Сацыяльная накіраванасць узмоцніцца

Бюджэт Беларусі на 2019 год будзе яшчэ больш сацыяльна накіраваным, чым у папярэднія гады. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў эфіры тэлеканала СТБ.

“Другарадных пытанняў у дэпутатаў няма. Што тычыцца бюджэту на наступны год, то кансалідаваны бюджэт у нас практычна дасягае Br37 млрд, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Вы ведаеце, што каля 10 працэнтаў бюджэтных сродкаў, якія мы раней трацілі на падтрымку прамысловых прадпрыемстваў, накіроўваем на павелічэнне аб’ёмаў асігнавання на сацыяльную сферу. І ў новым годзе сацыяльная накіраванасць яшчэ вырасце ў параўнанні з папярэднімі гадамі”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Актыўна працуюць дэпутаты і над змяненнямі ў Падатковым кодэксе. “Прэзідэнтам пастаўлена задача спрасціць яго, зрабіць больш зразумелым людзям. Не магу сказаць, што мы на 100 працэнтаў вырашылі гэтую задачу. Але значны крок наперад зроблены, магчыма, штосьці давядзецца дапрацоўваць”, — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Таксама ён падкрэсліў, што большасць законапраектаў, якія цяпер разглядаюцца, так ці інакш накіраваны на дасягненне паказчыка ВУП да 2020 года ў $100 млрд, таму закранаюць тэмы развіцця малога і сярэдняга бізнесу, прыцягнення інвестыцый і г.д. “Мы ратыфікавалі шэраг пагадненняў, накіраваных на прыцягненне выгадных для Беларусі інвестыцый. Гэта будзе павялічваць аб’ём ВУП, вырашаць пытанні занятасці насельніцтва, напаўнення бюджэту і павышэння ўзроўню заработнай платы”, — сказаў на заканчэнне Уладзімір Андрэйчанка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *