Сапраўдныя першакласнікі

У сярэдняй школе № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы адбылося свята “Прысвячэнне ў першакласнікі”.

Месяц дзеці адвучыліся ў школе. Зусім нядаўна іх называлі малымі, дашкалятамі, а цяпер пра іх кажуць: “Гэта вучні!”. Старэйшыя школьнікі ў вобразе Бабы Ягі і яе ўнучкі падрыхтавалі і правялі “выпрабаванні”: заданні на ўвагу, загадкі-падманкі, гульні. На працягу ўсяго свята гучалі песні ў выкананні першакласнікаў. Яны далі ўрачыстую прысягу добра вучыцца.

Павіншаваць школьнікаў прыйшлі дзеці з цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў. Яны паказалі першакласнікам, як з паветраных шарыкаў змадэляваць розныя фігуры, цацкі.

У завяршэнні свята ўсе дружна пазіравалі для фота на памяць.

Свята атрымалася, ды і не магло быць інакш, бо рыхтавалася агульнымі намаганнямі. Спонсарам выступіла грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”.

Наталля САЛДАЦЕНКАВА,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы.