Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 снежня павіншаваў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з 20-годдзем падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“Гэты дакумент вывеў беларуска-расійскія адносіны, заснаваныя на векавой дружбе, роднасці гістарычных лёсаў і агульнасці жыццёвых інтарэсаў нашых народаў, на ўзровень сапраўднага саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства”, — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія шмат чаго дасягнулі: яны каардынуюць дзеянні на міжнароднай арэне, сумесна ўмацоўваюць абараназдольнасць, дапаўняюць адна адну ў эканоміцы. Створана агульная гуманітарная, сацыяльная, культурная і адукацыйная прастора. Грамадзян дзвюх краін не раздзяляюць граніцы, візы, мытні.
“На цяперашнім этапе прыхільнасць да аб’яднальнай ідэі мае вялікае значэнне. Галоўная задача — забяспечыць неабходныя ўмовы для далейшага павышэння дабрабыту нашых грамадзян. Глыбока ўпэўнены, што мы зможам надаць новую дынаміку рэалізацыі саюзнага дагавора, няўхільна прытрымліваючыся прынцыпаў раўнапраўя і даверу”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт Расіі таксама накіраваў віншавальнае пасланне ў адрас Прэзідэнта Беларусі з нагоды знамянальнай даты. Ён адзначыў, што гістарычнае рашэнне аб заключэнні саюзнага дагавора адлюстроўвала ўзаемнае імкненне ўмацаваць расійска-беларускія адносіны і дзвюм краінам удалося істотна рушыцца наперад па шляху інтэграцыі і супрацоўніцтва.
“Важна, што пазітыўны вопыт, набыты ў рамках Саюзнай дзяржавы, актыўна выкарыстоўваецца ў больш шырокім фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза. Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы забяспечым далейшае пашырэнне ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў, двухбаковага ўзаемадзеяння на ўсіх напрамках”, — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.