Сапраўдныя мужчыны ахоўваюць дзяцінства

— Мы ў першую чаргу імкнёмся рэабілітаваць сям’ю, а не пакараць нядбайных бацькоў, — сцвярджае дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Жыткавіч Васіль Лясько. — Тыдні на два змяшчаем дзіця ў прытулак, а за гэты час шчыльна працуем з сям’ёй. Не трэба, лічу, адразу пазбаўляць бацькоўскіх правоў. Стымуляваць бацькоў трэба і абавязкова кантраляваць.

Як і Васіль Лясько, яго паплечнік — галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама Уладзімір Зубар — усё жыццё паклаў на тое, каб дзяцей, якіх не пашкадаваў лёс, зрабіць шчаслівымі. Ці даказаць: у жыцці няма невырашальных праблем. Выйсце ёсць заўсёды.

У.Зубар.

30 гадоў у сістэме аховы дзяцінства за плячымі кожнага з мужчын. За гэты час абодва бачылі многа: і ўначы выязджалі, каб выратаваць дзетак ад п’яных гора-бацькоў, і працавалі з прыёмнымі бацькамі, і біялагічных матуль і татаў на шлях правільны настаўлялі.

Васіль Лясько яшчэ ў 1990 годзе пасля размеркавання прыйшоў працаваць у мясцовую школу-інтэрнат. Пачынаў выхавальнікам, дарос да дырэктара Жыткавіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот. Пасля расфарміравання інтэрнатнай установы і яе закрыцця ўзначаліў у 2005 годзе сацыяльна-педагагічны цэнтр. Апошнія 16 гадоў увесь час з дзецьмі, якія сюды трапляюць у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй:

— Мне пашанцавала па жыцці. Ёсць дапамога і паразуменне — як з начальствам, так і з калектывам. У некаторых нашых супрацоўнікаў па 16 гадоў стажу. Цякучасці кадраў практычна няма. Пытанні розныя вырашаем, але заўсёды галоўныя — інтарэсы дзіцяці. Яго нельга траўміраваць. Важна адчуваць тое, што і дзіця адчувае. Мы павінны дзіцяці данесці, што яму тут, у прытулку, абавязкова дапамогуць, пераадолеўшы розныя складаныя жыццёвыя сітуацыі. Мы абавязкова дапаможам і дзіцяці, і яго бацькам.

Васіль Адамавіч кажа, што чалавеку не трэба адразу ставіць кляймо ў выглядзе статусу “абавязанай асобы”. Важна даць шанс, магчымасць выйсця са складанай сітуацыі.

Уладзімір Іванавіч Зубар у сістэме аховы дзяцінства з 2001 года. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пачынаў працаваць у 90-я гады пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума выкладчыкам трактарнай справы і фізкультуры ў вясковай школе. Пазней скончыў інжынерна-педагагічны факультэт Мазырскага педагагічнага інстытута.

— У Жыткавіцкім раёне — 12 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 18 дзяцей. Для параўнання: у 2005 годзе ў раёне было 45 прыёмных сем’яў, у якіх было больш за 100 дзяцей. Дзякуючы прафілактычнай рабоце, дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, стала значна менш.

Першае ранішняе тэлефанаванне штодзень — адзін аднаму. У Жыткавіцкім раёне ідзе суладная і пастаянная работа. Згодна з праграмай Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, вучацца кандыдаты ў прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ці тыя, хто жадае стаць усынавіцелямі. У Тураве працуе дзіцячы дом сямейнага тыпу, бацькамі-выхавальнікамі якога з’яўляюцца Валянціна і Сяргей Калоська. Яны выхоўваюць дзетак ранняга ўзросту. Адсюль яны ўсе ўсынаўляюцца.

— Замяшчальныя бацькі разумеюць, што ўсыноўленае дзіця атрымлівае яшчэ больш магчымасцей, — адзначае Васіль Лясько. — Псіхолагі з імі працуюць, і яны ставяцца да гэтага з разуменнем. З гэтага дома восем дзяцей пайшло на ўсынаўленне па ўсёй краіне. Што да дзяцей, якім неабходна дзяржаўная ахова, — камісія прымае рашэнне пра размяшчэнне іх у прытулак. Летась былі толькі тры выпадкі адабрання дзяцей. Але і тых дзетак плануем вярнуць да біялагічных бацькоў. Ведаеце, некаторыя здзіўляюцца: гэта ж якія нервы трэба мець, каб 30 гадоў наведвацца ў сем’і, дзе дзеці плачуць. Мы робім усё для таго, каб дзіця адчувала сябе ў бяспецы. Сантыменты сыходзяць. Трэба думаць пра тое, што будзе, калі дзіця застанецца ў няшчаснай сям’і, калі з ім штосьці здарыцца, пакуль бацькі ў п’яным чадзе. А вось у нашым прытулку яно будзе апранута, вымыта і накормлена. Звычайна праз месяц пасля таго, як дзіця трапляе да нас, яго нельга пазнаць: зусім іншы выгляд і погляд на свет.

Сацыяльна-педагагічная дапамога і падтрымка дзіцячым дамам сямейнага тыпу вельмі важная, бо на сваім прафесійным шляху бацькі-выхавальнікі сутыкаюцца з мноствам цяжкасцей. Ёсць асаблівасці работы і з дзецьмі, якіх вяртаюць у біялагічную сям’ю. Іх яшчэ год суправаджаюць спецыялісты па ахове дзяцінства згодна з планам постпрытулкавага суправаджэння. Удзельнічаюць каля 10 суб’ектаў прафілактыкі.

— Імкнёмся перавыхаваць усю сям’ю, — гаворыць Уладзімір Зубар. — Атрымлівалася многіх наставіць на добры шлях. Калі ўсё ж даводзіцца пазбаўляць бацькоўскіх правоў, старанна падбіраем для дзіцяці сям’ю.

В.Лясько.

У Жыткавіцкім раёне яшчэ нядаўна было шэсць дамоў сямейнага тыпу. Цяпер засталося толькі чатыры з 24 выхаванцамі — у сувязі з тым, што менш стала дзяцей, якімі папаўняюцца гэтыя ўстановы. Успамінаючы час, калі было прынята рашэнне пра закрыццё школ-інтэрнатаў, Васіль Лясько адзначае, што гэта было вельмі правільна.

— Я лічу, што дзеці не павінны жыць у школах-інтэрнатах. Дзеці ў прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу больш дружныя і згуртаваныя. У сям’і ж дзіця атрымлівае цеплыню, любоў і ласку. За апошнія 10 гадоў мы ніводнае дзіця не адправілі ў інтэрнатную ўстанову. Усім знаходзілі прыёмныя сем’і ці дамы сямейнага тыпу. Не менш важна, каб дзеці заставаліся ў сваёй мясцовасці, бо яны ўсё адно ўрэшце шукаюць біялагічных бацькоў. Таму мы самі іх просім, каб сустракаліся і мелі зносіны са сваімі роднымі. Вядома, развіццё сітуацыі можа быць розным. Затое ў далейшым мадэль сям’і выхаванцы будуюць на параўнанні. Яны пажылі ў біялагічнай сям’і, у СПЦ і, напрыклад, у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Мы кажам: “Выбірайце, па чыім прыкладзе вам далей жыць”. За 16 гадоў больш як 690 дзяцей з’яўляліся выхаванцамі прытулку. Мы не замыкаемся на сваёй установе. Увесь раён — наша сфера адказнасці.

Калі заходзіць гутарка пра падзяку, пра разуменне значнасці іх няпростай працы, і Уладзімір Зубар, і Васіль Лясько заўважаюць, што чалавек пачынае ўсведамляць ролю сацыяльна-педагагічнай службы ў сваім жыцці толькі пасля таго, як становіцца дарослым і самастойным. Вось тады і кажуць: “Калі б не вы, невядома, куды б я трапіў!”

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Віктара ДРАЧОВА.