Сэрца педагога

Сусветны дзень сэрца адзначаецца восенню. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшлі выязныя кансультацыі ўрачоў, прымеркаваныя да гэтага дня.

Ва ўстанову вышэйшай адукацыі прыехалі дактары і кандыдаты медыцынскіх навук з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”, каб пракансультаваць студэнтаў, выкладчыкаў і іншых супрацоўнікаў універсітэта.

Акрамя таго, загадчыца лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца доктар медыцынскіх навук Вольга Аляксандраўна Суджаева, загадчык лабараторыі неадкладнай і інтэрвенцыйнай кардыялогіі кандыдат медыцынскіх навук Валерый Іванавіч Стэльмашок і навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертэнзіі Сяргей Віктаравіч Чарняк правялі лекцыю па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў, ішэмічнай хваробы і гіпертэнзіі. Цяпер і дзеючыя, і будучыя педагогі, якія пабывалі на гэтай лекцыі, добра ведаюць, як зберагчы сваё здароўе на няпростай стрэсавай рабоце.

Сустрэча медыкаў і педагогаў адбылася ў рамках рэалізацыі сумеснага адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам — да здароўя нацыі!”, разлічанага на 2018—2019 гады. Праект у сваю чаргу заснаваны на палажэннях Дзяржаўнай праграмы “Здароўе і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гг.

Праект уключае яшчэ нямала мерапрыемстваў — выданне інфармацыйных матэрыялаў для дзяцей і метадычных дапаможнікаў для педагогаў, работу валанцёраў на базе школ і дзіцячых садоў, правядзенне конкурсаў на адпаведную тэматыку і г.д. Калі ўзгадаць, што больш чым у палове выпадкаў смярцей у Беларусі прычынай з’яўляюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні, прафілактычныя мерапрыемствы могуць прыкметна змяніць карціну.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва БДПУ імя Максіма Танка.