Сацыяльныя прыярытэты захаваны

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Бюджэт краіны 2016 года захавае былыя прыярытэты і будзе сацыяльна арыентаваным, паведаміла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава. Яна правяла выязное пасяджэнне міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў у Магілёве. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, арганізацый і ўстаноў сацыяльнай сферы, намеснікі старшынь аблвыканкамаў.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, фарміраванне бюджэту — гэта вельмі сур’ёзна і адказна. Такім чынам плануецца развіццё краіны на найбліжэйшыя гады, і, вядома, мае вялікае значэнне тое, што захоўваецца сацыяльная накіраванасць бюджэту. Самае галоўнае ў Беларусі — гэта чалавек, яго клопаты, яго патрэбы, канстатавала Наталля Качанава. Пацвярджэннем гэтага якраз з’яўляецца правядзенне міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў.
“Мы ўзялі за правіла праводзіць усе аналагічныя пасяджэнні ў рэгіёнах краіны. Калі мы выязджаем у рэгіён, то бачым, як рэалізуецца ўсё тое, што прымаецца на дзяржаўным узроўні. Гэта дае магчымасць азнаёміцца з існуючымі праблемамі і ў далейшым прымаць аб’ектыўныя і правільныя кіраўніцкія рашэнні”, — адзначыла Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, тэма інвалідаў, якая разглядаецца на пасяджэнні, для дзяржавы актуальная. Зусім нядаўна Беларусь далучылася да міжнароднай канвенцыі аб правах інвалідаў, і тое, як сёння рэалізуюцца ў рэгіёнах дзяржаўныя праграмы, вельмі важна.
“Наведаўшы чарговы раз Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, я яшчэ раз пераканалася, што тут створаны дастойныя ўмовы для атрымання адукацыі маладымі хлопцамі і дзяўчатамі з абмежаванымі магчымасцямі. А паказчык паспяховасці гэтай навучальнай установы ў тым, што выпускнікі застаюцца працаваць тут і ў далейшым. З больш як 300 выкладчыкаў звыш 100 — выпускнікі каледжа. Гэта сведчыць не толькі аб тым, што тут добрыя традыцыі, але і аб тым, што тут набываюцца веды і высокая кваліфікацыя. Выпускнікі гэтай навучальнай установы запатрабаваны на рынку працы”, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Намеснік прэм’ер-міністра звярнула ўвагу на тое, што работнікі і навучэнцы каледжа толькі ў гэтым навучальным годзе зарабілі амаль Вr8 млрд. “Гэта немалая сума і цудоўная падтрымка да таго, што сёння выдзяляецца дзяржавай на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы”, — канстатавала яна.
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся і з работай Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. На пасяджэнні былі абмеркаваны пытанні, якія датычацца перспектыў развіцця валанцёрскага руху ў частцы аказання дапамогі ветэранам, інвалідам і іншым, хто мае патрэбу, атрымання адукацыі інвалідамі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі. Таксама быў разгледжаны і зацверджаны план работы міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў на 2016 год.