Сапраўдныя прафесіяналы заўсёды запатрабаваны

- 9:06Выбар прафесіі

Пераможным сімвалам стваральнай працы, знакам міру і дабрабыту квітнее на Дзяржаўным гербе нашай краіны сіні лён. Традыцыйная сельскагаспадарчая культура спрадвеку апранала і сагравала беларусаў. У наш час лён мае стратэгічнае сацыяльна-эканамічнае значэнне. Большая частка пасеваў беларускага льну прыпадае на Паўночны рэгіён краіны — узнёсла апетую Янкам Сіпаковым “узгоркавую, азёрную, ільняную Віцебшчыну”. Па валавым зборы льнотрасты і па яе якасці вобласць займае першае месца ў краіне. А на “яшчэ больш блізкай, яшчэ больш сваёй” для пісьменніка Аршаншчыне знаходзіцца адзіны ў Беларусі льнокамбінат — найбуйнейшы ў свеце вытворца тканін і вырабаў з ільну.

Кадры пад заказ вытворчасці

Амаль адначасова з пачаткам работы прадпрыемства ў канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя адкрылася вучылішча, дзе рыхтавалі кваліфікаваных рабочых для льновытворчасці. За шматгадовую гісторыю яно дало пуцёўку ў жыццё амаль 30 тысячам прафесіяналаў. Сёння гэта Аршанскі дзяржаўны прафесійны ліцэй тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава. Установа ажыццяўляе набор і падрыхтоўку рабочых кадраў пад канкрэтны заказ вытворчасці па ўсіх спецыяльнасцях і кваліфікацыях, неабходных для Аршанскага льнокамбіната. Тут вучацца будучыя прадзільшчыкі, аператары стужкавага, ільночасальнага і матальнага абсталявання, слесары-рамонтнікі, слесары па рамонце і абслугоўванні вентыляцыі. Акрамя таго, ліцэй рыхтуе швачак, цырульнікаў, майстроў па манікюры і дэкаратыўнай касметыцы, сацыяльных работнікаў, прадаўцоў і кантралёраў-касіраў, аператараў сувязі.

Сёння ў Аршанскім дзяржаўным прафесійным ліцэі тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава набываюць прафесійныя веды і навыкі 580 юнакоў і дзяўчат. Тэарэтычную падрыхтоўку ажыццяўляюць вопытныя выкладчыкі. Авалодаць практычнымі навыкамі і ўменнямі ліцэістам дапамагаюць кампетэнтныя і дасведчаныя майстры вытворчага навучання — 85% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і 15 з іх — званне выдатніка адукацыі. Больш за палову выкладчыкаў і майстроў — выпускнікі ліцэя.

— Мы з’яўляемся занальнай базавай установай прафесійнай адукацыі па падрыхтоўцы швачак і адзінай на цяперашні час у раёне, дзе вядзецца навучанне па згаданай спецыяльнасці, — расказвае дырэктар ліцэя Ала Аляксандраўна Цярэнцьева. — У сувязі з гэтым з бягучага навучальнага года — найперш дзякуючы падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама — была істотна мадэрнізавана матэрыяльна-тэхнічная база, набыта і ўстаноўлена новае сучаснае абсталяванне для швейных майстэрань і навучання будучых прадаўцоў-касіраў. Па пытаннях забеспячэння прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Аршаншчыны рабочымі кадрамі мы цесна кантактуем з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Як вынік — на нашай базе арганізавана курсавая падрыхтоўка швачак, цырульнікаў, інтэрнэт-карыстальнікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў.

Хочацца адзначыць, што апошняя з пералічаных пазіцый найбольш папулярная ў мясцовага насельніцтва. У лютым гэтага года ў Оршы адкрыўся філіял інкубатара малога прадпрымальніцтва, які дапамагае бізнесменам-пачаткоўцам наладзіць справу, аказвае юрыдычную падтрымку і прадастаўляе офісныя і вытворчыя плошчы на льготных умовах — практычна атрымалася свабодная эканамічная зона ў мініяцюры. Па навучанні індывідуальных прадпрымальнікаў установа адукацыі з ім актыўна супрацоўнічае і таксама з’яўляецца базавай. Пры жаданні ў навучэнцаў ліцэя ёсць магчымасць набыць дадатковую спецыяльнасць праз курсавую падрыхтоўку.

У адпаведнасці з дагаворам паміж ліцэем і ўпраўленнем па адукацыі райвыканкама, штотыднёва на базе ўстановы адукацыі праводзяцца прафарыентацыйныя суботы. На занятках у вучэбна-вытворчых майстэрнях школьніцы атрымліваюць першыя працоўныя навыкі па прафесіі швачкі. Пасля завяршэння курса дзяўчат чакае экзамен, па выніках якога самыя дасведчаныя і спрактыкаваныя могуць атрымаць рабочы разрад.

Патэнцыял расце

У ліцэі створаны спрыяльныя ўмовы для бяспечнага і камфортнага знаходжання, усебаковага разумовага, творчага і фізічнага развіцця навучэнцаў. Акцэнт робіцца на іх далучэнні да сацыяльна значнай дзейнасці, самарэалізацыі, матывацыі да заняткаў фізкультурай і спортам, здаровага ладу жыцця.

