Сельская школа адкрывае дзверы ў шырокі свет

- 15:44Брэстчына

Знаёмцеся: Стружская сярэдняя школа Столінскага раёна. 293 навучэнцы. Вучэбныя заняткі арганізаваны ў дзве змены. Мова выкладання — беларуская. Замежныя мовы — англійская, нямецкая. У 2018/2019 навучальным годзе школа засяродзіла асаблівую ўвагу на рэалізацыі мерапрыемстваў у сферы інфарматызацыі адукацыі.

Для эфектыўнага ўкаранення і выкарыстання інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў у школе ёсць 24 камп’ютары, 18 з якіх аб’яднаны ў лакальную сетку. 10 — маюць выхад у інтэрнэт.

Як паведаміў дырэктар школы Міхаіл Рыгоравіч Дзенісовіч, настаўнікі эфектыўна выкарыстоўваюць у рабоце праграмы камп’ютарнага тэсціравання MyTest, сервісы Web 2.0.

— Сёння школьныя падручнікі паспяхова замяняюць іх электронныя версіі, — гаворыць Міхаіл Рыгоравіч. — Кожны наш навучэнец ведае, што на школьным сайце ў раздзеле “Навучэнцам” ёсць рубрыка “Электронныя версіі падручнікаў, энцыклапедый”, дзе можна перайсці па спасылцы на сайты е-padruchnik.adu.by і Вікіпедыі.

Кіраўнік любога ўзроўню сутыкаецца з праблемай кантролю выканання пастаўленых перад падначаленымі задач. У Стружскай школе яна вырашаецца пры дапамозе праграмы “Кантроль выканання даручэнняў”.

— Гэта просты і эфектыўны інструмент для маніторынгу ходу выканання задач, які забяспечвае гнуткую настройку табліцы даручэнняў, выкарыстанне даведнікаў, шматкарыстальніцкі рэжым работы са спісам даручэнняў і наглядную сістэму справаздач, — дзеліцца вопытам дырэктар.

Каб упарадкаваць вялікую плынь школьнай інфармацыі і зрабіць работу аператыўнай, была створана лакальная сетка для кіраўніцтва школы і спецыялістаў. У лакальнай сетцы выкарыстоўваецца праграма MyChat Client, якая дазваляе аператыўна вырашаць многія кіраўніцкія пытанні.

Для таго каб эфектыўна, сістэмна аналізаваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце вядзе ўлік паспяховасці пры дапамозе праграмы Microsoft Excel.Камп’ютар выкарыстоўваецца таксама для ўліку пропускаў. Гэта дазваляе не толькі кантраляваць наведванне, але і праводзіць папераджальную работу па іх змяншэнні.

Сёння школа мае свой сайт str.stolin.edu.by. Яго асноўнай задачай з’яўляецца забеспячэнне аператыўнасці, дакладнасці і цэласнасці размешчанай інфармацыі, структурызацыя і размеркаванне кантэнту па тэматычных рубрыках.

— Выкарыстанне электронных рэсурсаў у адукацыйным працэсе спрыяе павышэнню матывацыі навучэнцаў да вывучэння вучэбных прадметаў, — гаворыць Міхаіл Рыгоравіч. — Пры іх дапамозе прасцей выбудоўваць індывідуальную адукацыйную траекторыю кожнага вучня, фарміраваць інфармацыйную культуру ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Ствараюцца ўмовы для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі педагагічных работнікаў.

Стружская школа актыўна карыстаецца сэрвісам “Электронны дзённік/электронны журнал”, укараняецца сэрвіс Schools.by.

Педагогі шырока выкарыстоўваюць электронныя адукацыйныя рэсурсы, размешчаныя на нацыянальным адукацыйным партале adu.by у раздзеле “Электроннае навучанне”, на партале Міністэрства адукацыі і іншых сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый. Таксама члены педагагічнага калектыву актыўна ствараюць свае блогі (настаўніца англійскай мовы Н.Д.Пашкевіч, педагог-псіхолаг Т.В.Мароз, настаўнік геаграфіі і гісторыі М.А.Аляксандраў, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства А.А.Крывыпуст, педагог-сацыяльны Л.М.Пабярэжная), працуюць у групах у вайберы, “УКантакце”.

— Інфарматызацыя грамадства прыводзіць да з’яўлення новых форм арганізацыі адукацыі, — гаворыць Міхаіл Рыгоравіч. — Адной з такіх форм з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне. Нашы дзеці і педагогі актыўна ўдзельнічаюць у вочна-завочным, дыстанцыйным навучанні, у інтэрнэт-праектах, e-mail-канферэнцыях.

Так, ужо зараз школа падала заяўкі на ўдзел у конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM класе”, вочна-завочнай дыстанцыйнай школе “Спадчына Беларусі”, інтэлектуальным марафоне па матэматыцы “Школа геніяў”, e-mail-канферэнцыі на тэму “Фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей у навучэнцаў у класным калектыве”. У пачатку снежня ў школе праводзіўся тыдзень “Гадзіна кода”.

— Інфармацыйнае грамадства немагчыма развіваць, калі ў сферу спажывання інфармацыйных прадуктаў і электронных паслуг не будуць уцягнуты асабістыя камп’ютарныя прылады, — лічыць Міхаіл Рыгоравіч. — Гаворка ідзе пра стацыянарныя дамашнія камп’ютары, якія сёння ёсць амаль у кожнай сям’і, асабістыя ноўтбукі і нетбукі, мабільныя прылады (планшэты, смартфоны, рыдары). Цяпер перад намі стаіць мэта ўцягнуць у адукацыйны працэс усе гэтыя прылады, якія належаць навучэнцам i іх бацькам, педагагічным работнікам, што дазволіць зрабіць выкарыстанне ІКТ пастаянным і сістэмным. Толькі эфектыўнае спалучэнне новых (мабільных) і традыцыйных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу дапаможа дасягнуць новых вяршынь у адукацыі.

Вучаніца 7 “А” класа Аліна Літвінка прадставіла праект “Адраджэнне і захаванне традыцый”, які яна падрыхтавала разам са сваім кіраўніком настаўніцай англійскай мовы Наталляй Дзмітрыеўнай Пашкевіч.

— Я лічу вельмі важным расказаць пра традыцыі маёй сям’і, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а таксама папулярызаваць такое дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, як вышыўка, — гаворыць дзяўчынка, — бо кожнаму чалавеку трэба мець пачуццё прыналежнасці, адчуванне таго, хто ён ёсць і адкуль яго карані.

Аліна ведае свой радавод па лініі маці да 6 калена і вельмі ганарыцца тым, што не страчана повязь пакаленняў.

— На ўроках працоўнага навучання я даведалася шмат цікавага пра вышыўку — старажытны від дэкаратыўнага мастацтва, — расказвае дзяўчынка, — і навучылася вышываць крыжыкам. Свае першыя работы я паказала бацькам і бабулі, і яны ім вельмі спадабаліся. Мама згадала, што мае бабуля, прабабуля і прапрабабуля таксама захапляліся гэтым відам рукадзелля, вышывалі сурвэткі і ручнікі, падзоры і навалачкі, упрыгожвалі вышыўкай адзенне. Мая мама, калі вучылася ў школе, таксама займалася вышываннем. Я вырашыла працягнуць сямейную традыцыю.

Дзяўчынка паказвае рэчы, якія былі зроблены ў розны перыяд рукамі яе продкаў.

— Калі разглядаю ўзоры, здаецца, быццам бы зусім простыя, на вышыванках маіх родных, я разумею, які глыбокі сэнс у іх закладзены. Іх можна чытаць, як кнігу, гля-дзець, як спектакль ці кіно. Кожны ўзор нясе ў сабе той ці іншы сэнс, выяўляе пэўную ідэю. Вось кашуля майго прадзядулі Івана Дзям’янавіча Мароза, 1928 года нараджэння, якую пашыла і аздобіла вышыўкай мая прабабуля Алена. Вышыўка на кашулі мае сімвалічныя знакі-засцярогі. Уяўны абярэг вакол шыі, праз які злу не трапіць у галаву. Арнамент на планцы абараняў сэрца. А гэтыя цудоўныя вышыўкі на ручніках зроблены рукамі маёй бабулі Вольгі, на іх “дрэва жыцця” — сімвал жыцця вечнага, неўміручага.

Аліна расказвае, што вышыванне крыжыкам стала яе хобі.

— Вышыванне — займальная, творчая праца, якая прыносіць мне радасць, запаўняе вольны час і ўводзіць у свет прыгожага, — гаворыць дзяўчынка. — Многія рэчы, вышытыя мной і маімі продкамі, упрыгожваюць інтэр’ер бацькоўскай хаты. На маю думку, вышыўка — гэта такі від мастацтва, які не мае абмежавання ў часе. Створаныя ўмелымі рукамі рэчы заўсёды дарэчныя і актуальныя.

