Сэрца і душу — дзецям

Педагог дадатковай адукацыі — гэта хутчэй не прафесія, а прызванне. Менавіта да такога пераканання прыводзілі бліскучыя выступленні ўдзельнікаў аднайменнага конкурсу прафесійнага майстэрства, які не так даўно завяршыўся на Магілёўшчыне. Канкурсанты паказалі сябе не толькі прафесіяналамі сваёй справы, але і таленавітымі, рознабаковымі асобамі, якія ўсё сэрца і душу аддаюць дзецям.

Як расказала член журы метадыст абласнога Цэнтра творчасці Наталля Ластачка, праводзіўся конкурс з мэтай выяўлення і распаўсюджвання перадавога вопыту ў сістэме дадатковай адукацыі, а таксама падтрымкі лепшых педагогаў, а такіх у рэгіёне нямала.
— З улікам таго, што цяперашні конкурс праводзіўся сярод педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з ахопам да 1000 навучэнцаў, на ўдзел у ім было заяўлена 13 пераможцаў на ўзроўні раёнаў і гарадоў вобласці, — адзначыла Наталля Пятроўна.
Усіх канкурсантаў чакаў другі конкурсны этап. Кампетэнтнае журы прапанавала ўдзельнікам прадставіць прэзентацыю аўтарскага вучэбна-метадычнага комплексу, правесці выхаваўчае мерапрыемства з навучэнцамі, а таксама майстар-клас па кірунку сваёй дзейнасці. Заданні не з лёгкіх, аднак канкурсанты з імі годна справіліся.
Усе аўтарскія вучэбна-метадычныя комплексы адрозніваліся арыгінальнасцю распрацаванай адукацыйнай праграмы, змястоўным напаўненнем яе структурных кампанентаў, адпаведнасцю адукацыйным задачам, якія дазваляюць забяспечыць рэалізацыю асобасных інтарэсаў навучэнцаў, развіць іх творчыя здольнасці. У ходзе правядзення выхаваўчага мерапрыемства з навучэнцамі ўдзельнікі таксама змаглі паказаць высокі прафесійны ўзровень. Гэта выразна прасочвалася праз мэтазгоднае выкарыстанне формаў і метадаў арганізацыі дзейнасці дзяцей, актуальнасць абранай тэматыкі, умелае выкарыстанне наглядных і тэхнічных сродкаў навучання. У гэтым спаборніцтве журы асабліва адзначыла выхаваўчыя мерапрыемствы: прававы эрудыт “Закон і мы”, тэатралізаванае прадстаўленне “І памятае свет выратаваны”, сюжэтна-ролевую гульню “Сапраўдны цуд”, падарожжа ў краіну здароўя, урок мужнасці, вечар бардаўскай і аўтарскай песні.
— Калі ж гаварыць пра майстар-класы, то і тут нашы канкурсанты змаглі раскрыць свой прафесіяналізм не толькі як вузкія спецыялісты, якія добра валодаюць пэўным відам дзейнасці, але і як педагогі, у дасканаласці дасведчаныя ў тэхналогіях навучання дзяцей. Удзельнікі пісьменна ставілі мэты майстар-класа, дэманстравалі індывідуальны педагагічны стыль, уменне данесці веды і вопыт да мэтавай аўдыторыі, — падкрэсліла член журы Наталля Ластачка.
Па словах Наталлі Пятроўны, кожны з 13 канкурсантаў праявіў сябе на другім этапе найлепшым чынам. Фіналістамі конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі” сталі педагог аб’яднання “Свет прыроды” Цэнтра юных натуралістаў Бабруйска Святлана Абрамава, педагог аб’яднання “Свет фарбаў” Краснапольскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Марына Баравік, педагог аб’яднання па інтарэсах “Сувенір” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Чавус Эдзіта Жарыкава, педагог аб’яднання “Юныя турысты” Крычаўскага раённага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Галіна Канада, педагог аб’яднання “Пакаёвае кветкаводства” эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва Наталля Кузькова, педагог аб’яднання “Юны турыст” Касцюковіцкага цэнтра турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Алена Кузняцова, педагог аб’яднання “Сцяжынка” Таццяна Кірдун і педагог аб’яднання “Вакал і пастаноўка голасу” Наталля Юрэвіч з Цэнтра творчасці Глуска, педагог аб’яднання “Бальны і эстрадны танец” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” Хоцімска Таццяна Піскунова, педагог аб’яднання па інтарэсах “Майстрыха” Цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень” Шклова Іна Плясоўскіх, педагог аб’яднання “Спартыўнае арыентаванне” Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска Ірына Сакалова, педагог аб’яднання “Скарбнiца” Горацкага дзіцячага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій Ала Тунікава, педагог аб’яднання “Юны мастак” Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Аксана Федарэнка.
Выявіць лепшага з лепшых дапамаглі фінальныя конкурсныя заданні. Спачатку канкурсанты праводзілі адкрытыя заняткі з групай незнаёмых навучэнцаў, пасля праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне “Ад тэорыі да практыкі”.
Падчас адкрытых заняткаў, эфектыўна прымяняючы разнастайныя метады і сродкі навучання, фіналісты заваявалі ўвагу і цікавасць навучэнцаў, а на тэсціраванні прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў як асноў педагогікі, так і нарматыўна-прававой дакументацыі.
Расставіць усе кропкі над “і” ў вызначэнні пераможцы журы дапамагло апошняе заданне — самапрэзентацыя фіналістаў “Знаёмцеся, гэта я!”. У ім педагогі раскрывалі свой асобасна-прафесійны вобраз, разнастайнасць талентаў, абазначалі педагагічнае крэда. Крэатыўныя, напоўненыя творчасцю і любоўю да сваёй прафесіі выступленні ўражвалі і журы, і гледачоў. Раіцца судзейскай камісіі прыйшлося доўга, але прысутныя ў зале ў гэты час не сумавалі. Сваімі вакальнымі нумарамі іх радавалі выхаванцы абласнога Цэнтра творчасці.
Па выніках конкурсу, перамогу і ганаровае званне “Педагог дадатковай адукацыі” года заслужана атрымала педагог аб’яднання па інтарэсах “Майстрыха” Цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень” Шклова Іна Плясоўскіх. Лаўрэатамі конкурсу сталі педагог аб’яднання па інтарэсах “Вакал і пастаноўка голасу” Цэнтра творчасці Глуска Наталля Юрэвіч і педагог аб’яднання “Юны мастак” Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Аксана Федарэнка. Пераможца і прызёры атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і грашовыя прэміі абласнога цэнтра творчасці. Але і астатнія фіналісты не засталіся без узнагарод, яны былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.