Сапраўдны мужчына

- 10:14Людзі адукацыі

Да чаго ж няпроста пісаць пра чалавека неардынарнага. Зрэшты, іншых у нашым ліцэйскім калектыве проста няма. Не прыжываюцца. Знаёмцеся, Андрэй Віктаравіч Бязлепкін — настаўнік фізічнай культуры і здароўя і дапрызыўнай падрыхтоўкі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Ён адзін з членаў дружнай і самаадданай каманды аднадумцаў, якія стаялі ля калыскі ліцэя ва ўжо няблізкім 2003 годзе. Менавіта ён стаў ініцыятарам многіх ліцэйскіх традыцый, якія выконваюцца да гэтай пары.

Штогод у самым пачатку навучальнага года мы вывозім ліцэістаў-навічкоў на турыстычную паляну для спартыўных спаборніцтваў і інтэлектуальных конкурсаў, дзе дзеці знаёмяцца адно з адным, з настаўнікамі і спасцігаюць навуку жыць па правілах ліцэя. Менавіта Андрэй Віктаравіч стаў завадатарам і лідарам усіх гульняў і прыгод. Трэба было бачыць, з якім захапленнем глядзелі на яго ліцэісты! Увесь навучальны год ён — прыклад для пераймання ўсім, хто не ўяўляе свайго жыцця без спорту і фізкультуры. Прычым усё, што ён паказвае ў спорце, на адкрытай пляцоўцы, у басейне, у гульні, — робіць дакладна, прафесійна і элегантна. Згуляць у футбол? Сапернікі, будзьце ласкавы атрымаць у свае вароты тузін мячоў ад форварда Бязлепкіна. Згуляць партыю ў настольны тэніс? Без пытанняў. Ён зноў пераможца. Хто за ўсіх дакладней у гульні? Хто хутчэй за ўсіх у басейне? Адказ вядомы. Псіхолагі называюць такіх людзей перфекцыяністамі.

Ёсць яшчэ адна ліцэйская традыцыя ў Андрэя Віктаравіча. На працягу навучальнага года ліцэісты-прызыўнікі авалодваюць навыкамі абаронцаў Айчыны ў рамках спартакіяды “Сіла. Характар. Годнасць”, увенч­вае якую агляд строю і песні, які становіцца яркай па­дзеяй і для ліцэя, і для адной з цэнтральных вуліц Магілёва. Аказалася, што Андрэй Віктаравіч Бязлепкін (ух, сціплы чалавек!) — уладальнік крапавага берэта. А гэта эліта нашых войскаў, дзе слу­жаць бясстрашныя і фізічна бездакорныя хлопцы, якія ў хвіліну небяспекі не пахіснуцца і возьмуць адказнасць на сябе.

“Андрэй Віктаравіч разам са сваім класам ­ездзіў у воінскую часць, дзе праходзіў службу, каб пазнаёміць вучняў з кваліфікацыйнымі выпрабаваннямі на права нашэння крапавага берэта, — успамінае Алег Курневіч, навучэнец 11 “В” класа. — У тым ліку ён запрасіў камандзіраў узводаў з іншых класаў. Мяне гэтая паездка вельмі ўразіла. Нам паказвалі і расказвалі пра ­зброю, мы наведалі салдацкую сталовую, казармы, былі на вайсковым палігоне. Мы ўбачылі байцоў спецназа ў дзеянні. Я заўсёды займаўся фізкультурай, але з той пары я стаў узмоц­нена трэніравацца, удзельнічаю ў спаборніцтвах па ваенным мнагабор­стве, мару звязаць сваё жыццё з арміяй. Таксама кожны ты­дзень мы з Андрэем Віктаравічам займаемся ў ціры, дзе страляем з пнеўматычнай вінтоўкі”.

Па сямейных абставінах Андрэю Віктаравічу прыйшлося на час пакінуць ліцэй і некалькі гадоў пражыць у Кіеве. Але і там займаўся сваёй любімай справай — педагогікай. Ён вярнуўся. За гады адсутнасці амаль не змяніўся, гэта па-ранейшаму энергічны, моц­ны і вельмі сімпатычны малады чалавек, які не ўяўляе сябе па-за спортам, па-за спаборніцтвамі. Ён па-ранейшаму добры на футбольным полі, на дарожцы ў басейне, за тэнісным сталом, у ціры, у рукапашным баі. І я зноў бачу тое ж захапленне ў вачах ліцэістаў, якія глядзяць на свайго настаўніка і класнага кіраўніка. Андрэй Віктаравіч увесь час у пошуку новых форм правядзення заняткаў, ужо правёў некалькі інтэграваных і бінарных урокаў (сумесна з настаўнікам гісторыі, літаратуры, англійскай мовы) на базе кінатэатра, сумесна з НАК вобласці, у абласной бібліятэцы.

“Ніколі раней я не ўдзельнічала ў такіх незвычайных уроках (бінарных, інтэграваных), — гаво­рыць Настасся Захарэнка, навучэнка 11 “Г” класа. — У кожнага з вучняў была свая роля. Было вельмі хвалю­юча выступаць перад ганаровымі гасцямі, сярод якіх — праслаўленыя алімпійцы Магілёўшчыны, але мы справіліся. Наш класны кіраўнік, Андрэй Віктаравіч, які з’яўляўся арганізатарам гэтага ўрока, здзівіў нас тым, наколькі цікава можна прыдумаць і ўвасобіць у жыццё сваю ідэю. Я вывучаю нямецкую мову, і ў адным з эпізодаў урока змагла выступіць з нямецкай прамовай”.

Андрэй Віктаравіч — удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па разнастайных відах мнагаборства, пераадолення палос перашкод. У сувязі з гэтым яго нярэдка запрашаюць на магілёў­скае ТБ у якасці эксперта, дзе ён дае слушныя парады як аматарам, так і ўжо вопытным атлетам.

Каб не склалася ўражанне, што Андрэй Віктаравіч зацыклены толькі на спорце, адзначу адну дэталь: у час футбольнага матча, у перапынку, ён можа працытаваць вам свайго любімага Барыса Пастэрнака.

“Пасля таго, як Андрэй Віктаравіч пачаў выкла­даць у мяне фізічную культуру, для мяне яна адкрылася па-новаму, — расказаў Даніла Самусеў, навучэнец 11 “Г” класа. — Акрамя неверагоднай колькасці розных фізічных практыкаванняў, я вельмі многа даведаўся пра спорт у тэорыі. Я люблю гуляць у футбол, а Андрэй Віктаравіч расказаў пра такія тонкасці, пра якія я і падумаць не мог, і нават паказаў іх. Мне здаецца, Андрэй Віктаравіч ведае абсалютна ўсё пра спорт: якое б пытанне я не задаў, у яго заўсёды знойдзецца адказ і слушная парада. Для мяне Андрэй Віктаравіч стаў выдатным узорам таго, якім павінен быць сапраўдны мужчына”.

Марат БАРАНОЎСКІ,
педагог Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.