Сэрцам людзей сагрэць

Сутнасць цімураўскага руху — дапамагаць усім, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, педагагічнай працы і пажылыя людзі павінны адчуць, што вакол жывуць маленькія рупліўцы, якія па закліку душы і сэрца здольны падзяляць іх праблемы і клопаты. Цімураўская дапамога вельмі неабходна, бо састарэлым людзям часам патрабуецца не толькі падтрымка, але і проста ўвага. Акрамя таго, праз зносіны з пажылымі людзьмі дзеці могуць даведацца шмат новага пра сваю малую радзіму, традыцыі і звычаі, а таксама выслухаць іх успаміны пра падзеі даўно мінулых дзён.

У нашай школе на працягу многіх гадоў дзейнічае цімураўскі атрад “Надзея”, членамі якога з’яўляюцца толькі самыя адказныя, актыўныя і самаадданыя сваёй справе вучні. Дзейнасць атрада заснавана на цімураўскіх традыцыях: справы, абавязку, гонару, высакароднасці. Девіз атрада —“Сэрцам людзей сагрэць!”.

Атрад “Надзея” працуе не толькі ў рамках плана, але заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ўсім, хто мае патрэбу. У сярэдзіне сакавіка ва ўстанову адукацыі патэлефанавала былая работніца школы, адзінокая пенсіянерка з просьбай прыбраць пасечаныя дровы каля хаты. Пасля ўрокаў цімураўцы паспяшаліся на дапамогу. Радасцю, надзеяй, цеплынёй свяціліся вочы пажылой жанчыны, калі яна ўбачыла на сваім падворку дзяцей. Хлопчыкі дровы перавозілі, а дзяўчынкі складалі. Хоць вярталіся дамоў стомленыя, але радаваліся, усведамляючы сваю запатрабаванасць і неабходнасць тварыць добрыя справы.

Наталля СКВАРАДА,
настаўніца пачатковых класаў
Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.