“Сэлфі ў бібліятэцы”

- 12:17Навіны рэгіёнаў

Менавіта так назвалі свой праект вучні сярэдняй школы № 16 Гродна, накіраваўшыся на фотасесію ў бібліятэку.

Цікаваму і вельмі папулярнаму сярод моладзі занятку яны вырашылі надаць павучальны сэнс. Запрасіўшы вучняў школы на сэлфі ў бібліятэку, спадзяваліся такім чынам не толькі зрабіць арыгінальныя здымкі, але і прыцягнуць сюды як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак, зацікавіць іх чытаннем.

Дарэчы, прапанавалі зрабіць сэлфі ў бібліятэцы вучні 6 “Б” класа.

— Мы любім рабіць цікавыя фотаздымкі, — расказала вучаніца 6 “Б” класа Даша Мацкевіч. — Неяк на перапынку зайшлі ў бібліятэку за кнігамі, сфатаграфаваліся і падумалі: а чаму не зрабіць фотасесію тут, а не ў калідоры ці на вуліцы? З гэтага ўсё і пачалося.

Фатографам выступіла Кіра Іванова. Дзяўчынка любіць фатаграфаваць, прыдумвае сюжэты для сваіх здымкаў. Гэтым разам яе мадэлямі сталі аднакласнікі і вучні іншых класаў. Спрабавала не толькі зрабіць цікавы кадр, але і эксперыментавала са святлом, у ход ішлі нават ліхтарыкі.

Школьнікі расказалі, што яны частыя наведвальнікі бібліятэкі. Кнігі бяруць самыя розныя — ад вершаў да сур’ёзных класічных твораў. Акрамя таго, прымаюць удзел у акцыях, дапамагаючы падклейваць кнігі.

Навучэнец 5 “Б” класа Арцём Варабей таксама ўдзельнічаў у сэлфі. Прызнаўся, што любіць чытаць фантастыку. Бярэ кнігі і ў школе, аднак багатая бібліятэка ёсць у яго дома.

У той дзень, калі быў абвешчаны конкурс на лепшае сэлфі, дзверы бібліятэкі не зачыняліся. Кожны хацеў знайсці сваю любімую кнігу і сфатаграфавацца з ёю. Да таго ж трэба было напісац­ь каментарый пад фота, каб падкрэсліць актуальнасць чытання мастацкай літаратуры. І дзеці справіліся на выдатна. Дастаткова паглядзець на цудоўныя здымкі. У фае бібліятэкі была аформлена выстава з 53 фотаздымкаў, і кожны мог аддаць свой голас за той, які яму спадабаўся.

Як расказала бібліятэкар Аляксандра Пачабут, школьнікі і так не забываюцца пра бібліятэку. Асабліва часта сюды наведваюцца навучэнцы малодшых класаў — на кожным перапынку. Паліцы з кнігамі для іх узросту заўсёды запатрабаваныя. Гартаюць кнігі і часопісы тут жа, многія бяруць іх дадому. Старшакласнікаў часцей цікавіць літаратура па праграме.

— У межах школьнага самакіравання нашы вучні выступаюць ініцыятарамі розных мерапрыемстваў, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 16 Гродна Аксана Мікула. — Раз на тыдзень у педагога-арганізатара збіраюцца старасты класаў і абмяркоўваюць школьныя справы, нешта плануюць. У нас арганізавана дзяжурства вучняў 6—11 класаў. З гэтага навучальнага года кожны дзяжурны клас праводзіць тэматычную пятніцу. 20 лістапада, у Сусветны дзень дзіцяці, 6 “Б” правёў акцыю “Усе мы родам з дзяцінства”, калі ўсе дзеці прыйшлі ў школу з любімымі цацкамі. 9 клас у сваё дзяжурства правёў “тапкапаці”, прапанаваўшы ўсім прыйсці на заняткі ў дамашніх тапках, каб акцэнтаваць увагу на неабходнасці насіць зменны абутак. Дзеці маюць магчымасць рэалізаваць сябе ў розных мерапрыемствах, конкурсах.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.