Сэрца прысвечана дзецям

Ярка, маляўніча, захапляльна. Так прайшоў фінал Магілёўскага абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі”. Падчас фінальных спаборніцтваў у прафесіяналізме перад гледачамі і журы паўсталі неверагодна творчыя педагогі, якія цалкам прысвячаюць сябе дзецям.

Фіналісты конкурсу.

Як расказала член журы метадыст абласнога Цэнтра творчасці Наталля Ластачка, конкурс ладзіцца штогод з мэтай выяўлення і распаўсюджвання перадавога вопыту ў сістэме дадатковай адукацыі, а таксама падтрымкі лепшых педагогаў.

— Сёлета конкурс праводзіўся сярод педагогаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з ахопам звыш 1000 навучэнцаў. Першапачаткова найбольш годнага выбралі ўнутры кожнай установы. Затым канкурсантаў чакаў адборачны тур, для праходжання якога неабходна было прадаставіць на суд журы партфоліа асабістых прафесійных дасягненняў і метадычных распрацовак. Гэты этап вызначыў дваццаць канкурсантаў, якія працягнулі прафесійную барацьбу, — адзначыла Наталля Пятроўна.

У лістападзе — снежні фіналістаў чакаў прамежкавы тур. Канкурсанты прэзентавалі ўласныя адукацыйна-метадычныя комплексы, праводзілі адкрытыя заняткі з незнаёмымі навучэнцамі, ладзілі майстар-класы па сваіх напрамках дзейнасці. Заданні не з лёгкіх, аднак удзельнікі з імі выдатна справіліся. Аўтарскія адукацыйныя праграмы, заняткі ўсіх педагогаў адрозніваліся сваёй арыгінальнасцю і змястоўным напаўненнем, адпаведнасцю адукацыйным задачам, якія дазваляюць забяспечыць рэалізацыю асобасных інтарэсаў навучэнцаў, развіць творчыя здольнасці дзяцей.

Пераможца — педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска Наталля Чайка.

— Канкурсанты паказалі сябе рознабаковымі асобамі. Педагогамі, якія валодаюць высокім інтэлектуальным патэнцыялам і ўнікальнымі духоўнымі якасцямі, якія імкнуцца да пастаяннага самаразвіцця, — расказала Наталля Ластачка.

Выявіць сярод удзельнікаў лепшага з лепшых дапамог шэраг заключных конкурсных заданняў. Спачатку фіналісты праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне “Ад тэорыі да практыкі”, падчас якога прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў як асноў педагогікі, так і нарматыўна-прававой дакументацыі. Свой вопыт работы фіналісты прадстаўлялі і на прэзентацыйнай пляцоўцы “Майстэрства. Творчасць. Талент”.

— На пляцоўцы можна было ўбачыць выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці і метадычных матэрыялаў. Гэта быў сапраўдны вернісаж творчых ідэй, дзейсных адукацыйных знаходак, якія станоўча ўплываюць на якасць вучэбнага працэсу, — паведаміла Наталля Пятроўна.

Кропку над “і” ў вызначэнні пераможцы паставіла апошняе заданне — самапрэзентацыя фіналістаў “Знаёмцеся — гэта я!”. У ім педагогі раскрывалі асобасна-прафесійны вобраз, разнастайнасць талентаў, адзначалі педагагічнае крэда. Крэатыўныя, напоўненыя творчасцю і любоўю да сваёй прафесіі выступленні ўражвалі і журы, і гледачоў. Кожны ўдзельнік паказаў сябе як яркая, неардынарная асоба, творчы, актыўны, упэўнены ў сабе педагог, які ўмее ставіць перад сабой мэту і дасягаць выніку.

— Канкурсанты дэманстравалі на сцэне шлях свайго прафесійнага станаўлення па матывах тэлевізійных перадач “Голас”, “Сам сабе рэжысёр”, “Апошні герой”. Яркія, незабыўныя выступленні паказалі шырокі спектр відаў дзейнасці дадатковай адукацыі, прадстаўленых рознымі формамі: харэаграфічны эцюд, міні-спектакль, дэманстрацыя мадэлей. У выступленнях удзельнікі раскрылі і праявілі ўсю разнастайнасць сваіх талентаў, — падкрэсліла Наталля Ластачка.

Па агульных выніках перамогу і ганаровае званне “Педагог дадатковай адукацыі” заслужана атрымала прадстаўніца Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска Наталля Чайка. Лаўрэатамі конкурсу сталі педагог Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва Юлія Прыгодзіч, педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска Анастассія Тарасенка і педагог Хоцімскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” Аляксандр Каржоў. Пераможца і прызёры атрымалі ва ўзнагароду дыпломы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і грашовыя прэміі ад абласнога Цэнтра творчасці. Але і астатнія фіналісты не засталіся без узнагарод, яны былі адзначаны заахвочвальнымі дыпломамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным цэнтрам творчасці.