Сацыяльны спектакль як форма прафілактыкі

- 10:51Навіны рэгіёнаў

Данесці інфармацыю пра шкоду наркотыкаў мазырскім навучэнцам вырашылі праз тэатральную пастаноўку. Праблемны спектакль “Мы выбіраем жыццё”, які прэзентавалі педагогі і вучні мазырскай сярэдняй школы № 11, меў мэту ўздзейнічаць на пачуцці і эмоцыі падлеткаў, а гэта, як вядома, мацней за любыя словы.

Праблема наркаманіі сярод падлеткаў і моладзі зараз вельмі вострая. Яна разраслася да неверагодных маштабаў і стала болем усяго чалавецтва.

Наркаманія — гэта хвароба, і, як любое іншае захворванне, яе лепш прадухіліць, чым лячыць. Антынаркатычная работа вядзецца ўсюды і амаль ва ўсіх узроставых групах. Такія традыцыйныя формы, як гутаркі, лекцыі, круглыя сталы, дзейнасць агітбрыгад, даўно прапісаліся ў планах мерапрыемстваў устаноў адукацыі. Але, на жаль, яны не заўсёды эфектыўныя. Немагчыма цалкам засцерагчы падлеткаў ад наркотыкаў, таму трэба навучыць іх бяспечна існаваць побач з імі, супрацьстаяць ціску аднагодкаў, умець сказаць “не”.

У сярэдняй школе № 11 Мазыра вырашылі адысці ад традыцыйных форм работы ў прафілактыцы наркаманіі і пачалі шукаць нешта новае і больш дзейснае. Так з’явілася ідэя сацыяльнага спектакля “Мы выбіраем жыццё”, які быў пастаўлены ў рамках праекта “У будучыню без наркотыкаў”. Акцёрамі сталі вучні старшых класаў і педагогі ўстановы.

— Галоўным было паказаць рэальныя сітуацыі з жыцця, прымусіць гледача задумацца пра сур’ёзнасць праблемы, — дзеліцца задумкамі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Алянёва, якая выступіла рэжысёрам-пастаноўшчыкам сацыяльнага спектакля. — Гэты спектакль, несумненна, прымусіць разважаць над сацыяльнай з’явай не толькі падлеткаў, але і бацькоў, і педагогаў.

На сцэне разгортваецца сапраўдная драма. Гледачы былі ўзрушаны моцнай энергетыкай кожнай сцэны. Так ярка і рэалістычна намаляваныя пакуты маці, ломка ў наркаманаў, уцёкі з дому, сямейныя драмы, што гледачы плачуць, адчуўшы праблему. Акцёры ўжыліся ў свае ролі, прапусцілі усё “праз сябе”. Дзякуючы майстэрству акцёрскай гульні, спектакль ператвараецца з сацыяльна важнай падзеі ў мастацкі акт, дзе сціраецца мяжа паміж сцэнай і гледачом, праўдай і гульнёй, тэатрам і жыццём. Пэўную сапраўднасць дзеянню надаюць афармленне сцэны і касцюмы, а музыка, якая гучыць у спектаклі, то пранікае ў глыбіню душы, узмацняючы боль за герояў, то нібыта перажывае разам з гледачом.

У спектаклі паказана трагедыя падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі, трагедыя маці, чые дзеці сталі наркаманамі. Дзеянне спектакля развіваецца па нарастаючай, з нечаканымі паваротамі, уцягваючы ўсё новых і новых персанажаў. Што важна, у пастаноўцы няма дакучлівай маралі, з якой не мірацца падлеткі. Затое гледачы ў поўнай меры ўсведамляюць усю жорсткасць і той боль, які прыносіць наркатычны палон.

Калі падчас прэм’еры спектакля акідваеш вачыма залу, бачыш сур’ёзныя твары юных гледачоў, адчуваеш іх неабыякавасць і суперажыванне. Але ёсць і выключэнні. Зрэдку гучалі рэплікі падлеткаў, хтосьці нават пасмейваўся. Педагог-псіхолаг Ірына Гнядзько тлумачыць гэта з прафесійнага пункту гледжання і называе сацыяльны спектакль своеасаблівым тэстам па наркаманіі.

— Калі хто-небудзь з дзяцей смяецца, то 99% са 100, што ён спрабуе ці спрабаваў наркотыкі, — лічыць Ірына Аляксандраўна. — Гэты сацыяльны спектакль прапануе “прымераць” гісторыі на сябе і нібы падрыхтаваць сваё “Я” да ўспрымання ў рэальнасці, калі такое здарыцца.

Псіхолаг адзначае, што вось такі сацыяльны спектакль — самая эфектыўная форма ўздзеяння на падлеткаў. Менавіта ў ім спалучаюцца псіхапрафілактыка і выхаваўчыя моманты — тое, чаго якраз і не хапае нашым падлеткам з-за недахопу зносін у сям’і. Нягледзячы на тое, што эмацыянальныя перажыванні вельмі моцныя, спектакль не пакідае цяжкасці. Небанальны фінал не сцірае адчуванне трагедыі, але ж змяняе ўспрыманне: на першы план выступаюць асобы не асуджаных людзей, а людзей, якія мараць, спадзяюцца на лепшае і будуюць планы на будучыню.

Безумоўнай вартасцю спектакля можна назваць тое, што ён паказвае розныя гісторыі, але не дыктуе, як трэба рабіць. Глядач толькі бачыць, да чаго можа прывесці да-дзеная сітуацыя: смерць, адзінота, страх за жыццё. Выбар жа застаецца за ім.

— Упэўнена, што гэты сацыяльны спектакль паслужыць урокам усім, хто легкадумна ставіцца да наркотыкаў, не лічачыся з небяспекай, якую яны нясуць, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 11 Мазыра Яўгенія Варановіч. — І калі хоць аднаго падлетка атрымаецца ўратаваць ад наркотыкаў, намаганні не прайшлі дарэмна.

Наталля ЛУТЧАНКА.