Сапраўдныя мужчыны. Былі, ёсць, будуць

- 16:57Родная земля, Рознае

Папулярызацыя турыстычнага патэнцыялу таго ці іншага рэгіёна звычайна пачынаецца з вызначэння сямі яго цудаў — найбольш адметных прыродных, гістарычных, культурных аб’ектаў. Для Дубровеншчыны гэта Бернардзінскі кляштар і царква Святой Тройцы ў райцэнтры, Дуб-волат у вёсцы Быстрыёўка, Кірыёўская крыніца, рака Дняпро, гарадзішча каля вёскі Вежкі і міжнародны фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. З нагоды 23 лютага паспрабуем парушыць закон сямі цудаў і дапоўнім спіс яшчэ адным пунктам — лёсамі герояў, якія сваім жыццём і подзвігам далі дакладны адказ на пытанне: “Хто ён, сапраўдны мужчына?”.

Сем правілаў

У элегантным касцюме ці джынсах? У туфлях або красоўках? Паголены або з барадой?.. У пэўных абставінах мужчыне важна зрабіць правільны выбар. Аднак, па-сутнасці, усё гэта другаснае. Першаснае — характар, выхаванне, адпаведнасць жыцця сямі правілам сапраўднага мужчыны, з якімі ў дзяцінстве нас, хлопчыкаў, знаёмілі бацькі: не крыўдзі дзяўчынак, не плач, не займайся пляткарствам, трымай слова, выконвай справу да канца, паважай старэйшых, будзь мужным і адказным. У якой ступені мы прытрымліваемся гэтых правілаў, меркаваць лепш за ўсё вам, паважаныя жанчыны.
…Кажуць, ідэальных людзей не бывае. Можа і так. Аднак людзі з ідэальным мужчынскім характарам ёсць дакладна. Знаёмства з імі праходзіць ва ўстановах адукацыі Дубровенскага раёна кожны год напярэдадні 23 лютага. Пра кагосьці расказваюць музейныя экспанаты, старыя партрэты і фотаздымкі, нехта сам прыходзіць на сустрэчу з педагогамі і навучэнцамі; адны жылі ў XVII стагоддзі, іншыя ў XIX, многія з’яўляюцца нашымі сучаснікамі. Нягледзячы на розніцу ў эпохах, аб’ядноўвае гэтых людзей са-праўдны мужчынскі характар, які праявіўся ў самых складаных, але самых найлепшых для гэтага ўмовах — падчас вайны.

