Сем’ям дазволілі нараджаць другое дзіця

Улады Кітая прынялі рашэнне адмяніць правіла, якое забараняе сем’ям мець больш за адно дзіця, паведаміла агенцтва “Сіньхуа”.

Палітыка планавання сям’і была ініцыіравана ўладамі КНР у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя з мэтай скарачэння бурнага дэмаграфічнага росту. Яна прадугледжвала забарону сямейным парам, якія жывуць у гарадах, мець больш за адно дзіця. У вясковых жыхароў магло быць двое дзяцей у выпадку, калі першае дзіця — гэта дзяўчынка.
З часам у палітыцы абмежавання нараджальнасці з’явіліся паслабленні: у сем’ях, дзе муж і жонка — адзіныя дзеці ў сваіх бацькоў, дазвалялася нараджаць другое дзіця.
Курс “адна сям’я — адно дзіця” прывёў да значных сацыяльных перакосаў і незадаволенасці грамадства. Так, у краіне хуткімі тэмпамі адбываецца старэнне насельніцтва, прагназуецца, што мадэль традыцыйнай кітайскай сям’і “1—6”, калі на ўтрыманні аднаго дзіцяці апынуцца яго бацькі, дзве бабулі і два дзядулі, стане звычайнай.
Пры цяперашняй дынаміцы старэння да 2050 года кожнаму трэцяму жыхару Кітая будзе больш за 60 гадоў, а колькасць пенсіянераў перасягне насельніцтва ЗША. Яшчэ адным вынікам стаў гендарны перакос: сярод дзяцей, якім менш за 15 гадоў, на кожныя 100 дзяўчынак прыпадае 118 хлопчыкаў, што можа стаць сур’ёзным дэстабілізуючым сацыяльным фактарам у будучым.