Савет Бяспекі выступіў за барацьбу з фінансаваннем ІД

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Савет Бяспекі ААН аднагалосна адобрыў рэзалюцыю па барацьбе з фінансаваннем тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава” (ІД).

Гэты дакумент быў падрыхтаваны Расіяй і ЗША. Усе дзяржавы будуць абавязаны на заканадаўчым узроўні прылічыць фінансаванне тэрарыстаў да асабліва цяжкіх злачынстваў. Дакумент прадугледжвае меры супраць важнейшых крыніц фінансавання ІД — такіх як кантрабанда нафты або незаконны гандаль аб’ектамі культуры.
СБ ААН падкрэсліў, што тыя, хто аказвае падтрымку ІД або “Аль-Каідзе”, падлягаюць уключэнню ў санкцыйны пералік, а тыя, хто вінаваты ва ўчыненні, арганізацыі або падтрымцы тэрарыстычных актаў, павінны быць прыцягнуты да адказнасці.
Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН па барацьбе з фінансаваннем тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава” патрабуе актыўных дзеянняў як унутры асобна ўзятых краін, так і на міжнародным узроўні, заявіў міністр фінансаў ЗША Джэйкаб Лью, выступаючы на пасяджэнні СБ. Паводле яго слоў, ад незаконнага продажу нафты ісламісты ўжо атрымалі амаль $500 млн.
Лью выказаў упэўненасць у тым, што прымяненне гэтых мер дапаможа “змагацца з пагрозай тэрарызму, што зыходзіць як ад ІД, так і ад такіх груповак, як “Аль-Каіда”, “Аш-Шабаб”, “Бока Харам”, “Хезбалах”, “Джэбхат ан-нусра”.
Між тым у рабоце над рэзалюцыяй па Сірыі ўзніклі ўскладненні. Пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што падрыхтоўка рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН у падтрымку венскага працэсу па мірным урэгуляванні канфлікту ў Сірыі, якую планавалася прыняць на працягу дня, ускладнілася з-за пазіцыі ЗША, якія дабіваюцца ўключэння ў тэкст дадатковых фармулёвак, што выходзяць за рамкі венскіх пагадненняў.
“Работа над гэтай рэзалюцыяй вядзецца няпроста, таму што першапачатковае абяцанне, што гэта будзе сапраўды вельмі кароткая рэзалюцыя, якая літаральна тэкстуальна будзе паўтараць два венскія дакументы, — гэтае абяцанне не збываецца”, — адзначыў Віталь Чуркін. Паводле яго слоў, адбываецца накручванне дадатковых фармулёвак, “у некаторых з іх мы бачым спробу неяк перапісаць венскія дакументы, што для нас катэгарычна непрымальна”.