Нашчадкам у прыклад

Сярод вялікай колькасці салдат і афіцэраў, якімі ганарацца дубровенцы, асаблівае месца займае Аляксандр Іванавіч Казарскі — герой руска-турэцкай вайны 1828 — 1829 гг., пад кіраўніцтвам якога брыг “Меркурый” пасля чатырохгадзіннага бою прымусіў адступіць два турэцкія лінейныя караблі. 18 гармат супраць 184-х. Нерэальна, фантастычна… Многія гісторыкі і знаўцы ваенна-марской справы і да сённяшняга часу сумняваюцца ў сапраўднасці бою. Напрыклад, англійскі гісторык Ф.Джэйн гаварыў у свой час: “Зусім немагчыма дапусціць, каб такое маленькае судна, як “Меркурый”, вывела са строю два лінейныя караблі”. Аднак словы Пушкіна пра “бліскучага Казарскага”, карціны Айвазоўскага, успаміны турэцкіх афіцэраў, сведчаць пра адваротнае. Легендарны бой адбыўся, і пераможцам з яго выйшаў маленькі брыг, якім камандаваў 30-гадовы ўраджэнец Дуброўна Аляксандр Іванавіч Казарскі. Каб разабрацца ва ўсіх пытаннях таго бою, даведацца пра тое, як у літаратуры, архітэктуры, жывапісе ўшанавана памяць пра земляка, члены навуковага таварыства навучэнцаў “Краязнаўца”, з сярэдняй школы № 1 Дуброўна, стварылі ў мінулым годзе пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ларысы Андрэеўны Кабуш даследчы праект “Людзі зямлі Дубровенскай”: “Сумленнае імя ў спадчыну”.
Па словах Ларысы Андрэеўны, ураджэнец Дуброўна быў інтэлігентным чалавекам, прафесіяналам, сапраўдным патрыётам. Ён нарадзіўся 215 гадоў назад 16 чэрвеня 1798 года (існуюць некаторыя іншыя звесткі адносна даты яго нараджэння) у Дуброўне ў сям’і адстаўнога губернскага сакратара, упраўляючага маёнткам князя Любамірскага. Грамаце хлопчык навучаўся ў царкоўна-прыходскай школе. Калі ў 1808 годзе ў Дуброўна прыехаў стрыечны брат яго бацькі Васіль Сямёнавіч, які займаў пасаду ў обер-інтэнданцтве Чарнаморскага флоту, ён прапанаваў адвезці хлопчыка ў горад Нікалаеў у Чарнаморскае штурманскае вучылішча. Момант расставання з бацькам падобны на прыгожую легенду, аднак дакументальна засведчана, што напярэдадні ад’езду Іван Кузьміч сказаў сыну: “Сумленнае імя, Саша, — гэта адзінае, што пакідаю табе ў спадчыну”.
Са жніўня 1813 года Казарскі — гардэмарын, праз два гады — мічман, пасля камандзір атрада невялікіх вёславых суднаў. Падчас непрацяглага водпуску будучы герой вярнуўся на малую радзіму, аднак бацькоўскі дом сустрэў яго запусценнем: у 1812 годзе ён быў разрабаваны атрадам французскай арміі. Побач з домам былі свежыя магілы бацькі і сястры. У 1819 годзе Казарскі служыў на фрэгаце “Яўстафій” пад кіраўніцтвам аднаго з лепшых афіцэраў Чарнаморскай эскадры Івана Сямёнавіча Скалоўскага. Гэта была для Казарскага выдатная камандзірская школа. Будучаму герою назаўсёды запомніліся запаветы Скалоўскага: на вахце не чакай падказкі; ацаніўшы абстаноўку, дзейнічай самастойна і рашуча; устанаві ўзаемапаразуменне з ніжнімі чынамі; намагайся разгадаць задумку непрыяцеля, апераджай яго дзеянні. Званне капітан-лейтэнанта Казарскі атрымаў за ўзяцце Анапы. За адвагу, праяўленую пры штурме Варны, быў узнагароджаны залатой шабляй. Аднак бессмяротны подзвіг прынесла Казарскаму камандаванне 18-гарматным брыгам “Меркурый”. У падпарадкаванні ўраджэнца Дуброўна знаходзіліся чатыры афіцэры і 109 ніжніх чыноў. 14 мая 1829 года брыг “Меркурый” разам з фрэгатам “Штандарт” і брыгам “Арфей” знаходзіліся на крэйсерстве каля Басфора. Нечакана караблі сустрэліся з турэцкай эскадрай. У адрозненне ад “Штандарта” і “Арфея” “Меркурыю” не ўдалося адарвацца ад пераследавання. Яго дагналі два лінейныя 110- і 74-гарматныя караблі. Бой доўжыўся чатыры гадзіны.
Канечне, афіцэры і матросы здагадваліся, якімі могуць быць яго вынікі, таму намертва замацавалі Андрэеўскі сцяг і загадзя падрыхтавалі бочкі з порахам, якія павінен быў узарваць стрэлам з пісталета апошні з жывых афіцэраў каманды. Такая падрыхтоўка была дарэмнай: “Меркурый” нанёс турэцкім караблям значныя пашкоджанні і яны былі вымушаны адступіць. Вось што пісаў пазней штурман турэцкага лінейнага карабля “Рэал-бей”: “У аўторак на світанку мы набліжаліся да Басфора, заўважылі тры рускія судны. Мы пагналіся за імі, але дагнаць змаглі толькі адно. Нечуваная справа! Мы не змаглі прымусіць яго здацца. Ён біўся, адступаючы і манеўруючы па ўсіх правілах марской навукі так дакладна, што сорамна сказаць: мы спынілі бітву, а ён са славаю працягнуў свой шлях. Калі чыё імя і дастойна быць напісана залатымі літарамі на храме славы, то гэта імя капітана гэтага брыга. Ён называецца капітан-лейтэнант Казарскі, а брыг — “Меркурый”.
За здзейснены подзвіг Казарскі атрымаў званне капітана ІІ рангу і быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія IV ступені, назначаны флігель-ад’ютантам. У герб Казарскага, у якасці сімвала гатоўнасці ахвяраваць сабой, была ўнесена выява тульскага пісталета, які Аляксандр Іванавіч напярэдадні бою паклаў на шпіль каля ўваходу ў круйт-камеру для таго, каб у патрэбны момант узарваць порах. Далейшая бліскучая кар’ера Казарскага ў афіцэрскай свіце Мікалая І трагічна абарвалася. Калі Аляксандра Іванавіча накіравалі інспектаваць справы ў Чарнаморскім флоце, ён быў атручаны, пахаваны ў Нікалаеве.
У Севастопалі герою ўстаноўлены велічны помнік з надпісам “Казарскаму. Нашчадкам у прыклад”. Шыльда з выявай гэтага помніка была змешчана на валуне ў цэнтры Дуброўна, непадалёк ад будынка райвыканкама, першай школы і Дома культуры. Насупраць, на будынку паштамта, знаходзіцца іншая памятная шыльда. Наогул, памяць пра Аляксандра Іванавіча Казарскага дастойна ўшанавана на яго радзіме. Акрамя памятнага знака і шыльды, у гонар героя названа адна з вуліц райцэнтра. Як паведамілі ў Дубровенскім райвыканкаме, у хуткім часе супрацоўнікі беларускага тэлебачання плануюць стварыць дакументальны фільм пра Казарскага. Гэтая стужка, а таксама артыкулы ў СМІ, актыўная пошукава-даследчая дзейнасць настаўнікаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Дуброўна прынясуць плённыя вынікі. Будучыя юбілеі подзвігу брыга “Меркурый” дазволяць годна ўшанаваць памяць пра Казарскага не толькі на рэгіянальным, але і рэспубліканскім, міжнародным узроўнях.

Яны прайшлі па той вайне

Актыўная пошукавая работа, збор матэрыялаў не толькі пра Казарскага, але і пра іншых герояў-землякоў стала перадумовай стварэння ў першай школе гісторыка-края-знаўчага музея. Цяпер музей знаходзіцца на рэканструкцыі, калі яна завершыцца і экспазіцыя папоўніцца новымі прадметамі, музей стане яшчэ больш багатай скарбніцай гісторыі Дубровеншчыны, месцам сустрэчы педагогаў і навучэнцаў з мінулым роднага краю.
— Вялікая колькасць сабранага намі матэрыялу патрабавала яго сістэматызацыі. Так было прынята рашэнне аб стварэнні школьнага музея. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 4 мая 1995 года. Усе экспанаты былі змешчаны ў дзвюх залах (“Дуброўна ад сівой даўніны да 30-х гадоў ХІХ стагоддзя” і “Дуброўна з 30-х гадоў ХІХ стагоддзя да сённяшняга часу”). Напрыклад, першая зала складалася з раздзелаў: “Так пачыналася Дуброўна”, “Беларуская хатка”, “На перакрыжаванні крывавых падзей”, “Вядомыя людзі”, “Архітэктура XVIII — XІX стагоддзяў”. Пра нашу актыўную работу сведчаць шматлікія ўзнагароды. Музей — лаўрэат і дыпламант розных конкурсаў. Дзейнасць музея прыносіць не толькі плённыя выхаваўчыя вынікі, дазваляе навучэнцам пазнаёміцца з мінулым роднай зямлі, але і дапамагае людзям знаходзіць сваякоў. Аднойчы да нас у школу прыехаў чалавек з-за Урала. Ён шукаў звесткі пра бацьку-франтавіка, хацеў знайсці месца яго пахавання. Калі мы адкрылі дзверы музея, то ён адразу ж заплакаў. Аказваецца, фотаздымак яго бацькі, які вызваляў Дубровенскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў размешчаны на першым ад увахода стэндзе “Яны вызвалялі наш раён”. Вось хаця б дзеля такіх момантаў і варта праводзіць пошукава-даследчую дзейнасць, — расказвае Ларыса Андрэеўна.
Настаўніца ганарыцца тым, што разам з вучнямі і калегамі сабрала ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — ураджэнцаў Дубровеншчыны. На жаль, ветэраны імкліва сыходзяць ад нас. Сёння ў раёне іх пражывае каля 50. У сувязі з рэканструкцыяй школьнага музея сабраныя пра ветэранаў матэрыялы захоўваюцца ў кабінеце гісторыі і займаюць аж тры шафы, а гэта некалькі дзясяткаў аформленых на 4(сайт)высокім узроўні даследчых работ, фотаальбомаў, дзясяткі імёнаў сапраўдных мужчын. Пра герояў-землякоў настаўнікі і вучні стварылі і некалькі відэафільмаў, рукапісную кнігу “Я прайшоў па той вайне”.
На думку Ларысы Андрэеўны, тыя, хто здзяйснялі подзвігі, рабілі гэта ў імя Радзімы, а не дзеля славы. Гэтыя людзі не шкадавалі свайго жыцця. Выдатным таму прыкладам з’яўляецца біяграфія выпускніка школы разведчыка Рамана Стральцова, які загінуў на тэрыторыі Польшчы падчас адной з дыверсійных аперацый. Сярод вялікага спісу герояў-землякоў настаўніца вылучыла і выпускніка 1939 года Сяргея Цімафеевіча Маісеенку, які ўсё сваё жыццё падтрымліваў цесныя сувязі са школай, па магчымасці матэрыяльна дапамагаў установе адукацыі. Так, па яго хадайніцтве побач са старым будынкам школы быў узведзены новы.
Галоўныя рысы характару Сяргея Цімафеевіча — уважлівасць, клапатлівасць, адвага. Апошняя з пералічаных рыс асабліва яскрава праявілася ў былога камандзіра ўзвода кіравання лейтэнанта Сяргея Цімафеевіча Маісеенкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Звычайнай справай для яго было прабірацца пад шчыльным агнём праціўніка да назіральнага пункта. Такія вылазкі, безумоўна, былі небяспечнымі. Аднойчы асколак міны разбіў радыёстанцыю, якая знаходзілася за спінай у Сяргея Цімафеевіча, сам лейтэнант цудам застаўся цэлым. Дзякуючы яго кемлівасці і адвазе ўсяго за некалькі імгненняў былі выратаваны жыцці дзясяткаў чырвонаармейцаў. Калі стралковы батальён заняў ключавую вышыню, савецкія артылерысты пра гэта не ведалі і рыхтаваліся нанесці, як яны думалі, агонь па ворагу, але ў патрэбны момант Маісеенка папярэдзіў артылерыстаў. Пасля вайны Сяргей Цімафеевіч працаваў ляснічым. Потым займаў пасаду дырэктара лясгаса, а з 1960 года — начальніка галоўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР. Са жніўня 1966 года ён на пасадзе міністра лясной гаспадаркі БССР. За паспяховае выкананне плана развіцця галіны быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
Сярод іншых землякоў Ларыса Андрэеўна вылучыла выпускніка школы Аляксея Якаўлевіча Гаўруцікава, які выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Эфіопіі і пасля звальнення ў запас працаваў ваенным кіраўніком у сярэдняй школе № 1 Дуброўна. Цяпер актыўна займаецца краязнаўствам, шмат зрабіў для выдання кнігі “Памяць. Дубровенскі раён”, прымае актыўны ўдзел у рабоце Дубровенскай раённай арганізацыі ветэранаў.
— Наогул, пачынаць гаворку пра герояў-мужчын, ураджэнцаў Дубровеншчыны, варта з аповеду пра Герасіма Акулава, вядомага майстра-разьбяра па дрэве, які ў XVII стагоддзі быў вывезены ў Маскву, дзе ўпрыгожваў Каломенскі палац і Гранавітую палату. Майстар на ўсе рукі. Ці не такім павінен імкнуцца быць сапраўдны мужчына? — адзначыла Ларыса Андрэеўна.

