Семінар па праектнай дзейнасці

- 13:22Навіны рэгіёнаў

Настаўнікі, педагогі-псіхолагі, кіраўнікі інавацыйных праектаў з сямі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у міжрэгіянальным семінары “Фарміраванне пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі праз выкарыстанне праектных задач”, які адбыўся ў гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага. Семінар праходзіў у рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі праз выкарыстанне праектных задач”.

Мэта семінара — аказанне навукова-метадычнай дапамогі настаўнікам, кіраўнікам устаноў адукацыі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інавацыйнага праекта, і азнаямленне з вопытам інавацыйнай дзейнасці гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна. Акрамя прадстаўнікоў гімназіі, у семінары ўдзельнічалі настаўнікі дзіцячага сада — пачатковай школы № 4 Брэста, сярэдніх школ № 14 Маладзечна, № 11 Мінска, № 21 Магілёва, гімназіі № 1 Горак і Кісялёвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.
— Гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна з часу свайго адкрыцця ў 1990 годзе працуе як комплекс інавацыйных тэхналогій, — расказала дацэнт кафедры педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат педагагічных навук Рэгіна Таран, якая з’яўляецца навуковым кансультантам інавацыйнага праекта. — Тут было рэалізавана некалькі праектаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго ў студзені 2010 года рашэннем экспертнага савета ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама створаны рэсурсны цэнтр “Фарміраванне індывідуальнай вучэбнай дзейнасці ў навучэнцаў 1—6 класаў”, што дазваляе не толькі ўкараняць інавацыйныя мадэлі ў самой гімназіі, але і трансліраваць гэты вопыт ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. У гімназіі створаны філіял кафедры педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Студэнты праходзяць тут практыку, для студэнтаў і магістрантаў праводзяцца лекцыйныя заняткі, ідзе праца над курсавымі работамі, магістарскімі дысертацыямі, звязанымі з тэматыкай інавацыйных праектаў, якія рэалізоўваюцца ў гімназіі. Вось і сёння мы запрасілі студэнтаў для ўдзелу ў семінары.
Аб дзейнасці гімназіі як цэнтра інавацыйнага вопыту расказалі дырэктар Барыс Сяброўскі і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах кіраўнік інавацыйнага праекта Данута Пакачайла. 8,64 — такі сярэдні бал паспяховасці гімназістаў. Шматлікія перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, праектная дзейнасць, якой займаюцца як настаўнікі, так і навучэнцы, сведчаць аб атмасферы пастаяннага пошуку эфектыўных мадэлей выкладання, выкарыстання найноўшых дасягненняў у галіне фарміравання індывідуальнай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць пабываць на вучэбных занятках па рашэнні праектных задач, дзе азнаёміліся з тэхналогіяй развіцця пазнавальных працэсаў у малодшых школьнікаў: чацвёртакласнікі разам са сваёй настаўніцай Наталляй Шукеловіч стваралі рэкламны буклет для турфірмы, а вучні 3 класа пад кіраўніцтвам Іны Лукашэвіч — школьны дэндрарый. Настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Святлана Бегларан правяла майстар-клас “Праектная задача як сродак фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў”. У час калектыўнай работы па стварэнні праектных задач было рэалізавана некалькі ідэй і створаны сумесныя праектныя задачы, якія кожны ўдзельнік семінара можа правесці ў сваіх школах і гімназіях.
Псіхолаг Вольга Янцэвіч расказала пра псіхалагічную дыягностыку, якая праводзіцца ў пачатковых класах з мэтай суправаджэння інавацыйнага праекта. Настаўніца Наталля Каладзейская раскрыла тэарэтычныя асновы фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Вопытам фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў падзялілася госця семінара настаўніца матэматыкі эксперыментальна-вучэбнага комплексу “Школа развіцця” структурнага падраздзялення школы № 1133 Масквы Святлана Аксючыц.
Візітнай карткай гімназіі № 1 з’яўляецца музей Я.Ф.Карскага, у якім навучэнцы — члены тэатра “Антэй” паказалі ўдзельнікам семінара спектакль “Акадэмік Карскі”.
Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі адзначылі тэарэтычную, метадычную каштоўнасць семінара. Кожны з іх атрымаў практычныя матэрыялы для далейшай дзейнасці па фарміраванні пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў праз рашэнне праектных задач.
Інавацыйны праект рэалізуецца да 2017 года. Запланавана правядзенне семінараў у сярэдніх школах № 21 Магілёва, № 11 Мінска, № 14 Маладзечна. Па выніках рэалізацыі інавацыйнага праекта плануецца выданне зборніка праектных задач, распрацаваных удзельнікамі праекта ва ўстановах адукацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.