— Наша вучэбна-матэрыяльная база дазваляе арганізаваць не толькі паспяховае навучанне, але і добры адпачынак, — далучаецца да размовы намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Яўгенаўна Цынгалёва. — Моладзі прадастаўляюцца абсталяваныя неабходнай тэхнікай вучэбныя кабінеты, лабараторыі спецыяльных дысцыплін, вучэбна-вытворчыя майстэрні і вучэбная крама, утульная бібліятэка з чытальнай залай, кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, два інтэрнаты, сталовая, спартыўная і актавая залы (для іх, дарэчы, таксама нядаўна было набыта новае абсталяванне). Месцы ў інтэрнатах атрымліваюць усе, хто мае ў гэтым патрэбу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выяўленню і падтрымцы талентаў. У нас працуюць факультатывы па агульнаадукацыйных і спецыяльных прадметах, гурткі мастацкай самадзейнасці (тэатральны, харэаграфічны і вакальны), аб’яднанні тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, інтэр’ер-дызайну, народных промыслаў, тэатр прычоскі, спартыўныя гурткі і секцыі.

Педагогі распрацавалі аўтарскую праграму працоўнага выхавання навучэнцаў. Іх вырабы пастаянна экспануюцца на абласных і рэспубліканскіх выставах, кірмашах-продажах.

Толькі за 2017—2018 гады скарбонку ліцэя папоўніла больш за 30 дыпломаў пераможцаў прафесійных і творчых конкурсаў, аглядаў і канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню.

— Творчую асобу можа выхаваць толькі творчы педагог, і ў нас сфарміравалася каманда такіх выкладчыкаў і майстроў, — упэўнена намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Святлана Георгіеўна Рыжыкава. — Гэта цудоўныя прафесіяналы, апантаныя сваёй справай. У дачыненні да конкурсных выступленняў за апошнія два гады нельга не згадаць перамогу выкладчыка Аляксандра Анатольевіча Лаўранюка ў абласным конкурсе “Свет адкрыццяў” у рамках злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў, перамогі каманды каледжа ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і баскетболе сярод навучэнцаў. На раённым конкурсе навучэнскай моладзі “Аршанскі першацвет” мы мелі велізарны поспех: Людміла Дзямідчык заваявала 1-е месца ў намінацыі “Вакал”, Вера Сідаровіч — 2-е месца ў намінацыі “Дэкламацыя”, тэатр прычоскі “Стыль” стаў дыпламантам у намінацыі “Фрыстайл”. У актыве выкладчыка Вольгі Уладзіміраўны Ходас — дыплом ІІ ступені па выніках Рэспубліканскага маладзёжнага праекта “WorldSkills — старт у будучыню” ў намінацыі “Сімвал руху WorldSkills Belarus”.

Характэрна, што з кожным годам павялічваецца не толькі колькасць, але і важкасць атрыманых калектывам узнагарод. Напрыклад, з абласнога агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі летась прадстаўнікі ліцэя прывезлі 5 дыпломаў (1 — І ступені, астатнія — ІІІ), а сёлета — ужо 7 дыпломаў (2 — І, 3 — ІІ і 2 — ІІІ ступені).

З акцэнтам на практыку

Абітурыентаў прымаюць у ліцэй на аснове базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. З улікам таго, што выпускнікі 9-х класаў разам з прафесійнай набываюць агульную сярэднюю адукацыю, тэрмін навучання складае адпаведна 3 гады і 1 год. Навучэнцы, якія паступілі на базе 9 класаў, забяспечваюцца бясплатным аднаразовым (у шэрагу прадугледжаных заканадаўствам выпадкаў — трохразовым) гарачым харчаваннем, на базе 11 класаў — стыпендыяй. Характэрная толькі для гэтага ліцэя асаблівасць: лепшым навучэнцам выплачваецца імянная Cямёнаўская стыпендыя. Яна ўстаноўлена ў гонар чалавека, імя якога носіць навучальная ўстанова, — былога дырэктара Аршанскага льнокамбіната Героя Сацыялістычнай Працы Георгія Васільевіча Сямёнава. Абавязковай умовай прызначэння імянной стыпендыі з’яўляецца добрая паспяховасць — балы не ніжэйшыя за 8, актыўны ўдзел у грамадскім, культурным, спартыўным жыцці ліцэя і горада. Зараз сярод навучэнцаў ліцэя 8 Сямёнаўскіх стыпендыятаў.

Традыцыйна большасць ліцэістаў — з Віцебскай вобласці, пераважна з Аршаншчыны. Разам з тым, паступаюць сюды і абітурыенты практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі — ад Магілёва да Гродна і Брэста. Аснову падрыхтоўкі ў ліцэі складаюць вытворчае навучанне і вытворчая практыка на прадпрыемствах, якая абавязкова аплачваецца. На Аршанскім ільнокамбінаце за месяц практыкі навучэнцы зарабляюць да 500 рублёў і больш.

— Наш калектыў — сям’я, у якой кожнае дзіця пад наглядам, — адзначае ў завяршэнне сустрэчы дырэктар ліцэя. — Апошнім часам нярэдка паступаюць абітурыенты з сярэднім балам ад 8 да 9, яны потым звычайна працягваюць вучобу па профілі ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Адваротны прыклад: не заўсёды прыходзяць дзеці, матываваныя на працу, але мінае час — і ў іх з’яўляецца зацікаўленасць. А для зацікаўленага маладога чалавека на шляху да мэты няма неадольных перашкод. Нашы навучэнцы ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Большасць з іх пасля атрымання дыплома ідзе на вытворчасць, і яны ўжо ведаюць сваё будучае рабочае месца, умовы і патрабаванні, знаёмы з калегамі і кіраўніцтвам. Яны могуць і жадаюць прыступіць да працы фактычна без адаптацыі. Усё гэта ў першую чаргу вынік вялікай сістэмнай работы калектыву. Разам з тым, любая зацікаўленасць зводзіцца да матывацыі, а найлепшая матывацыя для маладога чалавека — добрая зарплата. Красамоўны, на маю думку, факт: чатыры нашы выпускнікі ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Высокая планка, да якой усім варта імкнуцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з архіва ліцэя.