Сэнс жыцця

- 10:27Людзі адукацыі

Усёй душой любіць дзяцей, вучыць іх, а яшчэ дапамагаць людзям, рабіць іх жыццё лепшым — менавіта ў гэтым бачыць сэнс свайго жыцця настаўніца біялогіі віцебскай гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Юлія Міхайлаўна Джандарава.

Вось ужо 11 гадоў Юлія Міхайлаўна працуе настаў­ніцай біялогіі, і зараз з добрай усмешкай прыгадвае свае першыя крокі ў прафесіі, першыя ўрокі, першыя хваляванні і дасягненні. З удзячнасцю ўспамінае вопытных педагогаў, якія заўсёды маглі падтры­маць, даць прафесійную параду.

Пра прафесію педагога Юлія Міхайлаўна марыла з дзяцінства. З часам узнікла цікавасць да прыроды, вывучэння раслін і жывёл, таму сваю будучую прафесію яна выбрала асэнсавана і ў 2008 годзе паспяхова скончыла ВДУ імя П.М.Машэрава, атрымаўшы спецыяль­насць эколага і выкладчыка біялогіі.

Ю.М.Джандарава пастаянна ўдасканальвае свае веды і навыкі, павышае кваліфікацыю, прымаючы ­ўдзел у семінарах, практыкумах, конкурсах, метадычных мерапрыемствах. Яна з’яўляецца каардынатарам рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

На ўроках педагог выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: перавернутае навучанне, актыўную ацэнку, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, кейс-навучанне. Юлія Міхайлаўна лі­чыць, што ў адукацыйным працэсе галоўнае — дзейнасць вучняў, якая ажыццяўляецца пры выкананні кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў, што выкарыстоўваюцца ў якасці сродкаў фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый.

Юлія Міхайлаўна шырока прымяняе дыферэнцыраванае навучанне. Па словах яе вучняў, усе ўрокі розныя: гэта і ўрок-гульня, і ўрок-падарожжа, урок-суд, урок-дыспут, урок-канферэнцыя… На сваіх занятках настаўніца вучыць аналізаваць, параўноўваць, устанаўлі­ваць прычынна-выніковыя сувязі, але галоўнае, яна стараецца заўсёды падтрымаць і зразумець сваіх выхаванцаў. Яе добразычлівасць стварае камфортную атмасферу на занятках. “На яе ўрокі хочацца ісці, хочацца добра да іх рыхтавацца, каб атрымаць выдатную адзнаку і парадаваць настаўніцу”, — сцвярджаюць вучні Юліі Джандаравай.

І гэта дае свой плён. Навучэнцы Юліі Міхайлаўны з’яўляюцца пераможцамі экалагічных конкурсаў, алімпіяд па біялогіі рознага ўзроўню, актыўнымі і паспяховымі ўдзельнікамі навукова-практычных канферэнцый.

Юлія Міхайлаўна Джандарава таксама ўдзельнічае ў прафсаюзным жыцці педагагічнага калектыву — ­узначальвае гімназічны прафкам. Мэтанакіраваная праца гэтай актыўнай, творчай маладой жанчыны, павага да людзей змаглі пераканаць калектыў гімназіі, што іх прафсаюзны лідар — сапраўдная абарона і апора. Юлія Міхайлаўна прымала ўдзел у Рэспубліканскім прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў “Беларускі майстар”, штогадовым Міжнародным форуме “Прафсаюз без меж”, фестывалі працоўных талентаў “Новыя імёны Беларусі — 2018”, у адукацыйных турах па Латвіі і Чэхіі, арганізаваных у рамках міжнароднага педагагічнага супрацоўніцтва.

Яе праца не застаецца незаўважанай. Кастрычніцкай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віцебска Юлія Міхайлаўна была ўдастоена дыплома I ступені па выніках агляду-конкурсу “Маладзёжны прафсаюзны лідар — 2015”. У скарбонцы педагога — падзяка старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Ганаровая грамата Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, іншыя ўзнагароды.

Юлія Міхайлаўна заўсёды імкнецца стварыць камфортнае, здароўезберагальнае асяроддзе для павышэння ўпэўненасці кожнага работніка ў сваіх сілах. Калектыў гімназіі актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах і конкурсах. Але Юлія Міхайлаўна не спыняецца на дасягнутым, а шукае новыя формы работы па арганізацыі занятасці і адпачынку членаў прафсаюза. Не забывае яна і пра ветэранаў педагагічнай працы, уцягваючы іх у грамадскае жыццё, імкнецца да захавання педагагічных традыцый. Актыўна працуе з моладдзю, што спрыяе сацыяльнай адаптацыі маладых спецыя­лістаў на першым працоўным месцы. Гэта і розныя мерапрыемствы з іх удзелам, дзе яны маюць магчымасць раскрыць свой творчы патэнцыял, а таксама прававая, кансультатыўная падтрымка маладых педагогаў.

Юлія Міхайлаўна стараецца працаваць для людзей, таму ў калектыве карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай. Яна заўважае і падтрымлівае поспехі членаў прафсаюза, імкнецца разумець праблемы і жаданні кожнага, знаходзіць залатую сярэдзіну, якая дапамагае прымаць правільныя рашэнні.

Акрамя таго, настаўніца актыўна ўдзельнічае ў спартакіядах, спартландыі, спаборніцтвах па лыжных гонках, валейболе, плаванні. Каманда гімназіі № 3 не раз займала прызавыя месцы на турыстычных злётах, спартыўных конкурсах. А аднойчы ўменне добра плаваць дапамагло Юліі Міхайлаўне выратаваць чалавечае жыццё: убачыўшы хлопчыка, які тануў у рэчцы недалёка ад яе дачы, падагог не разгубілася, смела скокнула ў ваду і выратавала яго.

Юлія Міхайлаўна ўпэўнена, што няма большага задавальнення ў жыцці, чым працягваць руку дапамогі іншаму чалавеку, паляпшаючы яго жыццё і ствараючы спрыяльныя ўмовы для вучобы, працы і адпачынку. Толькі пачуццё сацыяльнай абароненасці дае прастору для прафесійнага і творчага росту дзяцей і дарослых.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.