“Серабро” найвышэйшага гатунку

- 10:37Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

З 1 па 11 жніўня ў румынскім горадзе Сучава прайшла VIII Міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы. Сярэбраны медаль на ёй заваявала дзесяцікласніца Ліцэя БДУ Настасся Капінская.

Беларусь на гэтым інтэлектуальным спаборніцтве прадстаўлялі навучэнка Ліцэя БДУ Настасся Капінская, навучэнец гімназіі № 1 Ліды Сяргей Бірыч, навучэнец ліцэя № 2 Мінска Дзмітрый Міхайлаў, выпускнікі гімназіі № 3 Гродна Антон Кедук і Яўген Протас. Усе яны перамаглі на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе і ўвайшлі ў пяцёрку наймацнейшых.
Падрыхтоўкай да спаборніцтваў нашай нацыянальнай каманды і яе суправаджэннем займаліся дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна кандыдат фізіка-матэматычных навук Станіслаў Станіслававіч Секержыцкі і выкладчык астраноміі Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Леанідавіч Паплаўскі.
Міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы праводзілася ўжо восьмы раз. Наша краіна прымала ўдзел ва ўсіх спаборніцтвах з самага пачатку іх правядзення. Кожны год да алімпіяднага руху далучаюцца ўсё новыя ўдзельнікі. Вось і сёлетняя алімпіяда сабрала больш за 200 удзельнікаў з 37 краін свету. Сёлета да спаборніцтваў далучыліся прадстаўнікі ЗША, некаторых краін Заходняй Еўропы. Паспяхова выступілі на алімпіядзе прадстаўнікі Румыніі, Сербіі. Традыцыйна высокія вынікі прадэманстравалі вучні з Ірана, Сінгапура, Індыі. У камандным заліку па колькасці заваяваных узнагарод Беларусь сёлета займае 17 месца.
Алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы няпростая. У адрозненні ад алімпіяд па матэматыцы ці фізіцы яна складаецца з трох тураў: тэарэтычнага, практычнага (аналіз даных, атрыманых прафесійнымі астраномамі) і назіральніцкага. Назіральніцкі тур таксама складаецца з дзвюх частак: работа ў планетарыі і назіранні пад адкрытым небам (прапаноўваліся заданні на распазнаванне зорак, сузор’яў, туманнасцей і г.д.). І хаця афіцыйная мова спаборніцтваў — англійская, заданні кожнага тура перакладаліся загадзя кіраўнікамі каманд кожнай краіны на родныя мовы ўдзельнікаў.
“У гэтым годзе алімпіядныя заданні былі даволі складанымі і адначасова вельмі цікавымі, непадобнымі на традыцыйныя, — адзначае А.Л.Паплаўскі. — Складальнікі адышлі ад класічных фармулёвак. Нават калі ў задачы былі звычайныя метады рашэння, яна мела прыгожае тэкставае афармленне. Напрыклад, у адной з задач касманаўту, які знаходзіўся ў адкрытым космасе, неабходна пры дапамозе ёмістасці з вадой і вадзяной пары, стварыўшы рэактыўны струмень, вярнуцца назад у касмічны карабель. Удзельнікам інтэлектуальнага спаборніцтва быў нават прадэманстраваны ўрывак з вядомага фільма “Гравітацыя”, дзе галоўная гераіня таксама павінна была трапіць у карабель.
Была таксама задача, звязаная з румынскім помнікам — Вялікім крыжам, які дасягае 40 метраў у вышыню. Дзве птушкі, якія сядзяць у розных частках крыжа, назіраюць усход сонца. І ў залежнасці ад таго, на якой вышыні знаходзіцца птушка, усход сонца па-рознаму адбываецца, і гэта было абыграна ў задачы”.
Аляксандр Паплаўскі ў цэлым станоўча ацэньвае выступленне нашай каманды. Упершыню сёлета быў пабіты рэкорд мінулагодніх алімпіяд — абсалютнай пераможцай Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па астраноміі стаў не фізік ці матэматык, а філолаг (да таго ж дзесяцікласніца!), якая і заваявала сярэбраны медаль міжнароднай алімпіяды. Настасся Капінская паступала ў Ліцэй БДУ як пераможца алімпіяды па беларускай мове. Да сярэбранага медаля дзяўчыну прывяла вялікая працаздольнасць, вера ў свае сілы і імкненне да перамогі.
Што перашкодзіла камандзе дасягнуць яшчэ большых вынікаў? На думку А.Л.Паплаўскага, магчыма, у навучэнцаў не хапіла вопыту — усе яны ўпершыню ўдзельнічалі ў алімпіядзе міжнароднага ўзроўню. А таксама адсутнасць у старшакласнікаў пры падрыхтоўцы ў сваіх рэгіёнах пэўнай планкі, якой яны павінны дасягнуць, пэўнага арыенціра, на які трэба раўняцца. “Не сакрэт, што апошнія гады ў нас у краіне па астраноміі і астрафізіцы два моцныя гульцы — гэта Ліцэй БДУ і гімназія № 29 Мінска — тыя навучальныя ўстановы, дзе вядзецца сур’ёзная падрыхтоўка па гэтых прадметах, і прадстаўнікі гэтых навучальных устаноў дасягаюць высокіх вынікаў. Аднак сёлета навучэнцы гімназіі № 29 не трапілі ў пяцёрку наймацнейшых рэспубліканскай алімпіяды і не прынялі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. І гэта, думаю, паўплывала на нашы вынікі”.
Яркія ўражанні як у вучняў, так і ў кіраўнікоў каманды пакінула сама Румынія. Арганізатары алімпіяды прадумалі ўсё да дробязей: і пражыванне ў камфортных умовах, і смачнае харчаванне, і насычаную культурную праграму. Незабыўныя ўражанні пакінулі старажытныя манастыры, якім каля 500 гадоў, саляная шахта на глыбіні 100 метраў, у якую спускаліся ўдзельнікі алімпіяды, памятныя мясціны і ўзгорыстая мясцовасць краіны-гаспадыні. На цырымоніі адкрыцця і закрыцця алімпіяды яе ўдзельнікі пазнаёміліся з нацыянальнымі песнямі і танцамі, традыцыямі румынаў. Арганізатары спаборніцтваў паспрабавалі паказаць усё самае лепшае, і, па водгуках відавочцаў, ім гэта ўдалося.
Наступная Міжнародная алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы пройдзе ў жніўні 2015 года ў Інданезіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.