Саюз настаўнікаў ва ўмовах інтэграванага навучання

У 2007 годзе ў нашай школе адкрыўся першы клас інтэграванага навучання і выхавання (няпоўнай напаўняльнасці). Сёння ва ўстанове дзейнічаюць 4 класы поўнай напаўняльнасці і 3 класы няпоўнай напаўняльнасці, дзе навучаюцца дзеці па розных адукацыйных маршрутах. У школе створаны спецыяльныя ўмовы для вучняў з АПФР, кожнаму з якіх тут утульна і камфортна.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў школе дазваляе асаблівым дзецям атрымаць веды, сфарміраваць уменні і выпрацаваць неабходныя навыкі для паспяховай сацыялізацыі. У эфектыўнай рэалізацыі адукацыйных задач важнае месца адведзена ўзаемадзеянню настаўніка-дэфектолага з настаўнікамі-прадметнікамі. Такое супрацоўніцтва садзейнічае правільнаму разуменню індывідуальных асаблівасцей дзяцей з АПФР.
Вялікую ролю ў навучанні асаблівых дзяцей адыгрываюць міжасобасныя адносіны ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Не кожны чалавек (ці то дзіця, ці то дарослы) можа з разуменнем аднесціся да дзяцей з АПФР. Надзейным памочнікам для іх з’яўляецца настаўнік-дэфектолаг, які сістэматычна кансультуе членаў педкалектыву па пытаннях прымянення адукацыйных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі, рэкамендуе найбольш аптымальныя спосабы ўзаемадзеяння настаўнікаў-прадметнікаў з асаблівымі дзецьмі і інш. Нашы настаўнікі-прадметнікі ствараюць на сваіх уроках спрыяльныя ўмовы для навучання такіх школьнікаў, улічваючы, што здольнасць засвойваць матэрыял у іх значна ніжэйшая, чым у іх аднакласнікаў. Зразумела, што гэтая работа не абыходзіцца без удзелу настаўніка-дэфектолага.
Сутнасць інтэграванага навучання заключаецца не ў тым, каб пасадзіць у адным класе дзяцей з рознымі адукацыйнымі запытамі. Сумеснае навучанне — гэта складаны працэс, які патрабуе перабудовы існуючага стэрэатыпа звыклага школьнага жыцця.
Ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання ёсць рэсурсныя магчымасці па фарміраванні адаптыўных механізмаў у асаблівых школьнікаў. Стварэнне адаптыўнай адукацыйнай прасторы ў школе (пры ўмове правільна арганізаванай работы) скарачае перыяд сацыяльнай адаптацыі будучых выпускнікоў. Арганізацыя адаптыўнага, карэкцыйна-развіццёвага адукацыйнага працэсу садзейнічае адаптацыі дзіцяці да вучэбнай дзейнасці і фарміраванню асобасных адаптыўных новаўтварэнняў.
Для навучання ў агульнаадукацыйнай школе асаблівых дзяцей неабходны шэраг умоў, якія забяспечваюць кампенсацыю недахопаў развіцця, пераадоленне негатыўных асаблівасцей эмацыянальна-асобаснай сферы і актывізацыю пазнавальнай дзейнасці. Карэкцыйная накіраванасць вучэбна-выхаваўчай работы ў інтэграваных класах адлюстравана ў іх структуры: пяцігадовы тэрмін навучання ў пачатковым звяне; ашчадны рэжым ацэньвання; правядзенне карэкцыйных заняткаў па развіцці пазнавальнай дзейнасці і маўлення, удасканаленні вышэйшых псіхічных працэсаў; практычная накіраванасць навучання.
Адной з асаблівасцей арганізацыі навучання дзяцей з АПФР з’яўляецца наяўнасць спецыяльных вучэбных праграм. Вучэбныя планы складаюцца з улікам таго, што разам з базавым існуе і карэкцыйны кампанент, накіраваны на карэкцыю дэфекту і пазнавальнай дзейнасці ў дзяцей, якія маюць цяжкасці ў навучанні.
Знаходзячыся ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў навучання, мы прыйшлі да высновы, што ўзаемнае наведванне ўрокаў станоўча ўплывае на абмен вопытам работы настаўнікаў-прадметнікаў і настаўніка-дэфектолага. Падчас сумесных урокаў яны адаптуюць праграмны матэрыял і ствараюць для дзяцей сітуацыю поспеху, павышаючы тым самым іх аўтарытэт у класным калектыве.
Наш вопыт паказвае, што сумесная работа настаўніка-дэфектолага і настаўніка-прадметніка эфектыўная тады, калі яна арыентавана на індывідуальнасць дзіцяці і яго бацькоў. Развіццё дзіцяці адбываецца ў сям’і, а ў школе гэтае развіццё карэкціруецца. Бацькі і настаўнікі з’яўляюцца аўтарытэтамі на першым этапе жыцця дзіцяці. Правільнае ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу прыводзіць да значных поспехаў у сацыялізацыі вучняў.
Адной з самых важных задач настаўніка-дэфектолага і настаўніка-прадметніка з’яўляецца здольнасць зацікавіць дзіця. Дзейнасць настаўніка-прадметніка пры правядзенні розных заняткаў накіравана на тое, каб матываваць вучня да атрымання новых ведаў. Настаўнік-дэфектолаг стымулюе гэты інтарэс, прапаноўваючы розныя віды і метады заняткаў. Іх саюз можа выхаваць генія ў пэўнай галіне, бо дзеці, менш развітыя ў інтэлектуальным плане, могуць быць добрымі спартсменамі, артыстамі, мастакамі і інш. Галоўнае — вера ў іх сілы і здольнасці, падтрымка з боку педагогаў і блізкіх.
Дзякуючы сумеснай рабоце ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, мы атрымліваем станоўчыя вынікі. У нашай школе большая частка дзяцей з АПФР, пераходзячы з пачатковага звяна ў сярэдняе, навучаецца па праграме агульнаадукацыйнай школы ў звычайных класах. Асаблівыя вучні займаюцца ў гуртках і спартыўных секцыях, актыўна ўдзельнічаюць у пазакласных і пазашкольных мерапрыемствах. За актыўны ўдзел у жыцці школы мы заахвочваем дзяцей з АПФР прызамі, адпраўляем іх работы на выставы ў Цэнтр маладзёжнай творчасці, запрашаем удзельнічаць у раённых і абласных конкурсах. Дзякуючы гэтаму асаблівыя вучні разумеюць, што нічым не адрозніваюцца ад астатніх, радуюцца сваім поспехам разам з настаўнікамі і бацькамі. Важна, што звычайныя дзеці добра ставяцца да асаблівых сяброў, не выключаюць іх з кола зносін.
Каб не страціць дасягнутых вынікаў, настаўнік-дэфектолаг павінен суправаджаць адукацыйны працэс на другой ступені навучання, дапамагаючы тым самым настаўнікам-прадметнікам цалкам адаптаваць дзіця да жыцця ў класе і даць яму магчымасць атрымаць адукацыю з улікам яго індывідуальных асаблівасцей. Таму пры пераходзе з першай на другую ступень навучання асаблівыя вучні працягваюць атрымліваць карэкцыйную дапамогу ў аб’ёме, прадугледжаным патрабаваннямі нарматыўнай прававой базы. Група псіхолага-педагагічнага суправаджэння аказвае кваліфікаваную дапамогу на працягу ўсяго тэрміну навучання ў школе.
Настаўнік-дэфектолаг і настаўнікі-прадметнікі на другой ступені навучання складаюць індывідуальную праграму развіцця і навучання на аснове адукацыйнай праграмы і індывідуальных магчымасцей кожнага вучня з АПФР. Настаўнік-дэфектолаг дапамагае настаўнікам-прадметнікам скласці каляндарна-тэматычнае планаванне і адаптаваць праграмны матэрыял, аказвае метадычную дапамогу пры падрыхтоўцы да ўрокаў, падбірае наглядны матэрыял, складае памяткі, схемы і карткі, а на ўроку ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю вучня пры выкананні заданняў. У сваю чаргу настаўнік-прадметнік імкнецца стварыць станоўчы эмацыянальны фон на ўроку, плануе яго правядзенне такім чынам, каб асаблівы вучань займаў на ўроку актыўную пазіцыю, падбірае для яго пасільныя заданні, заахвочвае правільныя адказы, стварае сітуацыю поспеху. Сумесныя ўрокі эфектыўныя пры супадзенні тэм, а ў выпадку разыходжання праграмнага матэрыялу мэтазгодна, каб настаўнік-дэфектолаг праводзіў індывідуальныя заняткі. Яго дапамога патрабуецца не на кожным уроку, а можа быць эпізадычнай. Для настаўнікаў-прадметнікаў арганізоўваюцца кансультацыі, круглыя сталы, семінары-практыкумы, індывідуальныя гутаркі, а таксама наведванне карэкцыйных заняткаў.
Настаўніку трэба быць гатовым да таго, што ў рабоце з асаблівымі дзецьмі вынікі дзейнасці бачны не адразу. Патрабуецца штодзённая карпатлівая праца. А самае галоўнае — гэта любоў да дзяцей, уменне разумець іх і падтрымліваць. Як сказаў Васіль Ключэўскі, “каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”.

Аксана МІЛЮЦІНА,
настаўнік-дэфектолаг
Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.