Сацыяльныя партнёры: вынікі і абнаўленне

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Цэнтральны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі падвялі вынікі выканання пагаднення паміж міністэрствам і прафсаюзам на 2019— 2022 гг., а таксама ўнеслі ў яго пэўныя дапаўненні і змяненні, звязаныя з новай сістэмай аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый у працоўным заканадаўстве.

— Пагадненне вызначае асноўныя кірункі рэгулявання працоўных адносін, устанаўлівае агульныя прынцыпы правядзення ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, — падкрэсліў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. — Выкананне пагаднення ў 2019 годзе ажыццяўлялася на аснове канструктыўнага ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства. Вырашаліся пытанні абароны прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў, паляпшэння жыццёвага ўзроўню за кошт удасканалення сістэмы аплаты працы, паляпшэння ўмоў аховы працы і здароўя работнікаў, абароны адзінокіх маці, аказання дапамогі інвалідам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

І.В.Карпенка асабліва адзначыў сумесную работу Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза са студэнцкай моладдзю.

— Хачу падзякаваць нашым сацыяльным партнёрам, Міністэрству адукацыі, за канструктыўны дыялог, які ў нас адбываецца пастаянна па ўсіх бягучых пытаннях, — заўважыла ў сваю чаргу старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч. — Мы сур’ёзна папрацавалі над змяненнямі і дапаўненнямі, неаднойчы праводзілі рабочыя сустрэчы і абноўленае пагадненне добра адпрацавана.

Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Руды і намеснік старшыні галіновага прафсаюза Валянціна Аляксееўна Ільіна больш падрабязна расказалі пра выкананне норм пагаднення ў 2019 годзе. Адной з галоўных задач было павышэнне заработнай платы работнікаў галіны, забеспячэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы. Так, для павышэння зарплаты, забеспячэння дыферэнцыраванага падыходу да аплаты працы з 1 студзеня 2019 года педагагічным работнікам устаноўлены надбаўкі за выкананне асобных відаў работ з павелічэннем фонду заработнай платы педагагічных работнікаў на 5%. Міністэрства і прафсаюз для выканання палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 года № 27 распрацавалі новыя ўмовы аплаты працы работнікаў галіны, якія зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі.

На сустрэчы былі адзначаны і многія іншыя захады па павышэнні матэрыяльнага дабрабыту людзей. Напрыклад тыя, што тычацца павышэння стыпендый аспірантам і дактарантам, устанаўлення штомесячнай выплаты непрацуючым пенсіянерам з ліку асоб, якія маюць вучоную ступень доктара навук і вучонае званне прафесара. Прыняты і іншыя рашэнні ў гэтым кірунку, якія абавязкова праходзяць узгадненне з галіновым прафсаюзам.

У мінулым годзе па патрабаванні прафсаюза вернута каля 2 млн рублёў, незаконна ўтрыманых або нявыплачаных членам прафсаюза. У цэнтры ўвагі было правядзенне маніторынгаў кантрактнай формы найму ў арганізацыях, дзе яшчэ захаваўся значны працэнт кантрактаў, заключаных на 1 год. Па дамоўленасці паміж міністэрствам і галіновым прафсаюзам сацыяльныя партнёры ўдзельнічалі ў маніторынгу якасці харчавання навучэнцаў і яго цэнаўтварэння. Праводзілася абследаванне дзіцячых аздараўленчых лагераў, ацэнка бяспекі ўмоў працы ў студэнцкіх атрадах, у лагерах працы і адпачынку, падчас летняй уборачнай кампаніі, абследаванне ўстаноў адукацыі па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, да асенне-зімовага перыяду. У мінулым годзе было зроблена многае, у тым ліку ў плане арганізацыі аздараўлення, правядзення спартыўных спаборніцтваў, матэрыяльнага стымулявання працаўнікоў і г.д.

Работа па падрыхтоўцы праекта па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі пачалася яшчэ ў канцы мінулага года — у ім не было і няма норм, якія б пагаршалі становішча работнікаў галіны ў параўнанні з працоўным заканадаўствам, ёсць шэраг дадатковых прававых гарантый, якія даюць наймальнікам права ўстанаўліваць іх у мясцовых пагадненнях, калектыўных дагаворах.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.