Сем экспертыз для экспертаў-крыміналістаў

- 7:59Кампетэнтна

Пры паступленні яны выберуць спецыяльнасць “Судовыя крыміналістычныя экспертызы”, навучанне па якой вядзецца на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС. Яны — гэта маладыя людзі, якія ў будучыні бачаць сябе экспертамі-крыміналістамі.

Вылічыць па слядах

“Пры падрыхтоўцы курсантаў па спецыяльнасці “Судовыя крыміналістычныя экспертызы” мы даём спецыяльныя веды, што дазваляюць выпускнікам праводзіць крыміналістычныя экспертызы ўсіх відаў”, — гаворыць Інеса Анішчанка, кандыдат юрыдычных навук, начальнік кафедры крыміналістычных экспертыз следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС, на якой вядзецца падрыхтоўка судовых экспертаў-крыміналістаў.
У акадэміі вучаць праводзіць сем відаў крыміналістычных экспертыз. Даволі знаёмай усім грамадзянам з’яўляецца дактыласкапічная, калі па слядах пальцаў рук і далоневых паверхняў ідэнтыфікуюць чалавека, які іх пакінуў. Што да іншых слядоў на месцы здарэння, даследуюцца яны ў рамках трасалагічнай экспертызы.
“Сляды транспартных сродкаў, абутку, адзення і сляды на адзенні…”, — пералічвае магчымыя аб’екты даследавання Інеса Аляксееўна.
Курсантаў следча-экспертнага факультэта спецыяльнасці “Судовыя крыміналістычныя экспертызы” вучаць праводзіць і экспертызу халоднай зброі. “Па знешнім выглядзе, па тэхнічных характарыстыках прадмета вызначаецца, адносіцца прадмет да халоднай зброі ці не”, — расказвае начальнік кафедры крыміналістычных экспертыз.
Хатнія нажы гаспадарча-бытавога прызначэння не адносяцца да катэгорыі халоднай зброі. Узгадаем: па заканадаўстве за нашэнне, перавозку, выраб і збыт халоднай зброі прадугледжана адказнасць.
“Выкладчыкі акадэміі навучаць па слядах на кулях і гільзах устанаўліваць і тое, з якой зброі быў зроблены выстрал”, — расказвае Інеса Аляксееўна пра балістычную экспертызу, праводзіць якую таксама будуць умець выпускнікі акадэміі.

Першай праведзенай крыміналістычнай экспертызай была дактыласкапічная. У 2013 годзе святкавалася 100-годдзе з моманту яе правядзення.

Яшчэ адзін від экспертызы, якую абавязкова асвояць курсанты, — почырказнаўчая, што праводзіцца для абвяржэння ці, наадварот, пацвярджэння таго, што пісьмовы тэкст напісаны канкрэтным чалавекам.
“Працэс даследавання почырку звязаны з вывучэннем прыватных прымет, адхіленняў ад норм пропісі. Безумоўна, ёсць і такія, што сустракаюцца ў большасці людзей. Напрыклад, многія скарачаюць літару я, пры яе напісанні малююць пяцельку, таму гэтая прымета мае малую ідэнтыфікацыйную значнасць”, — тлумачыць Інеса Аляксееўна.
“Апошнім часам пішам мы мала. Ставім у асноўным толькі подпісы, таму часта почырказнаўчая экспертыза заключаецца ў ідэнтыфікацыі выканаўцы подпісу. Пры гэтым знайсці ў маленькім почыркавым матэрыяле прыметы, якія сведчаць, што подпіс выкананы канкрэтным чалавекам, даволі складана. Гэтаму мы і вучым”, — працягвае начальнік кафедры крыміналістычных экспертыз.
У экспертаў-крыміналістаў існуе асаблівая лічба — 12. Для пацвярджэння таго, што сляды пакінуты пэўным чалавекам, неабходна як мінімум 12 прымет. Не менш за 12 прымет неабходна і для вызначэння аўтара подпісу.

Сапраўдныя ці падробленыя?

