Сейбіты добрых спраў, што прарастаюць у лёсах

Гімназія № 2 Віцебска сустрэла сваё 25-годдзе ў статусе лепшай установы агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, размешчанай у гарадской мясцовасці.

Юбілей альма-матар сённяшнія навучэнцы, іх педагогі і бацькі, выпускнікі ўстановы адукацыі і ветэраны педагагічнай працы адзначылі 1 кастрычніка — якраз напярэдадні Дня настаўніка. Падзяліць ра­дасць свята ў гімназію ­завіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома і старшыня гарвыканкама Мікалай Арлоў. Цэнтральнай падзеяй урачыстасці стала адкрыццё музея настаўніцтва.

У музейных экспазіцыях перыяд з 1918 года да сённяшніх дзён адлюстраваны ў матэрыяльнай і інтэрактыўнай форме (віртуальны музей). Мэта стварэння — аднаўленне і захаванне гісторыі станаўлення і развіцця настаўніцтва, сістэмы адукацыі сярэдняй школы № 9, гімназіі № 2 Віцебска, папулярызацыя і фарміраванне ў юнага пакалення паважлівага стаўлення да педагагічнай працы. Першы напрамак работы над праектам — пошук, удакладненне і сістэматызацыя звестак пра жыццё і педагагічную дзейнасць лепшых настаўнікаў гімназіі, уключаючы тых, што маюць або мелі дзяржаўныя ўзнагароды, адзначаны ўзнагародамі Міністэрства адукацыі, выдатнікаў адукацыі Рэспублікі Беларусь і выдатнікаў народнай асветы БССР, уладальнікаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Таксама фонды музея акумулююць звесткі пра метадычныя аб’яднанні, падрыхтаваныя настаўнікамі зборнікі метадычных матэрыялаў, летапіс гімназіі, публікацыі аб яе педагогах ў СМІ і публікацыі настаўнікаў гімназіі ў навукова-метадычных выданнях, усе выпускі газеты The Gymnasium Times, пачынаючы з 1998 года, і навукова-метадычнага часопіса “Філалогія ў сучаснай школе: традыцыі і інавацыі”, што выдаецца сумесна з ВДУ імя П.М.Машэрава. У музеі настаўніцтва будуць захоўвацца і сведчанні самых высокіх дасягненняў гімназіі. Так, у 2018 годзе ўстанова заносілася на Дошку гонару адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска, у 2014, 2018 і 2021 гадах — на гарадскую Дошку гонару, у 2015-м — на Дошку гонару Віцебскай воб­ласці і Рэспубліканскую дош­ку гонару як пераможца спаборніцтва сярод арганізацый адукацыі і навукі. Па выніках мінулага навучальнага года гімназіі была аб’яўлена па­дзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камі­тэта за сістэмную работу з адоранымі навучэнцамі, а па выніках 2020 года яна прызнана Міністэрствам адукацыі лепшай установай адукацыі Рэспублікі Беларусь, размешчанай у гарадской мясцовасці.

Летапіс гімназіі ахоплівае чвэрць стагоддзя, а гісторыя ўстановы адукацыі — 103 гады, бо яна з’яўляецца правапераемніцай заснаванай у 1918 годзе сярэдняй школы № 9.

— Адна з найважнейшых задач сучаснага беларускага грамадства — фарміраванне сацыякультурнай асобы грамадзяніна-патрыёта, выхаванне гарманічна развітой і сацыяльна адказнай асобы на аснове духоўна-маральных каштоўнасцей, гістарычных і нацыянальных культурных традыцый, — патлумачыў канцэпцыю музея дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — Сістэма адукацыі выступае інтэлектуальнай і гуманітарнай платформай для вырашэння гэтай стратэгічнай задачы. Вобраз настаўнікаў як каштоўнасці мінулага, сучаснасці і будучыні для беларускага грамадства патрабуе матэрыялізацыі, і перш за ўсё — праз інфармацыйную і музейную прастору. Мы часта гаворым аб высокай місіі настаўніка, яго ўкладзе ў развіццё краіны, грамадства — між тым словы заўсёды трэба падмацоўваць рэальнымі прыкладамі, справамі, дзеяннямі. У нашай установе ў розны час працавалі выдатныя настаўнікі, якіх добрым словам успаміна­юць па некалькі пакаленняў выпускнікоў. Але, калі пашу­каць персанальную інфармацыю аб кожным з гэтых педагогаў, то ў большасці выпадкаў, на жаль, звестак набярэцца нямнога. Мы задаліся мэтай зберагчы цудоўныя імгненні ў іх найвышэйшым росквіце, паказаць педагагічную моц настаўніцтва, даследаваць гісторыю гімназіі. Трансфармацыя грамадскай свядомасці ў пэўны перыяд гісторыі нега­тыўна паўплывала на стаўленне да педагагічнай дзейнасці і сацыяльны статус настаўніка, што абумовіла зніжэнне прывабнасці прафесіі педагога. Зараз тэндэнцыя відавочна мяняе свой знак з мінуса на плюс, і гэта не можа не радаваць. Музей абавязкова наведаюць усе нашы навучэнцы, бо пачуццё патрыятызму жывіцца ў тым ліку глыбокай павагай і ўдзячнасцю да роднай школы. А маладым педагогам будзе карысна пазнаёміцца з дзейнасцю сваіх папярэднікаў і цяперашніх калег, каб старацца паступова наблізіцца да іх і прымножыць агульныя дасягненні. Такім чынам, гэта эфектыўная матывацыя і адначасова фарміраванне агульнай ментальнасці ўстановы адукацыі, нацэленай на самыя высокія вынікі.

Педагагічны калектыў гімназіі ўнікальны з пункта гле­джання прафесійных кампетэнцый. Тон задаюць вядучыя па сваіх напрамках настаўнікі Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь: Аляксандр Шугаль і Святлана Матросава (матэматыка), Вераніка Лакціна (інфарматыка), Сяргей Крывенка (геаграфія), Руслан Шклейнік (хімія), Наталля Чарнова і Ганна Міненка (англійская мова), Алена Токарава (іспанс­кая мова), Ма Лун (кітайс­кая мова), Алена Маісеева, Людміла Прусава, Галіна Дзегцярова (руская мова), Вольга Каламійцава (беларуская мова), Вольга Міцкевіч (гісторыя), Вольга Чаплыгіна (грамадазнаўства). Да таго ж Канстанцін Кісялёў, Сяргей Крывенка, Руслан Шклейнік і Вераніка Лакціна — лаўрэаты ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Расказваючы аб перадумовах стварэння музея, Канстанцін Кісялёў падкрэсліў, што сучасны педагог — найперш асоба, якая пастаянна развіваецца і спрыяе фарміраванню актыўных грамадзян Беларусі XXI стагоддзя. Педагагічная адукацыя павінна прыцягваць у прафесію тых, хто ўсведамляе сваю ролю ў станаўленні нашай краіны, імкнецца раскрыць патэнцыял сваіх вучняў і ўвасобіць у мола­дзі — будучыні Беларусі — самыя лепшыя памкненні. Гэтым абумоўлена важнасць захавання гісторыі настаўніцтва ў яго пераемнасці, мадэрнізацыі і зберажэнні прафесійных традыцый. Музей настаўніцтва гімназіі № 2 як скарбонка дасягненняў мінулага і сучаснасці закліканы фарміраваць станоўчыя адносіны да педагагічнай прафесіі, пазіцыянаваць высокі аўтарытэт педагога, спрыяць усведамленню важнасці настаўніцтва як сацыякультурнага феномена. Наступны напрамак рэалізацыі праекта — распрацоўка інтэрактыўнага (віртуальнага) музея настаўніцтва, дзе можна знайсці фільм пра гісторыю ўстановы адукацыі, відэа выхаваўчых мерапрыемстваў і адкрытых урокаў розных гадоў, тэатральныя пастаноўкі педагогаў, фільм пра настаўнікаў сярэдняй школы № 9, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыі пастаянна папаўняюцца новымі звесткамі і экспанатамі.

Для ганаровых гасцей навучэнцы правялі экскурсію па гімназіі, а затым запрасілі на святочную канцэртную праграму. У ходзе ўрачыстасці гімназіі ў асобе яе дырэктара была ўручана Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Такую ж высокую ўзнагароду атрымаў настаўнік Аляксандр Шугаль. Яго калегі Сяргей Крывенка і Алена Маісеева адзначаны ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама, Галіна Дзегцярова і Ганна Міненка — ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Красаўцава ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь”, намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Чарнова і Таццяна Бурдо, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ігар Капілец — ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, настаўнікі Таццяна Кавалёва, Ала Муханава, Ірына Шалуха, Уладзімір Цяцерын і Людміла Ліцвінава — граматамі Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Аляксандра ХІТРОВА.