Сапраўдныя маленькія сябры лесу выхоўваюцца ў санаторным дзіцячым садзе № 3 Касцюковіч

- 14:18Дети — наше всё!

Маленькія сябры лесу выхоўваюцца ў санаторным дзіцячым садзе № 3 Касцюковіч. Амаль два гады назад у гэтай установе было створана першае на Магілёўшчыне дашкольнае лясніцтва. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Экалагічнае выхаванне заўсёды было для нас у прыярытэце. Упэўнены: вучыць берагчы прыроду трэба пачынаць змалку. Педагогамі быў назапашаны эфектыўны вопыт у гэтым кірунку. З’яўленне атрада “Зубраняты” стала імпульсам да ўдасканалення работы. Мы выбудавалі плённае ўзаема­дзеянне са спецыялістамі раённай лясной гаспадаркі. У якасці шэфскай дапамогі ад лясгаса атрымалі інтэрактыўную дошку, праектар і цяпліцу, што дазволіла вывесці экалагічную асвету выхаванцаў на новы ўзровень, — паведаміла загадчыца Вольга Валовік.

У лік юных лесаводаў уваходзяць 23 хлопчыкі і дзяўчынкі са старшай групы. Экалагічны напрамак прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці “зубранят”. Педагогі распрацавалі для малых аўтарскія гульні і наглядныя дапаможнікі. У выхаваўчы працэс яны ўсебакова ўкараняюць інавацыйныя формы і метады работы.

— Сучасным дзецям цікавыя інфармацыйныя тэхналогіі. Актыўна выкарыстоўваем гэты інтарэс на карысць. Наладзілі работу відэастудыі і Telegram-канала, прысвечаных дашкольнаму лясніцтву. Рэгулярна здымаем ролікі, дзе малышы заўзята расказваюць, чым займаюцца, паведамля­юць незвычайныя факты пра жывёльны і раслінны свет, агуч­ваюць правілы прыродаахоўных паводзін. Яшчэ мы зрабілі экалагічны сторысек, ці па-беларуску “мяшок гісторый”: на ўваходзе ў групу размясцілі скрыню, куды непрыметна кладуцца кнігі на экалагічную тэматыку і спадарожны рэквізіт. Нярэдка сторысек папаўня­юць бацькі. Мамы і таты — нашы галоўныя памочнікі ў фарміраванні экалагічнай культуры выхаванцаў. Для павышэння кампетэнцый сем’яў у гэтых пытаннях мы нават арганізавалі адпаведны клуб, — адзначыла выхавальніца Алена Іванова.

Вялікую ўвагу ўдзяляюць у садку пераемнасці экалагічнага выхавання. Педагогі знаходзяцца ў бесперапыннай узаемасувязі з калегамі з суседніх гімназіі і школы.

— Там таксама ёсць лясніц­твы, таму даволі часта запрашаем навучэнцаў і настаўнікаў да сябе. Сустрэчы праходзяць у фармаце жывой кнігі. Крыніцай інфармацыі выступаюць менавіта госці. Праводзяцца майстар-класы і гульні. У такім ключы мы паспрабавалі правесці пазнавальнае мерапрыемства і з ветэранам працы ганаровым лесаводам Беларусі Ула­дзімірам Елісеенкам. Малышы пачулі шмат карыснай інфармацыі, — расказала Алена Віктараўна.

Толькі тэарэтычнымі заняткамі педагогі не абмяжоўваюцца, а робяць акцэнт і на развіцці практычных навыкаў. Выхаванцы пастаянна наведваюць з экскурсіямі лясгас, далучаюцца да разнастайных даследванняў. У цяперашні час дашкаляты рэалізуюць праект “Прыродныя цуды ў цяпліцы”.

— Даследванне пачалося з вывучэння насення лясных дрэў. Потым разам з дзецьмі мы вырашылі іх прарасціць. Сеянец на 15 сантыметраў рос цэлы год. Выхаванцы зразумелі, чаму трэба рацыянальна спажы­ваць паперу і збі­раць макулатуру. Вясной змесцім саджанцы ў цяпліцу. Калі дрэўцы вырас­туць да належнага памеру, будзем азеляняць вуліцы горада, — патлумачыла Алена Іванова.

Азеляненне і добраўпарадкаванне — для “зубранят” справа звычайная. Сумесна з педагогамі і прадстаўнікамі лясгаса дашкольнікі пасадзілі вялікую колькасць дрэў. Яны ўдзельнічалі ў закладцы алей з туй, рабін, клёнаў на тэрыторыі сада. Свой уклад дзеці ўнеслі і ў абнаўленне гарадскога сквера.

— У найбліжэйшых планах — алея сяброўства, якую будуць садзіць нашы выхаванцы і гімназісты. У ліку больш маштабных задум — стварэнне экалагічнай сцежкі з рознымі прыпынкамі, — падкрэсліла Вольга Валовік. — Вельмі спа­дзяёмся, што дэвіз дашкольнага лясніцтва аб неабходнасці любіць і зберагаць прыроду стане для нашых выхаванцаў дэвізам па жыцці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара