Сапраўдны тэхнапрарыў

У пятніцу ў сістэме дадатковай адукацыі сталіцы адбылася значная падзея: у рамках гарадскога тыдня юных тэхнікаў і спартсменаў “ТэхнаСтарт” у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі быў адкрыты адукацыйны цэнтр інавацыйных практык “Тэхнапрарыў”. Урачыстасць прайшла напрыканцы першай вучэбнай чвэрці, а гэта значыць, што сталічныя вучні могуць правесці восеньскія канікулы карысна, у тэхнастылі.

Адкрыццё цэнтра — актуальная і вельмі важная справа. У эпоху звышхуткасных тэхналогій і інфармацыйных прарываў толькі на высакаякасным сучасным абсталяванні дзеці і падлеткі могуць эфектыўна пашыраць творчыя гарызонты, назіраць, фантазіраваць, эксперыментаваць, выпрацоўваць асабісты стыль у тэхнічнай творчасці, вызначацца з будучай прафесіяй. Усе структурныя падраздзяленні цэнтра (лабараторыя тэхналогій і інжынерыі, школа праграмавання, крэатыўная лабараторыя, інавацыйная лабараторыя Fablab) якраз аснашчаны такім абсталяваннем. Яно дазваляе праводзіць навучанне на больш якасным узроўні і ажыццяўляць самыя смелыя ідэі — ад распрацоўкі новай мадэлі на 3D-прынтары да стварэння ўласнага робата.

— Сімвалічна, што адкрыццё цэнтра адбываецца напярэдадні канікул, таго часу, калі вы як мага больш часу можаце прысвяціць любімай справе. Ёсць такі выраз: “Каб стаць прафесіяналам у якой-небудзь справе, патрэбна патраціць як мінімум 10 тысяч гадзін”. У гэтым цэнтры ў кожнага з вас знойдзецца магчымасць праявіць свой лепшы талент, заняцца любімай справай тыя самыя 10 тысяч гадзін. Хочацца выказаць падзяку ўсяму гораду, таму што цэнтр адкрываўся на сродкі, якія былі сабраны падчас суботніка, ствараўся сумеснымі намаганнямі многіх людзей: тых, хто мае адносіны да навукі і тэхнікі, хто дапамагаў парадай, хто арганізоўваў яго работу. “Тэхнапрарыў” стане тым месцам, адкуль будуць выходзіць у свет таленавітыя інжынеры, вучоныя, дзе будуць ажыццяўляцца самыя смелыя ідэі і мары. Усім поспехаў і нясумных канікул, — звярнуўся да вучняў, бацькоў і педагогаў намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Аляксандравіч Прыгодзіч.

Як запэўніла дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Леанідаўна Шкляр, у цэнтр можа звярнуцца любое дзіця, любы падлетак Мінска. Вучыцца тут будзе лёгка, цікава і весела. Цэнтр стане пляцоўкай тэхнічнай творчасці для ўсяго горада. У аснове яго работы ўстановы — мадэль комплекснага навучання, якая дапаможа сфарміраваць у падрастаючага пакалення веды і кампетэнцыі ў розных галінах навуковых даследаванняў, інавацый, дазволіць рыхтаваць канкурэнтаздольных спецыялістаў для сучаснага высокатэхналагічнага свету. “Адкрыццё цэнтра — гэта заслуга і ІТ-кампаній, і Парка высокіх тэхналогій, і Мінскага радыётэхнічнага каледжа, і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, з якімі мы супрацоўнічаем многія гады. Калі наша прастора супрацоўніцтва пашыраецца і нашы сувязі ўмацоўваюцца, то атрымліваецца цудоўны вынік. Гэтую прастору мы будзем пашыраць разам з раённымі цэнтрамі дадатковай адукацыі, установамі дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі і прафтэхсістэмы. Толькі стварыўшы такую цэласную адукацыйную прастору, мы можам паспяхова развівацца”, — адзначыла Галіна Леанідаўна.

Займацца ў цэнтры змогуць навучэнцы любога ўзросту і любога ўзроўню падрыхтоўкі. Кожны зможа стварыць на сучасным абсталяванні нешта цікавае (напрыклад, інавацыйная лабараторыя Fablab абсталявана станком вакуумнай фармоўкі, 3D-прынтарам, лазерным і фрэзерным станкамі, паяльнай станцыяй). Па словах загадчыка лабараторыі старшага выкладчыка кафедры фізікі і методыкі выкладання фізікі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Іванавіча Грыдасава, магчымасці абмежаваны толькі ўяўленнем чалавека. Нават за два дні заняткаў у лабараторыі дзіця з пачатковым узроўнем ведаў і навыкаў у тэхнічнай творчасці створыць мадэль, якую будзе не сорамна паказаць бацькам, настаўнікам і нават прадставіць на выставе.

Асаблівай папулярнасцю сярод навучэнцаў карыстаецца робататэхніка. Як паведаміў загадчык лабараторыі тэхналогіі і інжынерыі Раман Русланавіч Гудзь, у цэнтры ёсць унікальныя комплексныя праграмы, у тым ліку па робататэхніцы. Дзякуючы таму, што ў гэтыя праграмы ўваходзіць шмат дадатковых прадметаў і спецкурсаў (акрамя непасрэдна робататэхнікі, гэта асновы мехатронікі і электронікі, тэхнічны мадэлізм, аўтамадэляванне, суднамадэлізм, нейрапілатаванне), дзеці могуць вывучаць некалькі кірункаў, выбіраць тое, што ім блізка, цікава, звязваць з адным з гэтых кірункаў сваё далейшае жыццё. У гэтым і заключаецца асаблівасць работы цэнтра: акрамя асноўнага курса, навучэнцы могуць засвойваць і надпрафесійныя навыкі.
Адкрыццё адукацыйнага цэнтра інавацыйных практык “Тэхнапрарыў” стала сапраўдным тэхналагічным прарывам, выхадам на новы ўзровень атрымання навучэнцамі ўменняў і навыкаў у тэхнічнай творчасці. І гэта толькі адзін з крокаў па стварэнні тэхнапаркаў для папулярызацыі сярод дзяцей і моладзі дасягненняў навукі, інавацый.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *