Саюзнай дзяржаве неабходна сфарміраваць адзіную прамысловую палітыку

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў канкрэтныя крокі для фарміравання адзінай прамысловай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве, выступаючы на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы.

Існуючая ў свеце сітуацыя прадэманстравала наяўнасць пэўнай неабароненасці як Беларусі, так і Расіі ад знешніх фактараў, адзначыў беларускі лідар. “Нестабільнасць еўразоны, ваганні сусветных фондавых рынкаў, кітайскага юаня — усё гэта патрабуе карэкціроўкі эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер асабліва патрэбна кансалідацыя нашага патэнцыялу як у Саюзнай дзяржаве, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым. Найважнейшае значэнне, на наш погляд, мае каардынацыя дзеянняў у прамысловым сектары, якая можа быць забяспечана фарміраваннем адзінай прамысловай палітыкі. Галоўная яе мэта — дыверсіфікацыя нацыянальных эканомік, стварэнне новых вытворчасцей і развіццё чалавечага капіталу”.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў у гэтым напрамку, пачаўшы з неабходнасці забяспечыць аднолькавыя канкурэнтныя ўмовы суб’ектам гаспадарання для работы на агульным рынку тавараў і паслуг. “Неабходна максімальна ўстараніць існуючыя бар’еры і абмежаванні ў гандлі, якія прыводзяць да страты прывабнасці двухбаковага супрацоўніцтва і, адпаведна, нівеліруюць саму ідэю інтэграцыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, неабходна ўзмацніць меры па абароне агульнага рынку, у тым ліку ад шэрага імпарту, скаардынаваць дзеянні па рацыянальным размяшчэнні і паглыбленні спецыялізацыі вытворчасці, пашырэнні тэхналагічнага супрацоўніцтва, сумеснай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Яшчэ адзін крок заключаецца ў тым, каб выпускаць новы прадукт, які можа замяніць замежныя аналагі. “Тут патрабуецца комплексны прадуманы падыход, накіраваны на аб’яднанне навуковых, матэрыяльных і інвестыцыйных рэсурсаў для структурнай перабудовы прамысловасці і прыярытэтнага развіцця навукаёмістых вытворчасцей”, — дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што рэалізацыя гэтых крокаў дасць магчымасць вырашыць праблемы імпартазамяшчэння і стымулявання вытворчасцей, арыентаваных на экспарт, будзе садзейнічаць скарачэнню тэхналагічнага разрыву з заходнімі краінамі.