра  правя­дзенне творчых конкурсаў патрыятычнага характару. Метадыст інфармацыйна-метадычнага аддзела А.А.Заверач падзяліўся вопытам укаранення лепшых традыцыйных і інавацыйных практык выхаваўчай работы на прыкладзе вучэбна-трэніровачных збораў “Пераможцы”, арганізаваных на базе Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Педагог дадатковай адукацыі В.У.Султанаў прэзентаваў мнагапрофільны аздараўленчы лагер “Вясёлка” і расказаў пра магчымасці летняй аздараўленчай кампаніі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў.

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзель­нікі мерапрыемства пераехалі ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе ўсклалі кветкі да Вечнага агню, наведалі экспазіцыю “Музей вайны — тэрыторыя міру”, азнаёміліся з работай Паста Памяці № 1 і Мала­дзёжнага патрыятычнага цэнтра. Загадчык цэнтра В.С.Радомскі расказаў пра дзейнасць выхаваўча-аздараўленчай уста­новы адукацыі абаронча-спартыўнага профілю “Патрыёт”. Падчас яе прэзентацыі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, прысвечаныя ваенна-тактычным гульням новага пакалення і падрыхтоўцы да ваеннай службы ў комплекснай сістэме грамадзянска- і ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі.

Затым удзельнікі мерапрыемства наведалі Цэнтр юных маракоў з флатыліяй Брэста, дырэктар якога Я.М.Праліска прадэманстраваў экскурсійна-адукацыйныя магчымасці рэгіёна ў папулярызацыі адукацыйнага турызму на прыкла­дзе выкарыстання цеплахода “Фрост” на рацэ Мухавец.

На другі дзень удзельнікі адправіліся на Камянеччыну, дзе абмеркавалі пытанні, звязаныя з выкарыстаннем выхаваўчага патэнцыялу турыстычна-краязнаўчай і экалагічнай дзейнасці ў фарміраванні грамадзяніна-патрыёта і сацыяльна адказнай асобы, з рэалізацыяй турыстычна-экскурсійных праектаў і міжведамасным узаемадзеяннем (на прыкладзе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і мола­дзі, Відамлянскай сярэдняй школы,
СДЮШАР “Пушча”, Камянецкага дзяржаўнага раённага цэнтра турызму і краязнаўства і Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”).

Завяршылася пасяджэнне рэспубліканскага савета круглым сталом, прысвечаным патэнцыялу ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На круглы стол былі вынесены пытанні, якія тычыліся праекта Палажэння аб дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, правядзення Рэспубліканскага тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, рэалізацыі правоў дзяцей і моладзі на атрыманне дадатковай адукацыі і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.