На працягу некалькіх месяцаў Астравецкі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа рэалізоўваў сацыяльны праект па супрацьдзеянні гандлю людзьмі і навучанню бяспечным правілам карыстання інтэрнэт-рэсурсамі «Сацыяльныя сеткі: мамы, таты і дзеці».
— Гандаль людзьмі — страшная рэальнасць сучаснага свету. Большасці з нас здаецца, што гэта адбываецца дзесьці далёка і не з намі, а ў гэты час штогод сотні, тысячы жанчын, мужчын, дзяцей трапляюць у абарот гандлю людзьмі, — гаворыць кіраўнік праекта, намеснік дырэктара цэнтра творчасці Святлана Казіміраўна Куцько. — Справа пагаршаецца імклівым развіццём інтэрнэту: з пашырэннем магчымасцей сацыяльных сетак злачынцы могуць «ўтульна» размясціцца на кожнай кухні, у кожнай спальні: выйшаў у сусветнае павуцінне — і вось яна, свабода і матэрыяльны дабрабыт.
— Калі мы працавалі над праектам «Сацыяльныя сеткі: мамы, таты і дзеці», ставілі мэту зацікавіць бацькоў і моладзь раёна, якія практычна штодня чуюць аб новых, часцяком беспакараных, злачынствах супраць дзяцей у інтэрнэт-прасторы. І вельмі рады, што нашы намаганні і распрацаваны план мерапрыемстваў быў ацэнены Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, які вылучыў нам грант на рэалізацыю праекта ў памеры 500 рублёў, — працягвае Святлана Казіміраўна.
Пачатак рэалізацыі праекта быў пакладзена арганізацыйным зборам — менавіта тады вызначыліся жадаючыя стаць удзельнікамі праекта, а пасля і валанцёрамі, якія працягваюць несці ідэі праекта ў маладзёжнае асяроддзе.
На працягу двух месяцаў юнакі і дзяўчаты з Гудагайскай сярэдняй школы і гарадскіх устаноў адукацыі, а таксама педагогі цэнтра творчасці сталі ўдзельнікамі і арганізатарамі цікавых мерапрыемстваў і акцый, выпусцілі мноства буклетаў і брашур па супрацьдзеянні гандлю людзьмі і навучанню бяспечным правілам карыстання інтэрнэт-рэсурсамі і раздалі іх падлеткам і моладзі.
— Адным з першых мерапрыемстваў праекта стала школа маладога валанцёра, у якой прынялі ўдзел члены валанцёрскіх атрадаў гарадскіх устаноў адукацыі. Хлопцы і дзяўчаты праслухалі курс аб валанцёрскім руху і замацавалі атрыманыя веды, — расказвае куратар праекта.
Яшчэ адным цікавым момантам стаў квэст «Пастка» — папулярная гульня, у якой камандам-удзельніцам неабходна было знайсці выхад з пакоя з дапамогай пошуку падказак, рашэння лагічных і матэматычных галаваломак. Крок за крокам падлеткі разгадвалі рэбусы і загадкі, прасоўваючыся да выхаду. Выбрацца з пакоя можна было, толькі адшукаўшы ключ.
— Апошнім часам такія гульні-квэсты карыстаюцца папулярнасцю ў падлеткаў і моладзі, — кажа намеснік дырэктара цэнтра творчасці Вольга Валянцінаўна Стэфановіч. — Мы паспрабавалі «прывабіць» дзяцей у пастку, каб выявіць іх залежнасць ад сацыяльных сетак. У нас гэта атрымалася, але школьнікі прайшлі ўсе выпрабаванні, вызваліліся з сетак рабства і сталі пераможцамі ў гульні. Спадзяемся, што гэтак жа сама яны змогуць выбрацца з складаных жыццёвых сітуацый.
Цікава прайшоў брэйн-рынг «Ведай аб небяспецы!» і фотамайстэрня «Не стань таварам». Падчас правядзення першага мерапрыемства ўдзельнікі парадавалі арганізатараў эрудыцыяй, артыстызмам, крэатыўнасцю і арыгінальнасцю, а таксама здолелі вырашыць усе праблемы і абыйсці ўсе перашкоды, якія сустракаліся на іх шляху. На другім з хлопцамі і дзяўчатамі працавалі цырульнікі і візажысты, а потым школьнікі вучыліся пазіраваць перад фотакамерай і дэманстраваць свае эмоцыі так, каб не прыцягнуць да сябе ў сацсетках лішняга ўвагі.
— Маладое пакаленне рэдка задумваецца пра мінусы сацыяльных сетак, а ўжо тым больш пра тое, да чаго могуць прывесці выпадковыя знаёмства, даверлівасць і жаданне атрымаць папулярнасць на прасторах інтэрнэту, — лічыць Святлана Казіміраўна Куцько. — Менавіта таму Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі вырашыў вывучыць гэтую праблему і даць дзецям патрэбную інфармацыю, якая дапаможа пазбегнуць небяспекі і зрабіць правільны выбар. Мы павінны агульнымі намаганнямі засцерагчы дзяцей ад такой страшнай бяды, як гандаль людзьмі, якую тоіць у сабе кіберпрастора.
Алена Ярашэвіч,
фота Святланы Куцько.