“Серабро” з Квебека прывезлі беларускія школьнікі

- 11:00Актуально, Апошнія запісы

XV Міжнародная геаграфічная алімпіяда iGeo праходзіла з 31 ліпеня па 6 жніўня ў Квебеку (Канада). У спаборніцтвах прынялі ўдзел 167 навучэнцаў з 43 краін свету. Беларуская каманда заваявала 3 сярэбраныя медалі. Іх уладальнікамі сталі Антон Жыльцоў, выпускнік гімназіі № 2 Віцебска, Уладзімір Трэйгіс, выпускнік Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, Антон Засімук, выпускнік гімназіі № 1 Брэста. Чацвёрты ўдзельнік каманды Андрэй Васілюк, навучэнец гімназіі № 33 Мінска, быў блізкі да “бронзы”, але, на жаль, не змог пераадолець мяжу, неабходную для атрымання медаля.

Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo) праводзіцца з 1996 года пад патранатам Міжнароднага геаграфічнага саюза і з’яўляецца важнай часткай работы па развіцці і папулярызацыі гэтай навукі. Першапачаткова алімпіяда праводзілася адзін раз у 2 гады, а з 2012-г года стала штогадовай. Узрост удзельнікаў міжнародных выпрабаванняў — 16—19 гадоў. Кожную краіну прадстаўляюць 4 навучэнцы.

Кіраўнікамі беларускай каманды ў апошнія гады з’яўляюцца загадчык кафедры прыродазнаўчых дысцыплін і інфарматыкі Мінскага абласнога ІРА кандыдат геаграфічных навук Генадзь Зянонавіч Озем і дацэнт кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ кандыдат геаграфічных навук Людміла Уладзіміраўна Факеева.

Удзельнікі спаборніцтваў павінны былі прадэманстраваць не толькі добрае веданне геаграфіі, але і валоданне англійскай — афіцыйнай мовай алімпіяды. Таму на перадалімпіядных зборах з навучэнцамі працуюць спецыялісты МДЛУ — Павел Валер’евіч Баравікоў і Аксана Алегаўна Графутка.

У праграму міжнароднай алімпіяды былі ўключаны тры асноўныя іспыты — тэарэтычны, палявы (практычны) і мультымедыйны.

Тэарэтычны тур уключаў 6 тэматычных блокаў заданняў, кожны з якіх змяшчаў па 12 пытанняў. Да іх прапаноўваліся карты, графікі, табліцы, статыстычныя даныя, на аснове аналізу якіх навучэнцы адказвалі на пытанні, звязаныя з развіццём гарадоў, дэмаграфічнымі праблемамі сучаснага свету, з турызмам, у прыватнасці з развіццём рынку турыстычных паслуг у буйных гарадах свету.

Алімпіяднікі разважалі над праблемамі каралавых рыфаў і леднікоў, даследавалі рэжымы рачных басейнаў. Юнакі і дзяўчаты разглядалі актуальную праблему распаўсюджвання эпідэміі віруса Эбола, вакцыны ад якога пакуль няма. Удзельнікі алімпіяды аналізавалі геаграфічныя фактары развіцця захворвання і прапаноўвалі, як з іх дапамогай пераадолець эпідэмію. Заданні першага тура насілі кампетэнтнасны характар і былі накіраваны на прымяненне тэарэтычных ведаў на практыцы.

Практычны тур складаўся з двух этапаў і праходзіў на працягу двух дзён. У першы дзень навучэнцы праводзілі даследаванні, а ў другі — апрацоўвалі інфармацыю, якую сабралі. Практычны этап па суме балаў і значнасці быў роўны тэарэтычнаму. Вучні абследавалі ўчастак горада Квебека, вывучалі стрыт-арт — мастацкае афармленне гарадской прасторы — і яго спецыфіку. Акрамя таго, абследавалі ўчастак эстуарыя (аднарукаўнае лейкападобнае вусце ракі, якое пашыраецца ў бок вадаёма, што яе прымае), дзе рака ўпадала ў возера, вызначалі прыродную функцыю тэрыторыі, што прымыкае да эстуарыя, гаспадарчыя функцыі, якія можна развіць на гэтай тэрыторыі, складалі адпаведную схему землекарыстання.

Заданні мультымедыйнага тура ахоплівалі ўвесь курс геаграфіі і былі звязаны з відэа- і аўдыяінфармацыяй, якая паказвала шлях да адказу на пытанне. Напрыклад, уключаўся запіс гукаў, а навучэнцы, праслухоўваючы яго, павінны былі вызначыць прыналежнасць гуку да горных парод, якія падаюць з вяршыні, штармавога ветру, марскіх хваль і г.д.

“Выніковасць выступлення беларускіх навучэнцаў па геаграфіі ў апошнія 5 гадоў вельмі ўзрасла, — адзначыў Генадзь Зянонавіч Озем. — У мінулым годзе, напрыклад, было 4 медалі, у тым ліку першае “золата”. Сёлета беларусы ўвайшлі ў трыццатку наймацнейшых навучэнцаў у асабістым заліку і ў дзясятку лепшых каманд свету. Антону Засімуку не хапіла літаральна некалькіх балаў да залатога медаля. Сярод асноўных нашых сапернікаў былі каманды з краін Азіі, Расіі, Польшчы, Літвы, Румыніі, Сінгапура, ЗША. Поспех на алімпіядзе па геаграфіі шмат у чым залежыць ад існуючых у той ці іншай краіне традыцый выкладання прадмета. Часта памылкі на міжнародных спаборніцтвах тлумачацца менавіта адрозненнямі ў змесце курса геаграфіі ў розных краінах: дзесьці пераважае факталагічны падыход, арыентаваны на атрыманне канкрэтных ведаў, а дзесьці большы ўхіл робіцца на практычны аспект, на набыццё міждысцыплінарных кампетэнцый, навыкаў і ўменняў (абагульняць інфармацыю ў выглядзе схем, картасхем, анатаваных карт і г.д.). Найбольшая ўвага развіццю геаграфіі ўдзяляецца ў моцна глабалізаваных краінах, дзе прадмет выконвае не столькі светапоглядную, колькі камунікатыўную ролю. Для краін, якія прапагандуюць ідэю глабалізму, родны дом — гэта ўвесь свет. Таму і будучых спецыялістаў рыхтуюць менавіта з такой пазіцыі”.

Падчас інтэлектуальных спаборніцтваў навучэнцы паспелі добра адпачыць. Квебек юнакі і дзяўчаты вывучалі самастойна па прынцыпе спартыўнага арыентавання. Ім выдалі карту, дзе былі адзначаны месцы горада, у якіх варта пабываць. Найбольш яркія ўражанні пакінула экскурсія ў самы вялікі даследчы лес Паўночнай Амерыкі Montmorency Forest, дзе навучэнцы правялі цэлы дзень, а бліжэй да захаду сонца на ўлонні прыроды каля горнага возера паслухалі канцэрт інструментальнай музыкі.

* * *

Выпускнік гімназіі № 2 Віцебска Антон Жыльцоў (а зараз ужо студэнт спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы” геаграфічнага факультэта БДУ) расказаў, што раней захапляўся многімі прадметамі і інтэлектуальнымі гульнямі, паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы, англійскай, рускай і беларускай мовах, але цікавасць да геаграфіі заўсёды перамагала.

“Захапленне прадметам падтрымлівалі бацькі, — гаворыць Антон. — Словы ўдзячнасці хочацца выказаць і майму настаўніку геаграфіі Сяргею Мікалаевічу Крывенку, які падрыхтаваў многіх удзельнікаў і пераможцаў алімпіяд, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, напрыклад, Багдана Жорава, Стаса Алімпава.

У маёй скарбонцы ўзнагарод дыпломы рэспубліканскіх алімпіяд у 9—11 класах, 2 бронзавыя медалі Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёна і сёлетняе “серабро” з Квебека”.

Надзея ЦЕРАХАВА.