Гледзячы на Аліну, разумееш: палескія трыдыцыі — у надзейных руках. Гэтая дзяўчынка дакладна разумее, якія каштоўнасці дадзены ёй на захаванне.

— Вышытыя рэчы маіх продкаў — нібы своеасаблівая эстафета ад старэйшых да малодшых, зашыфраваны наказ любіць бацькоў і сям’ю, шанаваць продкаў, не цурацца працы, — гаворыць Аліна.

Наталля ПАШКЕВІЧ, настаўніца англійскай мовы Стружскай сярэдняй школы, вядзе ўласны блог — 8 “B” strugaschool:

“Чаму такая назва? Таму што блог прызначаны для работы з групай навучэнцаў 8 “Б” класа. Мой выбар абумоўлены тым, што тут навучэнцы больш матываваныя, яны добра разбіраюцца ў сучасных гаджэтах, многія з іх плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе ім спатрэбіцца замежная мова. І гэты блог паслужыць ім платформай для больш паглыбленага вывучэння прадмета.

Мы жывём у эпоху сучасных тэхналогій, і ўсім нам трэба ісці ў нагу разам са сваімі вучнямі, развівацца, удасканальваць свае педагагічныя метады і прыёмы, таму я лічу, што блог можа стаць эфектыўным інструментам у арсенале сучаснага педагога.

Блог класа — гэта блог настаўніка і навучэнцаў, які можа выкарыстоўвацца як месца для інтэрактыўных зносін па-за ўрокам, як рэсурс дыстанцыйнага навучання.

У сваёй педагагічнай дзейнасці я выкарыстоўваю блог з мэтай арганізацыі анлайн-дыскусій, аўтаномнага навучання дзяцей, размяшчэння матэрыялаў і спасылак на вэб-рэсурсы і як партфоліа праектаў навучэнцаў.

Асноўныя перавагі блога класа: павышэнне цікавасці і матывацыі дзяцей да вывучэння англійскай мовы; развіццё і ўдасканаленне навыкаў чытання, пісьма, маўлення, успрымання і разумення іншамоўнай гутаркі на слых, а таксама ўдасканаленне граматычных і лексічных навыкаў; усебаковае развіццё асобы навучэнцаў.

Блог вядзецца на англійскай мове, распрацаваны ў англійскай тэматыцы — гэта дапамагае паглыбіць навучэнцаў у атмасферу англамоўных зносін.

Блог — вельмі дынамічная і дзейсная форма ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў. Упэўнена, што калі выкарыстоўваць блог у педагагічнай дзейнасці, то вынік не прымусіць сябе доўга чакаць”.

Гісторыка-краязнаўчы музей, які дзейнічае ў Стружскай сярэдняй школе ўжо амаль 30 гадоў, сёлета быў цалкам рэканструяваны. Адметна, што мастацкае афармленне музея выканана не прафесійным мастаком, а рабочым школы Аляксандрам Корхам.

Тут сабраны матэрыялы, якія расказваюць пра Вялікую Айчыную вайну і гераічныя подзвігі жыхароў Стругі і навакольных вёсак.

— Вайна не абышла нас бокам. Менавіта наша мясцовасць у перыяд са снежня 1943 па ліпень 1944 года стала арэнай баявых дзеянняў падчас вызвалення Століна, — вядзе аповед дзесяцікласніца Юлія Грыб.

Сярод іншых экспазіцый асобнае месца належыць экспазіцыі “Землякі-ветэраны”, дзе сабраны матэрыял пра баявыя ўзнагароды, чырвонаармейскія кніжкі, фотаздымкі і медалі аднавяскоўцаў.

Вельмі ўражваюць стэнды з фотаздымкамі жыхароў Стругі — гэта толькі невялікая частка тых, хто быў на вайне.

— Кожны наш вучань ведае, што яны не простыя сяляне, а воіны-вызваліцелі, якія змагаліся да канца, каб мы маглі жыць мірна, — гаворыць школьніца.

Ужо другі год у Струзе праводзіцца акцыя “Беларусь памятае”, дзе вучні разам з настаўнікамі з гонарам нясуць партрэты герояў-аднавяскоўцаў.

Матэрыялы падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.