Сардэчна запрашаем да нас у Каралеўства!

- 15:33Нам пішуць

Летнія канікулы — пара прыгод, адкрыццяў, новых кніг, гульняў, прагулак, сустрэч з сябрамі. Гэта асабісты час дзіцяці, распарадзіцца якім ён мае права сам, а яго змест і арганізацыя — актуальная жыццёвая праблема, у вырашэнні якой неацэнная дапамога дарослых і, перш за ўсё, педагогаў. Гэтым летам педагагічны калектыў Гервяцкай сярэдняй школы арганізоўвае тэматычную змену “КИД (Королевство интересных дел)”. Пашырэнне кругагляду, атрыманне новых ведаў, выпрацоўка новых уменняў і навыкаў, магчымасць паспрабаваць сябе ў новай справе ў новай ролі — усё гэта магчыма ў рамках праекта. Тут няма гледачоў — тут усе ўдзельнікі.

Ідэя змены прадугледжвае наступны сюжэт. Усе дзеці — жыхары Каралеўства цікавых спраў, размешчанага ў трох кабінетах:

– тронная зала — месца, дзе праходзяць ранішнія сустрэчы, дзе ёсць інфармацыя па лагеры (чытацкі куток “Мудрые мысли КИД”, экран чысціні “КИД”, экран настрою, часопіс “Хроніка водгукаў і пажаданняў”). У гэтай зале плануецца дзейнасць каралеўства, аналізуюцца і падводзяцца вынікі.

– зала забаў — месца, дзе праходзяць лагерныя мерапрыемствы, заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, прагляд фільмаў.

– спальныя апартаменты — месца адпачынку дзяцей 1-2 класаў.

На працягу ўсёй змены вядзецца “Летопись КИД”. Згодна з картай, у каралеўстве ёсць вежы здароўя і спорту, вежа гісторыі, культуры і традыцый (у рамках вывучэння малой радзімы), вежа талентаў, вежа навуковых адкрыццяў, а таксама даліна фантазіі і гумару. На кожным з гэтых аб’ектаў каралеўства арганізаваны работы па пэўных кірунках.

Лагерны атрад — гэта “каралеўскі двор”, якім кіруе камандзір атрада — кароль ці каралева, у ролі якіх паспрабаваць сябе можа кожны. На працягу дня дзеці атрымліваюць розныя бонусы за ўдзел у мерапрыемствах. Калі хто атрымаў найбольшую колькасць такіх бонусаў, на сходзе ў троннай зале “стары” кароль перадае яму сваю карону і паўнамоцтвы.

Функцыі і абавязкі іншых хлопцаў размеркаваны наступным чынам: галоўны саветнік, саветнік па спорце і здароўі, саветнік па чысціні і парадку, саветнік па працы, першы і другі дарадцы па культуры.

У ходзе змены хлопцы кожны дзень аздабляюць “Карту путешествий КИД” фотавыявамі мерапрыемстваў, дзе бралі ўдзел. Такім чынам, створанае да канца змены палатно раскажа пра жыццё ў каралеўстве.

На сёння на “Карте путешествий КИД” шмат цікавага: свята “1 чэрвеня — Дзень абароны дзяцей”, конкурс малюнкаў на асфальце “Лета! Дзяцінства! Шчасце!”, спартыўнае свята “Вясёлая краіна Спартландыя”, адкрыццё лагернай змены “Каралеўства мары”, экскурсія ў Лідскі цэнтр МНС з наведваннем парка забаў, майстар-клас па рукадзеллі “Кветачка з нітак”, заняткі з элементамі трэнінгу “Што такое інтэрнэт?”, КВЗ па АБЖ, акцыі “Квітней, мой край!”, “Дары прыроды”, “Малая радзіма: эстафета карысных спраў” і іншыя.

Мы вельмі спадзяёмся, што нам удалося зрабіць лета ў лагеры яркім, цікавым, карысным, бяспечным.

Наталля ЛАПУНЯ,
настаўніца пачатковых класаў, дырэктар лагера Гервяцкай сярэдняй школы.