Сэрца ў падарунак

- 11:20Навіны рэгіёнаў

На Міншчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу замяшчальных сямей “Сэрца аддаю дзецям”, які прайшоў дыстанцыйна ў фармаце пяцідзённага web-марафону “Маміна сэрца”. 

У віртуальным спаборніцтве прынялі ўдзел 24 замяшчальныя сям’і Мінскай вобласці. На працягу пяці дзён 173 удзельнікі размяшчалі відэаматэрыялы на розныя тэмы ў сваіх акаўнтах у Instagram. Усяго было апублікавана 120 відэаролікаў. Пераможцай сярод трох лідараў стала сям’я Васіля і Алены Пацукевічаў з Барысава (на здымку). На момант заканчэння падліку лайкаў большую колькасць станоўчых водгукаў — 3036 — журы налічыла менавіта на іх старонцы. На 2-м месцы апынулася сям’я Алены і Сяргея Савіцкіх са Смалявіцкага раёна, на рахунку якіх 1869 адзнак “падабаецца”. Трэцяй стала сям’я Кацярыны і Аляксандра Васільевых са Стаўбцоўскага раёна, на іх сторонцы 1757 адзнак-сэрцайкаў. Усе ўдзельнікі марафону атрымаюць дыпломы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, а пераможцаў чакаюць каштоўныя прызы.

— Першы дзень марафону прайшоў пад назвай “Добра, калі ты побач”, — расказвае пра асаблівасці конкурсу Галіна Дайнэка, спецыяліст цэнтра падтрымкі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы кадраў адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. — У сваіх відэа канкурсанты расказвалі пра сям’ю, дом, сямейны ўклад, распарадак дня, размеркаванне абавязкаў паміж дарослымі і дзецьмі. На другі дзень ім трэба было правесці гледача любімымі сцежкамі, паказаць патаемныя закуткі роднага горада ці вёскі, пазнаёміць з мясцінамі, якія больш за ўсё вабяць і малых, і дарослых, дзе ўся сям’я з асалодай праводзіць вольны час. 

Часцей за ўсё ролі экскурсаводаў прымяралі на сябе дзеці, расказваючы аб прыгожым возеры і лесе непадалёк дома, любімым парку або дзіцячай пляцоўцы, а таксама аб славутасцях сваёй малой радзімы. Адны адпраўляліся ў падарожжа пешшу, другія на веласіпедах ці аўтамабілі. 

Сям’я Савіцкіх з аграгарадка Слабада Смалявіцкага раёна, у якой падрастаюць пяцёра прыёмных дзяцей і яшчэ двое знаходзяцца на патранатным выхаванні, прадэманстравала, як любіць праводзіць час разам на мясцовым ранча, што на беразе жывапіснага возера. Там у спецыяльным манежы можна пакатацца на конях, прычым і аматарам, і спартсменам, і дзеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 

На трэці дзень удзельнікі конкурсу радавалі матуль прыгожымі і чуллівымі песнямі пад розны музычны акампанемент: гукі гітары, флейты, фартэпіяна, гармоніка. Пры гэтым зусім не бездакорнае вакальнае выкананне  асабліва запала ў сэрца, шчырасць і душэўнасць выканаўцаў больш за ўсё кранулі жанчын.

Перадапошні дзень святочнага спаборніцтва быў асабліва яркім і маляўнічым, бо прайшоў пад дэвізам “Букет для мамы”. Канкурсанты падышлі да справы вельмі крэатыўна. Сярод букетаў былі і віртуальныя паштоўкі, і кветкі з уласнага саду, і мноства кампазіцый, зробленых сваімі рукамі з падручных матэрыялаў: паперы, галінак дрэў, шышак, лісця, ягад рабіны і нават цукерак. Як правіла, над вялікай рукатворнай прыгажосцю дружна працавала ўся сям’я. Многія, як, напрыклад, сямёра дзетак Кацярыны і Аляксандра Васільевых, зрабілі вельмі прыгожы традыцыйны восеньскі букет з жывых кветак і жоўтага лісця, якое, дарэчы, стала хітом конкурсных букетаў. А хтосьці пайшоў далей і шчодра ўпрыгожыў свой арыгінальны святочны прэзент дарамі кастрычніка: капустай, бульбай, морквай, агуркамі, перцам.

У заключны день конкурсу матуль чакалі творчыя падарункі. Сярод іх самыя розныя прыемнасці: добрыя адзнакі ў дзённіку, каляровыя малюнкі, маляўнічыя паштоўкі і вырабы, створаныя сваімі рукамі. Многія вырашылі здзівіць маму бездакорным парадкам у доме, салодкім сюрпрызам і смачнай вячэрай. А вось выхаванцы Васіля і Алены Пацукевічаў, якія занялі 1-е месца, пад чуйным кіраўніцтвам таты падрыхтавалі бадай што самы маштабны падарунак. Сабраўшыся ў сталовай каля палаючага каміна, хлопчыкі і дзяўчынкі намалявалі плакат са сваімі далонькамі, у якіх размясцілі цёплыя словы пажаданняў для мамы, змайстравалі з фольгі і паперы запаслівага вожыка з шышкамі і жалудамі на спіне, прыбраліся дома, падрыхтавалі смачную вячэру, спяклі пірог, а яшчэ ўручылі матулі кошык з цудоўнымі кветкамі і заціснулі яе ў сваіх абдымках. Дзеці ў гэтай сям’і ўпэўнены, што дом — гэта месца, дзе ты адчуваеш сябе абароненым і любімым, гэта людзі, якім ты патрэбны і ў радасці, і ў смутку. Яны прыходзяць у патрэбную хвіліну і застаюцца з табою назаўсёды.

Распаўсюджванне лепшага вопыту выхавання дзетак у замяшчальных сем’ях, у дамах сямейнага тыпу будзе спрыяць таму, каб больш дзяцей знаходзілі прыёмных мам і татаў. Цікава, што такі прыклад у свой час быў і перад вачыма сённяшніх пераможцаў. Для Васіля і Алены Пацукевічаў такім узорам стала родная сям’я Алены Васільеўны. Яе мама Вера Паўлаўна і тата Васіль Мартынавіч ужо каля 20 гадоў займаюцца выхаваннем дзяцей, яны адны з першых у раёне арганізавалі дзіцячы дом сямейнага тыпу і за гэты доўгі час сталі бацькамі для трох дзясяткаў (!) прыёмных дзетак. І па сёняшні дзень яны працягваюць дарыць любоў, радасць, цеплыню сваіх сэрцаў тым, хто мае ў гэтым патрэбу.  

Марына КУНЯЎСКАЯ.