Сэрцу любая, спеўная, шчодрая — Ушаччына

- 12:03Сацыяльны ракурс

Край чароўных азёр і бароў, людзей з моцных характарам і прыгожай, чулай душой — Ушаччына спрадвеку славілася як калыска талентаў. Гэтая зямля па праву ганарыцца сваімі дзецьмі — тымі, чые справы і дасягненні праславілі яе на ўвесь свет, і тымі, хто яшчэ толькі вучыцца, набліжаецца да першых поспехаў, робіць крокі да самастойнага жыцця. Таму, напэўна, заўжды цікава завітаць у любую тутэйшую ўстанову адукацыі: для мясцовых жыхароў кожная з іх — узорны прыклад высокай культуры і асветніцкі цэнтр. Педагогі разам з навучэнцамі прыкладаюць нямала намаганняў, каб менавіта іх школа была непаўторнай, найлепшай. Напярэдадні і ў першыя дні верасня гэта асабліва прыкметна: прышкольная тэрыторыя ззяе рознакаляровай кветкавай вясёлкай, светлыя ўтульныя класы так і клічуць за парту… Прыемнай нагодай пабываць у некалькіх школах раёна для журналістаў стаў прэс-тур, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Арэхаўна: дыні з уласнай цяплічкі ў школьным меню

Тэрыторыя вакол школы ў аграгарадку Арэхаўна — царства дабрабыту і прыгажосці. Колькі стараннасці, фантазіі, руплівай працы ўкладзена ў любую, здавалася б, дробязь! Яркія кветнікі: кожны замацаваны за асобным класам і радуе вока з ранняй вясны да позняй восені — сёлета цюльпаны тут цвілі ўжо 30 сакавіка, аднак большасць гатункаў асеннія, каб у Дзень ведаў школа вітала вучняў ва ўсёй сваёй красе. Утульныя альтанкі, фантастычныя паркавыя скульптуры і фантаны, сад, дэндрарый, акуратны дагледжаны агарод і цяплічка, дзе якраз паспелі смачныя дыні…— Установа ў нас сельская, невялікая. А вось яе тэрыторыя складае больш за 3 гектары, — расказвае дырэктар Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнкі Ларыса Булаўка. — І гэта добра: хапае месца і для творчых эксперыментаў па ландшафтным дызайне (усё, што вы бачыце, настаўнікі і дзеці зрабілі сваімі рукамі), і для вырошчвання садавіны, гародніны. За кошт таго, што ўся гародніна на стале ўласнай вытворчасці, забяспечваем дзецям двухразовае бясплатнае харчаванне, лішкі рэалізуем насельніцтву: сёлета ад продажу прадукцыі з прышкольнага ўчастка атрымалі больш за 9 млн рублёў прыбытку. Акрамя таго, стараемся зарабляць пазабюджэтнай дзейнасцю. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе сабралі ў два разы больш за норму металалому, вучні ўдзельнічалі на платнай аснове ў пасадцы лесу і па заказе лясгаса майстравалі домікі для сініц. Заробленыя такім чынам сродкі накіроўваем на правядзенне касметычных рамонтаў, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Цяплічнай гаспадаркай загадвае настаўніца Таццяна Жарнасек. Дзякуючы таму, што цяпліца абаграваецца ад кацельнай, зялёная цыбуля, кроп, радыска і салата з’яўляюцца ў школьным меню ў канцы зімы — пачатку вясны. У сакавіку на змену зеляніне высаджваюць салодкі перац і таматы, прычым апошніх — больш за 100 гатункаў. Потым расаду перамяшчаюць у плёначны парнік, а ў цяпліцы “пасяляюцца” экзатычныя жыхары — дыні і кавуны. Увосень салодкі ўраджай накіроўваецца дзецям на харчаванне.
Пераважная большасць педагогаў Арэхаўскай школы, уключаючы яе дырэктара, — выпускнікі школ раёна (гэта, дарэчы, характэрна для ўсёй Ушаччыны). Так і сёлета да працы прыступілі чацвёра маладых спецыялістаў — Алёна Жалейка, Таццяна Кызыма, Сяргей Аглушэвіч, Вольга Красоўская. Яшчэ дзве настаўніцы, Таццяна Бандарэнка і Вольга Дуброўская, выйшлі з дэкрэтнага адпачынку.
— Засталася на сваёй малой радзіме таму, што яна літаратурная, паэтычная. Як настаўнік беларускай мовы і літаратуры я гэтым асабліва ганаруся, — прызналася Алёна Жалейка. — Ніколі не думала ехаць працаваць у невядомую далеч. Навошта, калі тут усё побач — знаёмае, любае, роднае? — Хацела вярнуцца менавіта сюды і трапіць менавіта ў гэтую школу, таму што наш калектыў самы лепшы, — далучылася да размовы Таццяна Кызыма. — Вопытныя настаўнікі і кіраўніцтва заўсёды падтрымаюць, дапамогуць. Мы сюды нядаўна прыйшлі, а ўжо адчуваем сябе як дома, дзе ўсіх аб’ядноўвае любоў да дзяцей і творчы пошук, прага ведаў, самаўдасканалення. Трошкі трывожна было напачатку — як прымуць навучэнцы, складуцца адносіны з класам, але разам з тым радасна і цікава, і радасць большая за хваляванне.
Калі гаварыць пра матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, то па многіх паказчыках невялічкая сельская школа пераўзыходзіць нават гарадскія: сучасныя спартыўная і трэнажорная залы, бібліятэка, майстэрні, шыкоўны зімовы сад, заалагічны куток, лінгафонны кабінет, камп’ютарны клас. Тое ж можна сказаць і пра якасць навучання: паспяховасць вучняў і стабільна высокія балы на ЦТ — найпершае гэтаму пацвярджэнне. На базе школы дзейнічаюць 2 раённыя рэсурсныя цэнтры і рэалізуецца рэспубліканскі праект па энергазберажэнні.

Кожнаму настаўніку — па камп’ютары

— Падрыхтоўка да новага навучальнага года і яго пачатак – напэўна, самы адказны перыяд у жыцці школы, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Іна Сыроўчанка. — Гэта сапраўды агульная справа, якой занятыя ўсе — ад настаўнікаў, дзяцей, іх бацькоў да спецыялістаў і кіраўніцтва органаў кіравання адукацыяй. Не застаецца ўбаку і наш райвыканкам: штогод установам адукацыі аказваюць вялікую матэрыяльную дапамогу. Напрыклад, сёлета на рамонт аднаго з дзіцячых садкоў выдзелены сродкі менавіта з раённага бюджэту. А ў мінулым годзе дадаткова 100 млн рублёў райвыканкам накіраваў на папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы Ушацкай сярэдняй школы. Старшыня раённай выканаўчай улады Віктар Родзіч паставіў мэту: кожны настаўнік у школах раёна павінен мець камп’ютар, і трымае яе ажыццяўленне на ўласным кантролі. Да новага навучальнага года на тэрыторыі Ушацкай сярэдняй школы па ініцыятыве кіраўніка раёна абсталявана зона адпачынку і высаджаны сквер. Маштабная падтрымка нашых устаноў і педагагічных ініцыятыў надае ўпэўненасці, што патэнцыял і магчымасці сістэмы адукацыі раёна і надалей будуць павышацца, а значыць, праца настаўнікаў дасць яшчэ большы плён.

Школа паэтаў і сучасныя адукацыйныя тэхналогіі

Ушацкая сярэдняя школа — жывая легенда. Па ўнікальнай сваёй гісторыі: школа дамініканцаў працавала ва Ушачах ужо ў ХVІІ стагоддзі. І па тым гонары, якім сталі для ўстановы адукацыі яе выпускнікі: тут некалі вучыліся Генадзь Гарбук, Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось і многія іншыя славутыя людзі зямлі беларускай. Цікавы факт: напэўна, ні ў адным населеным пункце вобласці на ўрачыстую лінейку ў Дзень ведаў не прыходзіць столькі бацькоў, як ва Ушачах. Таксама традыцыя…
Сёння створаную ў школе матэрыяльна-тэхнічную базу можна назваць прыкладам таго, як трэба клапаціцца аб падрастаючым пакаленні. Тут і вялікая бібліятэка, выдатныя актавая і спартыўная залы, утульная сталовая на 200 пасадачных месцаў, камбінаваная майстэрня, спартыўныя пляцоўкі (у тым ліку і поле для міні-футбола са штучным пакрыццём), на якіх можна сустрэць не толькі школьнікаў, але і дарослых аматараў спорту — жыхароў мікрараёна. Школа райцэнтра — гэта 44 класныя кабінеты, 2 кабінеты інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій, кабінеты нямецкай і англійскай мовы, хіміі, біялогіі, беларускай мовы і літаратуры, абслуговай працы, новы кабінет фізікі. Кожны з іх стараннямі дзяцей і настаўнікаў мае непаўторны стыль. Кабінет англійскай мовы прываблівае не толькі сучасным лінгафонным абсталяваннем, але і афармленнем. Я спачатку была перакананая: тут прыклаў руку прафесійны мастак. І памылілася. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Крахотка, насценны роспіс — справа рук настаўніка нямецкай мовы Дзяніса Шарына.
— Новае абсталяванне за год даказала сваю эфектыўнасць, — не хавае задавальнення сваім кабінетам настаўнік фізікі Віктар Герцык. — Усё прадумана і несумненна павышае эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. А мае выпускнікі, калі прыходзяць у кабінет фізікі, па-добраму зайздросцяць сённяшнім школьнікам, прызнаюцца, што ім таксама хочацца тут вучыцца.Гаспадыня кабінета беларускай мовы і літаратуры Вера Спірчонак гасцінна запрашае наведаць беларускую хатку. Віктар Мікалаевіч і Вера Васільеўна — прафесіяналы і апантаныя сваёй работай педагогі, у кожнага сярод вучняў — пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Тут варта адзначыць, што для ўстановы адукацыі высокі прафесіяналізм — правіла, а не выключны выпадак: 81 працэнт педкалектыву складаюць настаўнікі вышэйшай і першай катэгорыі. І больш за 85 працэнтаў педагогаў з’яўляюцца выпускнікамі школ раёна. У новым навучальным годзе да вопытных калег далучыліся маладыя настаўнікі — Эльвіра Цвірбут і Ягор Крылоў.
— У нас дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры на базе кабінетаў фізікі і інфармацыйных тэхналогій, дзе навучэнцы і настаўнікі з Ушач і раёна пашыраюць веды і павышаюць свой прафесійны ўзровень, далучаюцца да даследчыцкай дзейнасці. Юныя аматары навукі займаюцца ў аб’яднанні навучэнцаў “Парадокс”, — працягвае знаёмства з установай адукацыі яе дырэктар Віталь Клімашэўскі. — Наша школа цэнтральная, сюды прыязджаюць вучыцца дзеці і з райцэнтра, і з бліжэйшых населеных пунктаў — тыя, хто нацэліўся на атрыманне вышэйшай адукацыі. З мінулага года мы адкрылі профільныя класы па вывучэнні фізікі і матэматыкі, хіміі і біялогіі. Іх выпускнікі, дарэчы, сёлета здалі ЦТ з вынікамі 97—95 балаў, 22 навучэнцы з 25 сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Прыемна адзначыць, што ў рэйтынг “Топ-100 лепшых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь” увайшла і Ушацкая сярэдняя школа. Гэта вынік мэтанакіраванай работы і велізарнай працы ўсяго калектыву.
Вялікадолецкаму дзіцячаму саду — сярэдняй школе імя П.У.Броўкі сёлета споўнілася 35 гадоў. Напрамак, у якім працуе педкалектыў, — выхаванне здаровага ладу жыцця.
— Прыёмку да новага навучальнага года мы прайшлі без заўваг, у раённым конкурсе па добраўпарадкаванні занялі 2 месца, саступілі толькі Ушацкай сярэдняй школе. Выкананы вялікі аб’ём работ па рамонце і добраўпарадкаванні. Пафарбавалі, замянілі векі парт, падрыхтавалі школьны двор, прычым займаліся гэтым пераважна самі навучэнцы ў рамках другаснай працоўнай занятасці падчас працоўнай практыкі, — сцісла каменціруе прыгажосць і ўтульнасць, убачаныя намі на тэрыторыі і ў будынку школы, яе дырэктар Рыма Аніскевіч. — У нас ёсць усё, каб паспяхова выконваць вучэбную праграму. І мы нацэлены на далейшыя спартыўныя, інтэлектуальныя, творчыя перамогі.
Не магу не дадаць, што і ранейшыя дасягненні педагогаў і навучэнцаў вартыя захаплення. Толькі за апошнія гады сціплая вясковая школа падрыхтавала некалькіх пераможцаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама прызёра і пераможцу Міжнароднай алімпіяды па хіміі. Вынікі ЦТ, спартыўныя і творчыя дасягненні навучэнцаў уражваюць не менш.
— Мы невыпадкова прыехалі сюды, у адзін з самых аддаленых раёнаў вобласці, — падводзіць вынікі прэс-туру начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, — каб пераканацца, якую вялікую падтрымку дзяржава паўсюдна аказвае нашым установам адукацыі, і ўбачыць, колькі сіл, сродкаў, энергіі аддаюць ім райвыканкамы, дырэктары і самі педагогі. Школы ў сельскай глыбінцы не саступаюць, а часам і пераўзыходзяць гарадскія, у тым ліку і ў абласным цэнтры. Сёння ў рэгіёне пытанні самазабеспячэння паспяхова вырашаюцца на ўзроўні звычайнай вясковай школы, і вельмі многае тут залежыць ад настаўнікаў і навучэнцаў. Лічу, што магістральны напрамак выбраны правільна. Галоўная мэта сучаснай адукацыі — не проста даць дзіцяці пэўныя веды, а навучыць гэтыя веды атрымліваць і пастаянна ўдасканальваць, падрыхтаваць яго да жыцця.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.