Сапраўдныя майстры

У новы год у новым статусе ўвайшлі некалькі майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі Віцебшчыны. Яны перамаглі ў абласным конкурсе і маюць гонар звацца “майстар года”.

Абласны конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Майстар года” стартаваў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Віцебшчыны вясной. Спачатку прайшлі адборачныя спаборніцтвы ва ўстановах, затым 15 майстроў вытворчага навучання ўзялі ўдзел у абласным этапе.

Першым заданнем абласнога этапу было стварэнне электроннага партфоліа дасягненняў, у якіх канкурсанты расказалі аб выніках у вучэбнай, выхаваўчай, творчай, самаадукацыйнай дзейнасці. Другое конкурснае заданне патрабавала прадставіць метадычную распрацоўку заняткаў па вучэбным прадмеце “Вытворчае навучанне” з прымяненнем сучасных педагагічных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Дадаткам да метадычнай распрацоўкі з’яўляліся відэафрагменты розных этапаў заняткаў.

Узяць удзел у конкурсе маглі майстры, стаж работы якіх складае не менш за 3 гады. Члены журы адзначылі, што ў спаборніцтве ўзялі ўдзел і спецыялісты, якія маюць невялікі вопыт педагагічнай дзейнасці і прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства.

— Конкурс паказаў, што сістэма прафесійнай адукацыі Віцебскай вобласці моцная педагагічнымі традыцыямі і прафесіяналамі, якія выразна прадстаўляюць сваю траекторыю развіцця і з якіх трэба браць прыклад. Назапашана нямала вопыту, які нам неабходна беражліва захоўваць і з якога выкарыстоўваць усё лепшае: праграмы, методыкі, напрацоўкі, — адзначае Ганна Іванаўна Стукальцава, дырэктар Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі. — Такія конкурсы стымулююць педагогаў на далейшае развіццё, на ўмацаванне прэстыжу прафесіі, што спрыяе рэалізацыі прафесійнага таленту ў поўнай меры.

Канкурсанты прадэманстравалі высокі ўзровень педагагічнага майстэрства, глыбокае веданне вучэбнага прадмета, які выкладаюць, валоданне сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі і перадавымі дасягненнямі ў прафесійнай сферы. Давайце пазнаёмімся з тымі, хто ў конкурсе праявіў сябе найлепш, кампетэнтнымі спецыялістамі і цудоўнымі людзьмі — пераможцамі конкурсу “Майстар года”.

Дыпломам I ступені ўзнагароджана Надзея Іванаўна Гарбацёнак, майстар вытворчага навучання Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа. Педагагічная пазіцыя майстра: кожны атрымлівае дзве адукацыі — адну ў працэсе навучання, другая, не менш важная, набываецца на працягу ўсяго жыцця ў выніку вырашэння пастаўленых праблем і выхаду са складаных сітуацый.

Надзея Іванаўна ў набыцці новых ведаў ніколі не спыняецца. Яна скончыла Чэрыкаўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча і атрымала прафесію кухара. Жаданне вучыцца далей і цікавасць да прафесіі настаўніка прывялі яе ў Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Пасля каледжа па размеркаванні адправілася ў вучылішча, якое пазней стала Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжам. Цяпер яна сама вучыць, пры гэтым не спыняючы свайго навучання — у мінулым годзе скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Акрамя гэтага, Надзея Іванаўна наведвае разнастайныя курсы, майстар-класы, праходзіць стажыроўкі, удзельнічае ў прафесійных конкурсах. Адным з самых карысных прафесійных здабыткаў лічыць вопыт, які набыла на курсах павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання па адукацыйнай праграме “Сучаснае кулінарнае мастацтва ў сферы HoReCa”. І гэта яшчэ не ўсё: яна не толькі развіваецца ў рамках сваёй кваліфікацыі, але і засвоіла яшчэ адну — кандытара.

— Для эфектыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў майстру вытворчага навучання неабходна і самому не спыняцца ў развіцці, — падкрэслівае Надзея Іванаўна. — Прыемна адзначыць, што ў нашым каледжы такое імкненне падтрымлівае кіраўніцтва. Дырэктар установы Ганна Станіславаўна Бурэнь заўсёды ідзе насустрач жаданням наведаць тое ці іншае вучэбнае мерапрыемства, шмат увагі ўдзяляе ўмацаванню матэрыяльнай базы аддзялення грамадскага харчавання. Гэта, канечне, спрыяе поспеху.

Вопыт і прафесіяналізм майстра ўвасабляюцца ў дасягненнях яе навучэнцаў: яны не раз дэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі і перамагалі ў прафесійных конкурсах на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. У майстра склалася свая сістэма работы з будучымі канкурсантамі.

— З самага пачатку работы з групай звяртаю ўвагу на кожнага навучэнца, імкнуся выявіць найбольш працавітых і дапытлівых. Гэта і будзе зыходнай кропкай па падрыхтоўцы да конкурсаў прафесійнага майстэрства, — расказвае майстар. — Далей толькі індывідуальная работа з гэтымі навучэнцамі на занятках і пасля. Увесь час падтрымліваю і стымулюю іх поспехі і маленькія перамогі: прыцягваю іх да паказу працоўных прыёмаў на занятках, правядзення майстар-класаў, рэкамендую да вывучэння дадатковую літаратуру, сайты прафесійнай накіраванасці. Пры ўладкаванні на вытворчую практыку падбіраю арганізацыю з шырокім асар­тыментам страў складанага гатавання, уключаючы заказныя і фірменныя.

 У працэсе педагагічнай дзейнасці выкарыстоўвае комплекс актыўных, інтэрактыўных метадаў і сродкаў навучання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, што, як пацвердзіла практыка, дае добры вынік.

 — Цікавасць да матэрыялу, які вывучаецца, стараюся падтрымліваць з дапамогай выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій: распрацоўваю вучэбныя прэзентацыі, пры апытанні навучэнцаў часта выкарыстоўваю планшэты з падрыхтаванымі тэстамі, пытаннямі, даю разнастайныя заданні, якія навучэнцы выконваюць пры дапамозе мабільных тэлефонаў, дэманструю відэафрагменты, выкарыстоўваю магчымасці інтэрактыўнай дошкі для выканання навучэнцамі розных заданняў, — падзялілася майстар.

Сваім прафесійным вопытам Надзея Іванаўна дзеліцца з калегамі — вядзе настаўніцтва для маладых педагогаў каледжа.

Уладальнікам дыплома II ступені стаў Васіль Генадзьевіч Дабраўлянін, майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання. Больш за 20 гадоў ён паспяхова займаецца падрыхтоўкай высокакваліфікаваных спецыялістаў электратэхнічнага профілю. У рабоце актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, а таксама разнастайныя педагагічныя тэхналогіі: навучанне ў супрацоўніцтве, тэхналогію гульнявога навучання, тэхналогію праблемнага навучання і іншыя.

— Асноўная склада­насць пры навучанні заключаецца ў тым, што працэсы, якія адбываюцца ў дзеючых электраўстаноўках, не бачныя чалавеку. Электрычны ланцуг, які знаходзіцца пад напружаннем, па знешнім выглядзе можа ніяк не адрознівацца ад ланцуга, дзе напружання няма. І навучэнцы, якія, дарэчы, звычайна прыходзяць з невялікім багажом ведаў аб электрычнасці, вымушаны засвойваць гэтую няпростую навуку па формулах і законах электратэхнікі, — расказвае Васіль Генадзьевіч. — Вось чаму, працуючы з будучымі электраманцёрамі, я заўсёды імкнуўся зрабіць працэсы і з’явы, якія праходзяць у электрычных ланцугах, бачнымі.

Васіль Генадзьевіч стварае сродкі візуалізацыі для сваіх заняткаў. Спачатку гэта былі наборы тэматычных кодакарт і дыяпазітываў, а сёння гэта ўжо 3D-анімацыя. Майстар распрацоўвае інтэрактыўныя модулі, яны ўтрымліваюць трохмерную анімацыю, якая паказвае працэсы, што адбываюцца ў электраабсталяванні. Для гэтага Васіль Генадзьевіч самастойна засвоіў некалькі камп’ютарных праграм.

— Цяпер я магу паказаць навучэнцам тое, аб чым раней мог толькі расказваць, — рэзюмуе майстар вытворчага навучання. — Матэрыял атрымліваецца наглядны, і навучэнцам яго лёгка засвойваць.

Так з’явіліся электронныя сродкі навучання “Электратэхніка”, “Электрамантажныя работы”, “Пускарэгулюючая апаратура”, якія распрацавалі і стварылі творчыя групы педагогаў і навучэнцаў электратэхнічнага аддзялення ліцэя.

