Сапраўдны падарунак для асаблівых дзяцей

У Дзень маці адбылося ўрачыстае адкрыццё ЦКРНіР Кастрычніцкага раёна Мінска. На свяце прысутнічалі дзеці і іх бацькі, педагогі, а таксама прадстаўнікі Мінгарвыканкама, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска на чале з Г.І.Любатынскім, упраўлення па адукацыі, будаўнічых арганізацый.

“Няпросты лёс гэтага аб’екта, нарэшце, вырашыўся, — адзначыў Генадзь Іванавіч Любатынскі. — Завяршылася генеральная рэканструкцыя будынка карэкцыйнага цэнтра, і сёння перад намі сучасны аб’ект, які стане ўпрыгажэннем не толькі нашага раёна, але і сталіцы. Хачу падзякаваць упраўленню капітальнага будаўніцтва “Захад” і будаўнічаму трэсту № 1 за зладжаную працу, а таксама пажадаць выхаванцам гэтага цэнтра і іх бацькам моцнага здароўя і дабрабыту”.

“Адкрыццё абноўленага будынка цэнтра — сапраўдны падарунак тым маці, дзеці якіх ма­юць патрэбу ў асаблівай увазе, якім, у першую чаргу, патрэбна дапамога спецыялістаў, — падкрэсліла дырэктар ЦКРНіР Кастрычніцкага раёна  Мінска Наталля Мікалаеўна Белазаровіч. — Установа шмат у чым унікальная: мае неабходнае безбар’ернае асяроддзе, прасторныя кабінеты для спецыялістаў, канферэнц-залы, медыцынскі блок, сучаснае абсталяванне. Нашы навучэнцы і выхаванцы атрымалі зручную вулічную гульнявую пляцоўку, утульную музычную залу, камп’ютарны кабінет з усталяванай спецыялізаванай апаратурай. Нарэшце, у нашым памяшканні з’явілася свая прыгожая сталовая і цяпер харчаванне дзяцей будзе арганізавана на базе цэнтра. У абноўленым будынку адкрыліся 2 дашкольныя групы, дзе сёння пач­нуць атрымліваць дапамогу 9 дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і дзіцячым аўтызмам. Адкрыліся кабінеты сацыяльна-бытавой адаптацыі, сенсорны пакой, пакой Мантэсоры, кабінеты арт-тэрапіі і пясочнай тэрапіі, пакой для дзяцей з аўтызмам. Працягне дзейнасць кабінет ранняй комплекснай дапамогі, дзе кваліфікаваную дапамогу дзецям аказвае каманда спецыялістаў (настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, медыцынская сястра па масажы). Ва ўстанове прапануецца комплекс рэабілітацыйных паслуг для дзяцей, а таксама працуюць настаўнікі-дэфектолагі, якія займаюцца з дзецьмі з маўленчымі парушэннямі”.

У 2020/2021 навучальным годзе ў Кастрычніцкім раёне Мінска спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай ахоплены 1853 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У ЦКРНіР Кастрычніцкага раёна сёння займаюцца 143 дзіцяці, з іх у класах цэнтра — 12 дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі, у дашкольных групах — 9 дзяцей. Атрыманне спецыяльнай адукацыі дома арганізавана для 3 вучняў. Астатнія дзеці атрымліваюць тут карэкцыйна-педагагічную і псіхалагічную дапамогу. 

Пад дахам ЦКРНіР па-сусед­ску пачне функцыянаваць яшчэ адна ўстанова — сацыяльна-педагагічны цэнтр Кастрычніцкага раёна, дзе будзе аказвацца дапамога сем’ям, дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, маці, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Тут функцыянуюць 3 аддзелы: прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва, падтрымкі сем’яў, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, комплекснай рэабілітацыі.

СПЦ каардынуе дзейнасць уста­ноў адукацыі раёна па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці. На ўліку ў раённым банку даных (у сацыяльна небяспечным становішчы) сёння знаходзяцца 146 дзяцей з 86 сем’яў. Спецыялісты СПЦ праводзяць работу з сем’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці ад 0 да 3 гадоў, якіх прызналі тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, работу па пошуку і суправаджэнні замя­шчальных сем’яў. У раёне пражывае 8 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 9 дзяцей-сірот. Акрамя таго, цэнтр аказвае псіхолага-педагагічную дапамогу апякунскім сем’ям: у цяперашні час — 61 сям’і, у якой пад апекай знаходзяцца 73 дзіцяці. Спецыялісты СПЦ ажыццяўляюць абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у судовых працэсах па спрэчках, звязаных з вызначэннем месца жыхарства дзяцей, пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, вызначэннем парадку ўдзелу ў выхаванні дзяцей бацькоў, якія асобна пражываюць, і інш. Яшчэ адным напрамкам работы цэнтра з’яўляецца аказанне кансультацыйнай і метадычнай дапамогі спецыялістам СППС устаноў адукацыі раёна. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.