“Сацыяльныя сеткі неабходна ператварыць у эфектыўны педагагічны інструмент”

- 10:30Якасць адукацыі

Па выніках работы сістэмы адукацыі за 2020 год граматай Міністэрства адукацыі і пераходзячым сімвалам якасці “Лепшы ў адукацыі” адзначана ўпраўленне па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама. Што прывяло да такога поспеху, якія напрамкі ў адукацыйнай галіне рэгіёна лічацца сёння прыярытэтнымі і як арганізавана работа па іх, нашаму карэспандэнту расказвае начальнік упраўлення Таццяна Іванаўна ШАСТАК.

—Узнагарода такога ўзроўню — гэта вынік штодзённай зладжанай работы ўсіх 74 калектываў устаноў адукацыі горада ў супрацоўніцтве з упраўленнем па адукацыі на карысць падрастаючага пакалення, законных прадстаўнікоў навучэнцаў і, вядома ж, саміх педагагічных работнікаў. Гэта поспех, у якога шмат складнікаў: у Рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі ўключаны 286 баранавіцкіх школьнікаў, пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі 38% яе ўдзельнікаў, гордасць горада — шматразовы пераможца міжнародных матэматычных алімпіяд Уладзіслаў Кошчанка, выпускнік гімназіі № 1, у 13 установах адукацыі горада працуюць эксперыментальныя і інавацыйныя пляцоўкі, актыўна ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі, высока развіта сістэма дадатковай адукацыі, у якой кожны другі ўдзельнік конкурсаў, акцый рознага ўзроўню становіцца пераможцам.

Штогод упраўленнем вядзецца сістэмная работа па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Выкананне зводных мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады і прынятых сацыяльных стандартаў у галіне адукацыі на 2020 год забяспечана ў поўным аб’ёме.

Сёння ўпраўленне па адукацыі — гэта не толькі педагагічныя асы, гэта і маладыя кадры, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях, гледзячы на настаўнікаў-мэтраў; гэта мудрыя кіраўнікі, якія ўмеюць планаваць, ставіць мэты, дасягаць іх, дзяліцца поспехамі і радавацца адно за аднаго; гэта і тэхнічны персанал, які стварае камфортныя ўмовы для паспяховай вучобы; гэта бацькі нашых навучэнцаў, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і памочнікамі ўсіх адукацыйных мерапрыемстваў, і, вядома, гэта нашы дзеці — “залатыя ўкладальнікі” ў гісторыю роднага горада.

— Таццяна Іванаўна, якія трэнды ў развіцці сістэмы адукацыі горада вы маглі б назваць?

— Развіццё адукацыі горада накіравана на дасягненне галоўнай мэты — атрыманне якаснай адукацыі з дапамогай сучасных адукацыйных рэсурсаў, з развіццём кадравага патэнцыя­лу, укараненнем сучасных метадаў кіравання, што з’яўляецца ўмовай фарміравання выпускніка з яснай грамадзянскай пазіцыяй, адказнага за лёс сваёй краіны.

Развіццё ініцыятыўнасці асобы, стварэнне ўмоў для яе самарэалізацыі, паспяховай сацыяльнай адаптацыі ажыццяўляецца праз пазаўрочную занятасць. Навучэнцы могуць займацца ў аб’яднаннях па інтарэсах як на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, так і ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Вялікі патэнцыял у арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў мае Палац дзіцячай творчасці. Разнастайнасць відаў дзейнасці дазваляе кожнаму дзіцяці, падлетку выбраць сабе справу па душы. Ужо стаў традыцыйным Адкрыты міжнародны фестываль-семінар дзіцяча-юнацкіх і маладзёжных тэатраў “Параллельные миры”, які штогод праходзіць на базе палаца. У фестывалі прымаюць удзел тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Германіі.

З вялікай цікавасцю школьнікі горада наведваюць Цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства, асноўным напрамкам работы якога з’яўляецца вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, а таксама на працягу многіх гадоў рэалізуюцца адукацыйныя праграмы, якія прадугледжваюць арганізацыю работы з дзецьмі розных катэгорый, у тым ліку з дзецьмі, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы.

