Сацыяльная паспяховасць навучэнцаў —

важны кірунак дзейнасці класнага кіраўніка

На працягу трох гадоў мы разам з вучнямі прымалі ўдзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”. Мэта праекта — арганізацыя адукацыйнага асяроддзя школы, арыентаванага на фарміраванне сацыяльнай паспяховасці выпускніка.

Адным з пунктаў перспектыўнага плана па рэалізацыі праекта стала захаванне і ўмацаванне здароўя навучэнцаў. Мерапрыемствы былі арыентаваны і на асобаснае развіццё. Навучэнцы прынялі ўдзел у спартыўных святах “Юны алімпіец”, “Малыя алімпійскія гульні”, што дало магчымасць сфарміраваць веды пра спорт для ўмацавання здароўя. Было падрыхтавана выступленне агітбрыгады ў рамках піянерскага збору “ЗЛЖ — гэта моцна!”, арганізаваны сустрэчы і прафілактычныя гутаркі з супрацоўнікамі медыцынскіх устаноў. Таксама мы правялі спартыўныя мерапрыемствы “Вясёлыя старты”, першынства школы па піянерболе, баскетболе, настольным тэнісе і шахматах, “Сямейны валейбол”, футбольныя спаборніцтвы.

Для фарміравання агульнакультурнай кампетэнцыі мы арганізавалі культурныя выхады на спектаклі Мазырскага драматычнага тэатра, выставы Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея, наведалі Музей энергазберажэння ў Гомелі, Музей тэатральнага і музычнага мастацтва ў Мінску, выступленні музыкантаў і танцавальных калектываў “Палеская зорачка” і “Харошкі”.

Працоўнае і прафесійнае выхаванне заняло важнае месца ў інавацыйнай дзейнасці школы. Адным з вядучых кірункаў стала прафесійная арыентацыя навучэнцаў. Была праведзена класная гадзіна “Мазырскі НПЗ у маім жыцці”. Дзеці сустрэліся з прадстаўнікамі завода, пазнаёміліся з самым буйным прадпрыемствам нашага горада. Тэму класнай гадзіны “Самыя модныя прафесіі” мы абмяркоўвалі з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры і следчага камітэта Мазырскага раёна. Школьнікі прынялі ўдзе­л у прафарыентацыйным тэсціраванні, накіраваным на ранняе прагназаванне прафесійных схільнасцей. Немалаважнае ў гэтым кірунку ўзаемадзеянне з арганізацыямі і прадпрыемствамі. Для знаёмства з іх дзейнасцю былі арганізаваны экскурсійныя паездкі на буйныя прадпрыемствы: ААТ “Мазырсоль”, “Белаз” у Жодзіне, Мазырскі доследны лясгас, унітарнае прадпрыемства “Кока-Кола Беврыджыз Беларусь” у Мінску.

Духоўна-маральнае і экалагічнае выхаванне навучэнцаў і фарміраванне каштоўнасна-сэнсавай кампетэнцыі занялі асаблівае месца ў дзейнасці ўстановы. Дзеці прынялі ўдзел у раённых акцыях “Міласэрнасць”, “Дапамога дзецям-сіротам”. Мы правялі класныя гадзіны “Добра там, дзе ёсць міласэрнасць”, “Міласэрнасць у маёй душы”. Разважанні на гэтую тэму дапамаглі дзецям разабрацца ў пытаннях дабрачыннасці і міласэрнасці, узаемадапамогі і падтрымкі. Вучнямі была арганізавана дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, педагагічнай працы і адзінокім пенсіянерам. Стала традыцыйным правядзенне акцый “Дапаможам птушкам, якія зімуюць”, “Кожнай птушцы па кармушцы”, “Браты нашы меншыя”, “Міласэрнасць у кожны дом”.

Для выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці і фарміравання інфармацыйнай кампетэнцыі навучэнцаў праведзены сумесныя мерапрыемствы з рознымі арганізацыямі і службамі. Акцыя “Бяспека ў кожны дом” — з прадстаўнікамі МНС. Таксама былі арганізаваны сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі і ДАІ, з медыцынскімі работнікамі. Школьнікі пабывалі ў спецыялізаваным ліцэі пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь у Гомелі.

Далучэнне да культурных каштоўнасцей роднай краіны — важны кірунак дзейнасці. Для пашырэння кругагляду ў галіне края­знаўства і гістарычна-культурных каштоўнасцей нашай радзімы праведзены экскурсійныя паездкі і мерапрыемствы. У гарадскім пасёлку Юравічы Калінкавіцкага раёна мы наведалі стаянку першабытнага чалавека і Свята-Ражджаство-Багародзічны мужчынскі манастыр. Пабывалі на экскурсіі ў Гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў. Незабыўнымі былі паездкі ў Нясвіж і Мір.

Для фарміравання кампетэнцыі асобаснага самаўдасканалення навучэнцаў, а таксама з мэтай эстэтычнага выхавання і фарміравання псіхалагічнай культуры мы правялі серыю класных гадзін, якія былі прысвечаны стварэнню свайго іміджу, свету захапленняў, развіццю. Вучні ўдзельнічалі ў дэфіле школьнай формы — прапагандавалі дзелавы стыль адзення для ўстаноў адукацыі.

З мэтай грамадзянска-патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання навучэнцаў праведзены класныя і інфармацыйныя гадзіны, сустрэчы з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, экскурсійныя паездкі… Праведзена серыя класных і інфармацыйных гадзін: “Выз­валенне Мазыра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “Мірнае неба над галавой”, “Вызваленне Беларусі. Як гэта было?”, быў арганізаваны працоўны дэсант “Ад помніка да помніка”. Школьнікі добраўпарадкоўвалі тэрыторыю мемарыяльнага комплексу “Курган Славы” ў Мазыры, прынялі ўдзел у праекце “Раскажам разам пра вайну”, наведалі мемарыяльны комплекс “Азарычы”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, мемарыяльныя комплексы “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Чырвоны Бераг” у Жлобінскім раёне, “Хатынь” у Лагойскім раёне. У школе значная ўвага ўдзяляецца вывучэнню сімволікі Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе пачаў работу міні-музей дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.

На працягу трох гадоў работа была накіравана на паспяховую сацыялізацыю дзяцей. Яны навучыліся працаваць над праектамі, распрацоўваць сцэнарыі і дэманстраваць свае дасягненні публіцы. У пачатку работы ў рамках інавацыйнага праекта вучні знаходзіліся на ўзроўні “МЫ” — мы жадаем, мы можам. Паднімаючыся па прыступках сацыяльнай паспяховасці, кожны марыць апынуцца на прыступцы “Я” — я магу прыняць уласнае рашэнне, я магу ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі ў грамадстве. Нягле­дзячы на тое, што праект завершаны, наша работа працягваецца, і мы імкнёмся да новых поспехаў.

Алена БОБР,
класны кіраўнік 10 “Б” класа сярэдняй школы № 14 Мазыра.