Сэрцам адданыя роднай зямлі

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Лаўрэатаў абласных літаратурных прэмій імя Петруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча ўшанавалі ў Віцебску

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў абласной бібліятэцы імя Леніна з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Пеніна.

Прэмія імя Уладзіміра Караткевіча заснавана ў 1999 годзе і ўручаецца адзін раз на пяць гадоў у трох намінацыях. Цяпер яе лаўрэатамі прызнаны Галіна і Сяргей Трафімавы, Ганна Навасельцава, Тамара Краснова-Гусачэнка і Аркадзь Русецкі. Аршанскія пісьменнікі Галіна і Сяргей Трафімавы — аўтары шматлікіх літаратурна-займальных дапаможнікаў для навучэнцаў, навукова-папулярнай літаратуры для малодшых школьнікаў, метадычных распрацовак для настаўнікаў, кніг для бацькоў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Кніга “Мой родны край. Орша. Аршанскі раён” уяўляе сабой зборнік цікавых фактаў пра малую радзіму, яе гісторыю і сучаснасць, адметныя мясціны і знакамітых землякоў. У Год малой радзімы, дзякуючы выдавецтву “Аверсэв”, незвычайны зборнік атрымалі ў падарунак усе першакласнікі Аршаншчыны. Ініцыятыва выдання належыць яго галоўнаму рэдактару Аляксандру Таранду, які родам з Барані (Аршанскі раён). “Старонкі, напоўненыя роднымі вобразамі і сапраўдным чараўніцтвам” — гэта пра творчасць віцяблянкі Ганны Навасельцавай і, у прыватнасці, пра кнігу “Калі цябе спаткала казка”. Аўтара ведаюць як пісьменніка, вучонага-даследчыка, педагога. Выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, яна засталася працаваць у альма-матар; сёння Ганна Віктараўна — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Паэт, празаік, публіцыст, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член саюзаў расійскіх пісьменнікаў і пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Тамара Краснова-Гусачэнка (якая, дарэчы, больш за два дзясяткі гадоў аддала педагагічнай дзейнасці) узнагароджана за зборнік вершаў “Будзем жыць…”. Яшчэ адзін яркі прадстаўнік навукова-адукацыйнай і культурнай прасторы Віцебшчыны, чыё імя цесна звязана з ВДУ, — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры, рэктар універсітэта ў 1997—2009 гадах Аркадзь Русецкі — адзначаны званнем лаўрэата за шматгадовую працу па прапагандзе творчасці Уладзіміра Караткевіча і манаграфію “Уладзімір Караткевіч: Яго зорка не згасне ніколі… (Спроба літаратурнай біяграфіі)”.

Штогадовая прэмія імя Петруся Броўкі прызначаецца з 2012 года. Ініцыятыва абласной улады накіравана на падтрымку пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны, ­адзнаку іх укладу ў развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры. Па выніках 2020 года ўзнагароду атрымалі Зоя Наваенка, Галіна Загурская і Маіна Бабарыка. Зоя Максімаўна нарадзілася ў Віцебску, скончыла хіміка-біялагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (зараз ВДУ імя П.М.Машэрава), працавала настаўніцай хіміі і біялогіі, у тым ліку ў Варапаеўскай сярэдняй школе Пастаўскага раёна, Лепелі і больш за 25 гадоў — у сярэдняй школе № 3 Глыбокага; жыве ў гарадскім пасёлку Падсвілле Глыбоцкага раёна. Яна аўтар шматлікіх паэтычных і празаічных твораў, актыўна друкуецца ў перыядычных выданнях. “Жыццё такое кароткае, і, акрамя матэрыяльных каштоўнасцей, у ім існуе шчасце штодзённых адкрыццяў: адвечнага сонечнага цяпла, паўдзённай прахалоды вады, любові, сяброўства… Мы ўсё больш маем патрэбу ў гэтым, а што можа быць больш сапраўдным, чым сапраўдныя гісторыі рэальна існуючых людзей”, — звяртаецца аўтар да чытача ў прадмове да зборніка “Блуканне за шчасцем…” Дакументальная аповесць “Дзяцінства ў тумане вайны”, што прынесла пісьменніцы ўзнагароду ў намінацыі “Проза”, уяўляе сабой жывыя, напоўненыя болем і любоўю да людзей успаміны дарослай жанчыны пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага часу, перададзеныя праз дзіцячае ўспрыманне іх сведкі і ўдзельніцы — маленькай Зоі. У намінацыі “Літаратура для дзяцей” прэмія прысуджана знакамітай і найстарэйшай пісьменніцы паўночнага рэгіёна, выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання” Маіне Бабарыка за кнігу казак “Елграф и волшебные ножницы”. Пераможца ў намінацыі “Паэзія” — палачанка Галіна Загурская, таксама выпускніца Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава (фізіка-матэматычны факультэт). Галіна Пятроўна працавала настаўніцай у роднай вёсцы Лявонпаль на Мёршчыне і ў Смаргонскім раёне, у Полацку — выкладчыкам і метадыстам у медвучылішчы, Дзяржаўным прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 66 будаўнікоў, Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур. Зборнік “Бераг зарападаў” з’яўляецца пятай кнігай аўтара. Сваю любоў да Бацькаўшчыны яна ўдала перадае не толькі на літаратурных старонках, але і сродкамі выяўленчага мастацтва. Некалькі карцін таленавітай мастачкі ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Званне лаўрэата прэміі Петруся Броўкі — 2020 для Галіны Загурскай — адзнака заслужанага прызнання і адметны падарунак да дня нараджэння, які палачанка святкуе сёння, 5 студзеня.

— Прыемна бачыць людзей, шчыра і дзейсна зацікаўленых у развіцці грамадства. Чытанне спрыяе гарманічнаму станаўленню асобы, абуджае патрыятычныя пачуцці, пашырае кругагляд. Чалавек, які не чытае кніг, — незалежна ад сацыяльнага статусу ці прафесіі — не можа ўспрымаць усю паўнавартаснасць жыцця, бо не хлебам адзіным жывы чалавек: ён заўсёды меў і мае патрэбу ў духоўнай ежы. Вы ў сваіх творах праслаўляеце родны край, працягваеце традыцыі славутых нашых землякоў, якія падавалі прыклад самаадданай любові да Беларусі, роднага слова, — падкрэсліў Уладзімір Пенін і пажадаў лаўрэатам здароўя, натхнення і новых дасягненняў на літаратурнай ніве.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Падсвільскім яслямі-садам — сярэдняй школай Глыбоцкага раёна.