Структура дашкольнай адукацыі горада адрозніваецца мабільнасцю і своечасовым рэагаваннем на зменлівыя ўмовы і запыты баць­коў. Даступнасць дашкольнай адукацыі захоўваецца за кошт развіцця шматфункцыянальнай сеткі дашкольных устаноў, укаранення новых форм работы педагогаў. Адукацыйныя паслугі дашкольных устаноў маюць вялікую коль­касць напрамкаў (у тым ліку на платнай аснове): харэаграфія, замежныя мовы, дзіцячае ручное ткацтва, фізкультурна-аздараўленчая работа (плаванне), экалагічнае выхаванне. Актыўна ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі з кароткачасовым рэжымам знаходжання дзяцей ва ўстановах (адаптацыйныя групы, матчына школа і інш.).

— Баранавічы смела можна назваць інавацыйным рэгіёнам. У практыцы работы ўстаноў адукацыі інавацыйная работа вядзецца даўно і дастаткова эфектыўна. Што яна дае? У якіх цікавых праектах удзельнічаюць вучні і педагогі сёлета?

— Сапраўды, немалаважную ролю ў стварэнні якаснай сістэмы адукацыі адыгрывае эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць, якая ахоплівае ўсе ступені адукацыі і забяспечвае іх бесперапынную ўзаемасувязь.

Вынік адных інавацыйных праектаў — засваенне і мэтанакіраванае выкарыстанне эфектыўных сучасных тэхналогій кіравання і навучання; канкурэнтаздольны, мабільны педагог, які валодае сістэмным, метадалагічным мысленнем, і, такім чынам, павышэнне акадэмічнай паспяховасці навучэнцаў.

Праекты другога напрамку спрыяюць укараненню мадэлі мабільнага навучання і выкарыстання інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій новага пакалення з прафарыентацыйнай тэматыкай; дазваляюць стварыць арганізацыйна-педагагічныя ўмовы для стымулявання прадпрымальнасці, ініцыятывы навучэнцаў з дапамогай канструявання прадпрымальніцкіх праектаў; дапамагаюць забяспечыць псіхолага-педагагічныя і матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы для правя­дзення даследчай дзейнасці навучэнцамі; распрацаваць індывідуальныя праграмы даследчай дзейнасці навучэнцаў і забяспечыць цьютарскае суправаджэнне іх рэалізацыі.

У выніку рэалізацыі праектаў трэцяга напрамку забяспечваецца эфектыўнасць інклюзіўнай адукацыі для ўсіх яго ўдзельнікаў і задаволенасць бацькоў умовамі і зместам адукацыйнага працэсу, змяненне характару далучэння сям’і і ўстановы адукацыі з дапамогай павышэння бацькоўскай ініцыятывы, змяненне адносін у дзіцячым калектыве; новыя шляхі далучэння сям’і да ўдзелу ў кіраванні і ў адукацыйным працэсе школы. А таксама створаны сіс­тэмы масавых мерапрыемстваў з бацькамі, якія забяспечваюць сумесную грамадска значную дзейнасць і вольны час навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця; назіраецца павышэнне ўзроўню моўнай культуры і маральнага развіцця асобы навучэнца; умацоўваецца сацыяльнае партнёрства, пашыраюцца знешнія сувязі ўстановы адукацыі з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі ў вырашэнні на­дзённых сацыяльных праблем.

У бягучым навучальным годзе ў эксперыментальнай дзейнасці па двух праектах за­дзейнічаны чатыры ўстановы адукацыі. У інавацыйным рэжыме працуюць дзевяць устаноў. Некаторыя з іх рэалізоўваюць новыя праекты: “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя” — у сярэдняй школе № 13, спецыяльным дзіцячым садзе 

№ 51, “Укараненне комплексу лічбавых рэсурсаў бесперапыннага прафесійнага развіцця выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі” — у яслях-садзе № 2. Такая наватарская актыўнасць сведчыць аб тым, што педагогі горада знахо­дзяцца ў пастаянным пошуку эфектыўных сродкаў павышэння якасці адукацыі, педагагічныя калектывы ўкараняюць сучасныя адукацыйныя тэндэнцыі ў практычную дзейнасць устаноў.

—  Як арганізавана ў горадзе работа з адоранымі дзецьмі?

— У горадзе выбудавана эфектыўная сіс­тэма работы па выяўленні адораных і таленавітых дзяцей, развіцці іх здольнасцей праз стварэнне развіццёвага адукацыйнага асяроддзя. Асновай гэтай сістэмы з’яўляецца каштоўнасны падыход да самога працэсу работы з адоранымі навучэнцамі.

Гарадскім вучэбна-метадычным кабінетам ажыццяўляецца арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне дзейнасці школы алімпіяднага рэзерву. У горадзе традыцыйна на працягу многіх гадоў рэалізуецца прадукцыйнае супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з установамі вышэйшай адукацыі. Вызначаны апорныя пляцоўкі і створаны рэсурсныя цэнтры ў ліцэі і гімназіях горада, асобных школах як базах для падрыхтоўкі да прадметных алімпіяд, працягваецца работа па стварэнні аптымальных умоў для навучання і развіцця дзяцей з яскрава выяўленымі здольнасцямі. У канікулярны час на працягу года на базе лагераў дзённага знаходжання ў гімназіях і школах арганізуюцца профільныя атрады прадметнай накіраванасці для падрыхтоўкі да алімпіяд.

За гады работы выбудавалася сістэма правядзення лакальных гарадскіх алімпіяд пачынаючы з І ступені навучання. Яна адрозніваецца выверанай сэнсавай цыклаграмай і служыць асновай фарміравання ў навучэнцаў у будучыні спецыяльных навыкаў і ўменняў. Склалася і дзейсная сістэма стымулявання і заахвочвання адораных навучэнцаў праз хадайніцтвы аб прэміях спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэміях абласнога выканаўчага камітэта, арганізацыю ўдзелу ў рэспубліканскіх і абласных ушанаваннях пераможцаў алімпіяд, арганізацыю гарадскіх свят уганаравання з уручэннем падарункаў.

Летась па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 10 навучэнцаў атрымалі 100-бальныя сертыфікаты па прадметах. Больш за 65% выпускнікоў штогод становяцца студэнтамі УВА краіны. Нашы навучэнцы паказваюць высокія вынікі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Ёсць пэўныя перамогі і ў даследчай дзейнасці. Штогод праводзіцца гарадская навукова-практычная канферэнцыя юных навукоўцаў “Моладзь. Творчасць. Інтэлект”. Нашы вучні становяцца пераможцамі ў абласным і рэспубліканскіх конкурсах даследчага характару. Так, у сёлетнім навучальным годзе ў абласной канферэнцыі “З навукай у будучыню” з 17 даследчых работ дыпломамі ўзнагароджаны 17.

— Як праводзіцца ў рэгіёне работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення?

—  Сёння, як ніколі, першачарговая задача — выхаванне патрыёта і грамадзяніна. Менавіта моладзі трэба будзе будаваць будучыню, якая павінна грунтавацца на беларускіх традыцыях, у якой будуць улічаны ўрокі гісторыі, у якой кожны беларус валодае роднай мовай і шчыра ганарыцца нацыянальнымі сімваламі. Таму штодня і ўсюды ўсе ўстановы адукацыі горада — ад дашкольных да вышэйшых, актыўна працуюць у гэтым кірунку.

Традыцыйна ў нас ладзяцца акцыі “Гавары са мной па-беларуску”, дні роднай мовы, школьныя конкурсы беларускай песні і прайгравання беларускіх нацыянальных звычаяў.