Зорачкі і падзяка

І ў 1-й школе райцэнтра, і ў сярэдняй школе № 2 Дуброўна выхаванне сапраўдных мужчын адбываецца не толькі дзякуючы вывучэнню біяграфіі салдат і афіцэраў, якія здзейснілі гераічныя ўчынкі, але і падчас правядзення напярэдадні 23 лютага разнастайных выхаваўчых мерапрыемстваў.
— Нашы мерапрыемствы з нагоды Дня абаронцаў Айчыны падзелены па ўзроставых групах. Напрыклад, у пачатковых класах праводзіцца ранішнік “Наперад, хлопчыкі!”, на які мы абавязкова запрашаем бацькоў, у сярэднім звяне праходзяць конкурсы-агляды песні і строю, паэзіі “Радок, абпалены вайной”, у 8 — 11 класы запрашаем на сустрэчу з вучнямі настаўнікаў-ветэранаў. Сярод навучэнцаў у нас таксама праводзіцца конкурс “Славе арміі верныя”, ваенізаваная эстафета “Мы — будучыя абаронцы Айчыны!”, а 23 лютага будзе праходзіць адкрытае мерапрыемства “Песні ваенных гадоў”. Тыдзень напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў нашай школе традыцыйна прысвечаны добрым справам. У гэта час праводзіцца акцыя “Ветэран жыве побач”, падчас якой мы наведваем ветэранаў, якія пражываюць на тэрыторыі мікрараёна горада. Акрамя таго, у нас навучаюцца дзеці з сельскай мясцовасці, дзе таксама арганізавана наведванне ветэранаў дома, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 2 Дуброўна Ірына Уладзіміраўна Сокалава.
У вучняў адным з самых любімых заняткаў падчас падрыхтоўкі да 23 лютага з’яўляецца стварэнне для татаў і дзядуляў, ветэранаў вайны віншавальных паштовак. Для школьнікаў упрыгожванне аркушаў паперы выявамі зорак, ваеннай тэхнікі, прыгожымі літарамі слоў падзякі за мірнае неба — гэта не толькі магчымасць парадаваць родных, але і праявіць свае творчыя здольнасці. Конкурс на лепшую віншавальную паштоўку з нагоды 23 лютага, падчас якога журы ацэньвае эстэтычнае афармленне паштовак і іх напаўняльнасць, — адзін з самых масавых у школе. Асабліва ён папулярны сярод навучэнцаў малодшага і сярэдняга звяна.

Сярод шматлікіх віншавальных слоў, якія прагучаць у гэты святочны дзень, актуальным будзе і такое пытанне: “Хто ён, сапраўдны мужчына? З каго браць прыклад?”. Каб знайсці патрэбны адказ, не абавязкова звяртацца да глянцавых часопісаў і жаночых інтэрнэт-форумаў. Дастаткова азнаёміцца з біяграфіямі людзей, імя якіх напісана залатымі літарамі на храме славы, чые прозвішчы пазначаны на шматлікіх брацкіх магілах і помніках.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 1 Дуброўна.