Нагляднасць, даступнасць, інтэрактыўнасць зацікаўліва­юць навучэнцаў. На ўроках і дадатковых занятках яны ма­юць магчымасць індывідуальна,

у аптымальным для іх тэмпе вывучаць новы матэрыял, а таксама самастойна дыягнаставаць якасць яго засваення. Пашы­раць свае веды навучэнцы могуць у аб’яднанні па інтарэсах “Электрамантаж”, заняткі ў якім вядзе Васіль Генадзьевіч. Таксама майстар вытворчага навучання паспяхова рыхтуе навучэнцаў для ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства.

І як вынік работы майстра — шматлікія перамогі ў конкурсах, павышэнне паспяховасці навучэнцаў, павышаныя разрады пасля заканчэння навучальнай установы, працаўладкаванне на прэстыжныя прадпрыемствы з высокай зарплатай, вялікі працэнт тых, хто працягвае навучанне па выбранай прафесіі.

Дыплом III ступені ў конкурсе атрымала Алена Генадзьеўна Шыдлоўская, майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя. Больш за 20 гадоў назад яна і сама скончыла гэтую ўстанову адукацыі, атрымала прафесію кухара, удасканаліла веды ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, а цяпер перадае сваё майстэрства моладзі.

Галоўны прафесійны сакрэт Алены Генадзьеўны — уменне наладзіць кантакт і добрыя зносіны з навучэнцамі.

— Калі ты шчыра цікавішся імі, іх жыццём і захапленнямі, дзеці гэта адчуваюць і з лёгкасцю ідуць на кантакт. Вельмі важна на занятках не толькі гаварыць, але і слухаць. Бо кожны хоча быць пачутым, заўважаным і зразуметым, — гаворыць майстар.

Навучэнцы, сапраўды, заўважаюць усё: яе высокі прафесіяналізм, шчыры клопат пра іх, і тое, што яна для кожнага знаходзіць час і добрыя словы. І адказваюць ёй сваім добрым і паважлівым стаўленнем. Асабліва ярка гэта праявілася падчас конкурсу: навучэнцы падтрымалі свайго майстра і перажывалі бадай што больш, чым яна сама.

Каб быць заўсёды ў прафесійным тонусе, Алена Гена­дзьеўна сочыць за ўсімі навінкамі ў кулінарнай сферы: вывучае спецыяльную літаратуру і перыядычныя выданні, інтэрнэт-крыніцы, праходзіць стажыроўкі на прадпрыемствах грамадскага харчавання, дзе ёсць сучаснае абсталяванне. Прыхо­дзяць на дапамогу і выпускнікі, якія становяцца цудоўнымі прафесіяналамі кухарскай справы. Паспяхова працаваць дапамагаюць спрыяльныя ўмовы, створаныя ў ліцэі. Тут працуе рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”, а таксама вучэбнае кафэ. На гэтых аб’ектах навучэнцы пагружаюцца ў працоўныя ўмовы, максімальна набліжаныя да рэальных, што дапамагае выхоўваць у іх адказнасць, дысцыплінаванасць.

Алене Генадзьеўне ўдаецца не проста перадаваць навыкі, а пагружаць навучэнцаў у прафесію і зачароўваць ёй.

— Прафесію кухара нярэдка лічаць звычайнай і празаічнай. Аднак гэта не так. Гэта прафесія, у якой многа прасторы для творчасці і эксперыментаў. Мне падабаецца назіраць, як навучэнцы адкрываюць для сябе гэты чароўны свет, падабаецца дапамагаць ім раскрывацца ў прафесіі, — гаворыць Алена Генадзьеўна.

І такі падыход дае плён — яе навучэнцы сёння працу­юць у лепшых кафэ і рэстаранах не толькі ў нашай краіне, але і па ўсім свеце. Адзін з іх, напрыклад, радуе сваімі аўтарскімі стравамі аматараў смачнай ежы ў Пекіне.

Кожны з гэтага цудоўнага трыа пераможцаў мае свой уласны прафесійны стыль, свой падыход да работы з навучэнцамі. Аднак ёсць і тое, што іх яднае, — яны працуюць з максімальнай эмацыянальнай і ін­тэлектуальнай аддачай і не проста вучаць дзяцей, а дораць ім веру ў сябе і свае сілы, шчыра клапоцяцца аб іх лёсе. Гэта і вызначае сапраўднага майстра. 

Дар’я РЭВА.