Курсантаў следча-экспертнага факультэта спецыяльнасці “Судовыя крыміналістычныя экспертызы” навучаць праводзіць і тэхнічную экспертызу дакументаў. Яна дазваляе ўстанавіць спосаб вырабу дакументаў — выявіць, ці зроблены ён на прадпрыемстве па вырабе дакументаў такога ўзору. Экспертыза таксама дазваляе ўстанавіць, ці ўносіліся змены ў дакумент і якія дакладна.
Тэхнічная экспертыза дакументаў дазваляе аналізаваць грашовыя знакі, пашпарты, вадзіцельскія пасведчанні на іх сапраўднасць. Безумоўна, запомніць усе характарыстыкі дакументаў немагчыма, ды і не трэба. На дапамогу экспертам прыходзяць спецыяльныя атласы з узорамі дакументаў. “Возьмем атлас пашпартоў. Амаль кожная дзяржава прадастаўляе звесткі аб тым, якія ахоўныя элементы ўтрымлівае іх пашпарт, — гаворыць Інеса Анішчанка. — У свабодным доступе такіх каталогаў няма. Яны ёсць толькі ў экспертных падраздзяленнях і ў акадэміі”.
Аб любых зменах у дакументах, якія ўносяцца прадпрыемствам дзяржзнака, што займаецца іх вырабам, паведамляюць у Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Камітэт, у сваю чаргу, апавяшчае аб гэтым акадэмію.
Падчас навучання ў акадэміі аналізуюцца і падробленыя дакументы, забраныя з абароту. Калі курсанту прапаноўваюцца дакументы для аналізу, ён павінен вызначыць і аргументаваць, сапраўдны дакумент ці не. Дарэчы, у лабараторыях следча-крыміналістычнага факультэта выкарыстоўваюцца відэаспектральныя кампаратары “Рэгула”, такія ж, як у экспертных лабараторыях.
Узгадаем, што гэтым летам у нашай краіне ўводзяцца новыя грашовыя знакі. Ужо зараз з экспертамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз праводзяцца заняткі, дзе ім расказваюць пра ахоўныя элементы новых грашовых адзінак. Хутка эксперты камітэта будуць праводзіць падобныя сустрэчы з выкладчыкамі акадэміі.
“Як толькі грошы ўвойдуць у абарот, эксперты павінны ўжо ўмець адрозніваць падробленыя адзінкі ад сапраўдных”, — тлумачыць Інеса Анішчанка.
Курсанты следча-экспертнага факультэта вучацца праводзіць і партрэтную экспертызу. Яна дазваляе ідэнтыфікаваць знешнасць чалавека па фотаздымках і відэа. Таксама экспертыза дазваляе па фотаздымках людзей у розным узросце вызначыць, адлюстраваны на іх адзін і той жа чалавек ці розныя людзі.
“Знешнасць чалавека мяняецца, за выключэннем пэўных кропак. Вугалкі рота, нос, вушы практычна не мяняюцца. Кропак, па якіх праводзяць даследаванні, таму што яны застаюцца нязменнымі, на твары чалавека ажно 52”, — рэзюмуе Інеса Аляксееўна.

Эксперты і выкладчыкі ў адной асобе

Абавязковае патрабаванне Акадэміі МУС да выкладчыкаў — іх стаж работы павінен складаць не менш за 3 гады.
Экспертам працавала і Інеса Аляксееўна — почырказнаўцам. Зараз у акадэміі выкладае адпаведныя дысцыпліны — “Почырказнаўства і почырказнаўчая экспертыза”, “Тэхнічная экспертыза дакументаў”. Падчас работы ў экспертным падраздзяленні праводзіла і іншыя віды крыміналістычных экспертыз — дактыласкапічную і трасалагічную.
“У выкладчыкаў ёсць допускі на права правядзення ўсіх відаў экспертыз, таму і заняткі праводзіць мы можам па ўсіх іх відах. Але, натуральна, прафілюешся на адной”, — расказвае Інеса Аляксееўна.
Стаць добрымі экспертамі-крыміналістамі курсантам дапамагаюць не толькі заняткі ў выкладчыкаў-практыкаў. На 2, 3 і 4 курсах яны праходзяць практыку ў тэрытарыяльных органах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
“Навучанне праходзяць і ў рамках дадатковай практыкі. На працягу навучальнага года курсанты 3 і 4 курса наведваюць экспертныя падраздзяленні сталіцы з адрывам ад заняткаў, што дае ім магчымасць выязджаць на месцы здарэння, удзельнічаюць у аглядах, праводзяць розныя віды даследаванняў”, — расказвае Інеса Аляксееўна.

Эксперты з біялагічнай і фізічнай адукацыяй

У Беларусі, як і ў іншых дзяржавах, актыўна праводзяцца не толькі крыміналістычныя, але і спецыяльныя экспертызы. Да іх адносяцца генатыпаскапічная, якая, напрыклад, устанаўлівае бацькоўства, і фонаскапічная экспертыза, якая займаецца ідэнтыфікацыяй асобы па голасе і маўленні.

Экспертам-крыміналістам у многім дапамагаюць тэхнічныя сродкі. Раней, напрыклад, не было магчымасці ўстанавіць, ці ў адзін перыяд часу былі падрыхтаваны дакументы. Зараз гэта можна зрабіць пры дапамозе звычайнага сканера, на якім устаноўлена спецыяльнае праграмнае забеспячэнне.

Для іх правядзення неабходна спецыяльная адукацыя. Геномшчыкам — біялагічная ці медыцынская, фонаскапістам — фізічная, атрыманая, напрыклад, у БДУ ці БДУІР.
“Гэта вузкія спецыялісты, якія, як правіла, маюць допуск на права правядзення толькі гэтага віду экспертыз”, — гаворыць Інеса Аляксееўна.
Звычайна Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз звяртаецца на пэўныя факультэты з просьбай парэкамендаваць ім талковых студэнтаў, якім і прапаноўваюць праходзіць службу ў камітэце.
“Ім арганізоўваюць навучанне, паспяховае праходжанне якога дае права правядзення спецыяльных экспертыз”, — расказвае Інеса Аляксееўна.
Работу экспертаў (незалежна ад таго, праводзяць яны крыміналістычныя ці спецыяльныя экспертызы) курыруе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. З 2013 года ён выйшаў з сістэмы органаў унутраных спраў і стаў самастойным дзяржаўным органам.
Менавіта гэтая арганізацыя займаецца мадэрнізацыяй экспертнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Зараз у планах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз — акрэдытацыя беларускіх экспертных лабараторый у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Пры іх акрэдытацыі вывады экспертаў, атрыманыя ў Беларусі, будуць мець доказную сілу на тэрыторыі іншых дзяржаў. Пакуль такую сілу яны маюць толькі на тэрыторыі нашай краіны.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.