Напярэдадні 150-годдзя Баранавіч з асаблівым пачуццём мы праводзім квесты на веданне і вывучэнне гісторыі горада, яго сацыяль­на-культурнага і эканамічнага развіцця. У цяперашні час аб’яўлены агульнагарадскі конкурс на лепшы малюнак для графіці на гаражных масівах, конкурс макетаў гістарычных будынкаў Баранавіч, ідзе работа над вырабам домікаў для лебедзяў. Акрамя таго, кожная ўстанова адукацыі праводзіць шэраг уласных мерапрыемстваў да юбілею горада.

З мэтай пашырэння прававога кругагляду школьнікаў па ініцыятыве ўпраўлення па адукацыі і гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета ў лютым адбыўся першы гарадскі прававы форум “Чалавек. Дзяржава. Закон” для школьнікаў, які ў далейшым будзе праходзіць рэгулярна (прыкладна раз на месяц). На першай сустрэчы ў фармаце адкрытага дыялогу старшакласнікі маглі задаць хвалюючыя пытанні міжраённаму пракурору, маладзёжным лідарам. 

Мы актыўна ўключыліся ў рэалізацыю рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, бо нельга займацца выхаваннем дзяцей без вывучэння іх найбліжэйшага асяроддзя. Толькі ў цесным кантакце з сям’ёй можна дасягнуць годных вынікаў у выхаванні. Актыўна выкарыстоўваючы традыцыйныя мерапрыемствы, нашы спецыялісты і класныя кіраўнікі распрацоўваюць свае, адрозныя ад іншых, формы работы. Напрыклад, сярэдняя школа № 10 распрацавала серыю відэалекторыяў і ўрокаў для бацькоў.

— Наколькі мабільныя і лёгкія на пад’ём педагогі працуюць ва ўстановах адукацыі?

—  Лічу, што нашы педагогі — гэта адукаваныя прафесіяналы, якія нясуць поўную адказнасць за ўсё, што яны робяць. Гэта патрабуе ад педагога прафесійнай мабільнасці. Я смела магу сказаць, што нашы педагогі знаходзяцца ў пастаянным пошуку, імкнуцца ўвабраць самыя найноўшыя дасягненні навукі і тэхнікі. Менавіта таму мы атрымалі высокае званне лепшых у краіне, паколькі адукацыйны працэс ва ўстановах горада з’яўляецца гнуткім, хутка рэагуе на змены часу: выкарыстоўваюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, ажыццяўляецца інавацыйная дзейнасць, адкрываюцца STEM-цэнтры і г.д. Сістэмнае навукова-метадычнае забеспячэнне, бесперапыннасць навучання і самаадукацыі дае педагогам магчымасць выбіраць і будаваць індывідуальную траекторыю прафесійнага развіцця.

Развіваць творчую ініцыятыву, удасканальваць веды педагогаў, дапамагаць аб’ектыўна ацэньваць уласныя дасягненні — адна з вядучых задач гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета. Сёння метадычны кабінет накіроўвае свае намаганні на змяненне статусу дзейнасці педагога: сённяшняй школе патрэбны педагогі-менеджары, педагогі-метадысты, педагогі-даследчыкі, педагогі-эксперыментатары.

—  Таццяна Іванаўна, што вас больш за ўсё хвалюе як кіраўніка? 

—  Адной з галоўных задач, якія стаяць перад сучаснай школай, з’яўляецца выхаванне грамадзяніна, чалавека думаючага, здольнага да творчасці і інавацый. У гонцы за сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі мы дзесьці ўпускаем важную каштоўнасную аснову выхавання, а менавіта калектывізм. Нашых “камп’ютарных” дзяцей складана чым-небудзь уразіць, але гэта рабіць неабходна. Сацыяльныя сеткі неабходна ператварыць у эфектыўны педагагічны інструмент. На ўроку дзеці павінны працаваць шмат і напружана, а зону выхавання магчыма зрабіць насычанай і займальнай для дзіцяці. Сістэма адукацыі, што склалася ў горадзе, эфектыўная і самадастатковая. ­Адзіная, даступная кожнаму адукацыйная прастора здольна сфарміраваць тыя асноўныя каштоўнасці, якія складуць багаж маладога пакалення перад галоўным выпрабаваннем пад назвай “дарослае жыццё”.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.