Сем “Я” — значыць сям’я

- 15:08Нам пішуць

Самае галоўнае для чалавека — сям’я. Што б ні здарылася: ці радасць, ці гора — ніхто так не падтрымае і не дапаможа, як бацькі.

Найлепшы падарунак для кожнай сям’і — шчаслівыя і радасныя ўсмешкі дзяцей. Узор гэтага — мнагадзетная сям’я Дударэвічаў з вёскі Асташына Навагрудскага раёна.

Бацька, Андрэй Вячаслававіч, працуе ў калгасе паляводам. Маці, Мая Васільеўна, займаецца выхаваннем дзетак. Старэйшы сын Аляксандр — студэнт Навагрудскага сельскагаспадарчага ліцэя. Цімафей, Слава і Анжаліка — школьнікі. Дзеці выхоўваюцца ў атмасферы дабрыні, любові і павагі.

Жывуць Дударэвічы ў маленькім драўляным доме. Тут заўсёды ўтульна і цёпла. Месца ў сям’і хапае і дамашнім любімцам — папугаю, чарапашцы і кату Катафею.

Галоўная рыса сям’і — працавітасць. Яны трымаюць вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, свіней, курэй, гусей. Сям’я апрацоўвае вялікі надзел зямлі. Вырошчваюць бульбу, буракі, моркву, капусту. На ўсё хапае часу. Разам працуюць і разам адпачываюць.

Так здарылася, што ў 2015-м у сям’і стала на адно дзіця больш і мнагадзетная сям’я атрымала новы статус — апякунскай. Маленькая Аляксандра стала новым членам сям’і.

— Калі Саша з’явілася ў нашым жыцці, мы адчулі сябе мацнейшымі і больш упэўненымі ў сваіх сілах. Маёй любові хопіць на ўсіх, — гаворыць Мая Васільеўна.

Дзяўчынцы пашанцавала: яна расце ў атмасферы любові, павагі, поўнага разумення і сімпатыі. Саша — вучаніца 4 класа. Актыўная, цікаўная, гарэзлівая. Мае шмат сяброў. Любіць чытаць і спяваць, добра малюе. З адказнасцю ставіцца да даручэнняў, паважае старэйшых, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу.

Калі глядзіш на дружную сям’ю Дударэвічаў, разумееш, што шчасце, як кажуць у народзе, не ў золаце.

Напярэдадні жаночага свята хочацца пажадаць Маі Васільеўне і яе дзеткам усяго самага найлепшага, сямейнага цяпла і спакою.

Н.А.СКВАРАДА,
настаўніца пачатковых класаў
Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы.