Семінар для кіраўнікоў

“Той, хто перастае імкнуцца быць лепшым, перастае быць добрым” — гэтыя словы знакамітага англійскага дзяржаўнага дзеяча Олівера Кромвеля застаюцца актуальнымі і сёння. Разлічваць на поспех можна толькі пры ўмове бесперапыннай работы над сабой. Семінар “Сутнасць, прынцыпы і функцыі кіравання адукацыйнай сістэмай” даў магчымасць папоўніць свае веды і ўменні кіруючым кадрам сістэмы адукацыі Міншчыны.

Двухдзённы семінар адбыўся ў Мінскім абласным ІРА і аб’яднаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў вобласці, дырэктараў устаноў адукацыі абласнога падпарадкавання. Адкрываючы мерапрыемства, Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, павітала калег і заклікала іх быць актыўнымі, не толькі засвойваць новую інфармацыю, але і дзяліцца сваім вопытам, выказваць меркаванні і ўзнімаць актуальныя пытанні.

Першым перад удзельнікамі семінара выступіў Уладзімір Мацвеевіч Здановіч, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які расказаў аб арганізацыі кантролю за забеспячэннем якасці адукацыі. Спецыяліст звярнуў увагу на асаблівасці ажыццяўлення ліцэнзавання і дзяржаўнай акрэдытацыі, закрануў пытанні арганізацыі харчавання, медабслугоўвання, патлумачыў правілы вядзення дакументацыі, некаторыя юрыдычныя тонкасці.

Выступленне Таццяны Віктараўны Бранцэвіч, першага намесніка старшыні камітэта эканомікі Мінаблвыканкама, было прысвечана тэме “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай вобласці ў 2017—2020 гадах. Стратэгія прафесійнага развіцця”. А Ніна Іванаўна Кашкан, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і кіравання МАІРА, расказала аб псіхалагічных аспектах прафесійнага ўзаемадзеяння. Як працаваць эфектыўна, з эмацыянальнай аддачай, і пры гэтым не страціць сілы, не прыйсці да “выгарання” — аб гэтым даведаліся ўдзельнікі семінара.

Арганізацыя і правядзенне дзяржаўных закупак апынулася ў цэнтры ўвагі падчас сустрэчы са спецыялістам Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн Дзмітрыем Віктаравічам Рудэнкам. Дзмітрый Віктаравіч даў шэраг карысных практычных парад наконт гэтага кірунку дзейнасці, з якім сустракаецца, безумоўна, кожны кіраўнік.

Завяршыўся семінар дзелавой гульнёй “Эфектыўнае кіраванне рэсурсамі сістэмы адукацыі”. Тры групы ўдзельнікаў семінара правялі “мазгавы штурм” па тэмах “Кіраванне кадравымі рэсурсамі”, “Развіццё выхаваўчага асяроддзя, асаблівасці работы ў шосты школьны дзень”, “Кіраванне фінансавымі і матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, арганізацыя харчавання і падвозу вучняў”. Удзельнікі гульні актыўна ўзнімалі праблемы, з якімі сустракаюцца ў сваёй практыцы, абмяркоўвалі іх, мадэлявалі сітуацыі і разам шукалі выйсце са складаных сітуацый.

Семінар атрымаўся змястоўным, карысным і будзе мець працяг. Наступны раз мерапрыемства пашырыць свае рамкі і будзе ладзіцца сумесна з калегамі з Гродзенскай вобласці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *