Сертыфікаты — за навучанне, а ўражанні — у падарунак

На гэтым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прымалі дэлэгацыю педагогаў з Польшчы. Як адзначыў рэктар АПА Андрэй Манастырны, настаўнікі з Падляшша прыехалі на курсы павышэння кваліфікацыі, што былі арганізаваны ў рамках рэалізацыі пагаднення па адукацыі паміж урадамі нашай краіны і Рэспублікі Польшча. Для польскіх настаўнікаў у АПА падрыхтавалі шырокую адукацыйную і культурную праграму. Кожны дзень тыдня быў распісаны, але правільнае размеркаванне часу дазволіла ўдзельнікам курсаў максімальна усё ўбачыць і пачуць.

Тыднёвыя курсы ўключалі заняткі на базе акадэміі, філалагічнага факультэта БДУ, гімназій Мінска № 1 імя Ф.Скарыны і № 23 з беларускай мовай навучання, Нацыянальнай бібліятэкі. Польскія калегі даведаліся пра асаблівасці навучання беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, пра рэалізацыю лінгвакультуралагічнага падыходу да навучання беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны. Ім расказалі пра вышэйшую філалагічную адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь увогуле і пра тэндэнцыі сучаснай беларускай літаратуры ў прыватнасці. Госці прынялі ўдзел у дыскусіі, прысвечанай літаратурна-маўленчаму развіццю навучэнцаў на сучасным этапе, і абмеркавалі з беларускімі калегамі шляхі стварэння адукацыйнага асяроддзя, накіраванага на развіццё беларускай мовы.

Для польскіх настаўнікаў былі арганізаваны сустрэчы з вядомымі навукоўцамі Беларусі, знакамітымі настаўнікамі, праведзены экскурсіі. Заняткі праводзілі выкладчыкі акадэміі, нацыянальнага інстытута адукацыі, філфака БДУ, настаўнікі гімназій. На некаторых мерапрыемствах удалося пабываць і журналісту “Настаўніцкай газеты”.

Лекцыя акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Выступленне Аляксандра Лукашанца, першага намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыні Беларускага камітэта славістаў, было прысвечана развіццю і функцыянаванню беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі. Прывяду некалькі вытрымак з лекцыі Аляксандра Аляксандравіча.

* * *

“Разнавіднасці сістэмы сучаснай беларускай нацыянальнай мовы: літаратурная мова, літаратурны стандарт, тарашкевіца, народныя гаворкі, сацыяльныя дыялекты, трасянка. На сёння беларуская мова адна з найбольш даследаваных сучасных славян­скіх моў.

Калі гаварыць пра афіцыйны статус беларускай мовы, то ў Беларусі, натуральна, гэта дзяржаўная мова, у Польшчы — рэгіянальная мова, а, напрыклад, ва Украіне і Чэхіі — мова нацыянальнай меншасці. Беларуская мова займае 69-е месца ў свеце па колькасці носьбітаў. На Беларусі іх 6 340 000, у Расіі — 316 000, у Польшчы — 40 000, ва Украіне —  55 000, у Літве іх налічваецца 30 000, у Канадзе — 10 000, Чэхіі —  7 000.

Калі ў пачатку ХХ стагоддзя назіралася абмежаванае выкарыстанне пісьмовай формы беларускай мовы (мастацкая творчасць і публіцыстыка) , то ўжо на пачатку ХХІ стагоддзя яна пашырана ў большасці афіцыйных сфер камунікацыі, у тым ліку ў сферы адукацыі, мае тэндэнцыю да распаўсюджвання ў новых сферах камунікацыі. Беларуская мова адносіцца да моў, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце. Беларуская Вікіпедыя па колькасці артыкулаў займае 46-е месца сярод нацыянальных Вікіпедый”.

* * *

Беларуская мова дэманструе наяў­насць дастатковай факталагічнай базы, якая забяспечвае выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх афіцыйных сферах ужытку сучаснага грамад­ства. Пачатак ХХІ стагоддзя характарызуецца сістэмным даследаваннем гісторыі беларускай мовы і вяртаннем у сучаснае культурнае поле пісьмовай моўнай спадчыны.

Выданне Бібліі Францыска Скарыны стала другім пасля чэшскай мовы (Чэшская біблія 1488 года; Венецыянская біблія 1507 года) друкаваным перакладам Свяшчэннага Пісання, набліжаным да тагачаснай жывой славянскай мовы, і чацвёртым перакладам на жывыя еўрапейскія мовы (раней былі надрукаваны пераклады Бібліі на нямецкую і італьян­скую мовы).

Для параўнання адзначым, што поўны пераклад Бібліі на рускую мову быў пачаты толькі ў 1814 годзе Расійскім біблейскім таварыс­­твам. У 1821 го­дзе быў апублікаваны Новы Запавет. Поўная Біблія на рускай мове выйшла толькі ў 1876 годзе.

Для захавання і развіцця беларускай мовы ёсць неабходная заканадаўчая база, якая забяспечвае функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”). Сацыяльнай базай беларускай мовы ў пачатаку ХХ стагоддзя было сельскае насельніцтва, а ў пачатку ХХІ стагоддзя соцыум стаў гарад­скім. З’явілася маладое пакаленне гарадской мажарытарнай інтэлектуальнай эліты.

* * *

“Калі гаварыць пра адукацыйны аспект, то двухмоўная кампетэнцыя асобы пашырае яе культурную і інфармацыйную прастору, а двухмоўная кампетэнцыя службовых асоб забяспечвае права грамадзяніна на карыстанне любой дзяржаўнай мовай. Двухмоўная кампетэнцыя соцыуму ў цэлым забяспечвае калектыўнае пачуццё годнасці нацыі, ліквідуе канфрантацыю ў грамадстве паводле моўных паводзін і густаў; здымае праблему моўнага нігілізму.

Адной з надзённых мер па пашырэнні ва ўжытку беларускай мовы з’яўляецца забеспячэнне падчас атрымання вышэйшай і спецыяльнай адукацыі дастатковай беларускамоўнай кампетэнцыі спецыялістаў, асабліва педагагічных кадраў, па ўсіх вучэбных прадметах школьнай праграмы, стварэнне поўнай беларускамоўнай вучэбна-метадычнай базы для ўсіх узроўняў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Пазнавальныя заданні ад Святланы Румянцавай

Майстар-клас Святланы Румянцавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, настаўніка-метадыста Баравухскай сярэдняй школы № 15  Наваполацка, пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”, быў прысвечаны сістэме пазнавальных заданняў як сродку фарміравання вучэбнай матывацыі і развіцця творчасці і інтэлекту. Для польскіх калег Святлана Леанідаўна падрыхтавала шмат цікавых заданняў, якія, трэба прызнаць, яны выконвалі з вялікім задавальненнем. Каб праілю­страваць дзейнасць удзельнікаў майстар-класа, прывяду прыклады.

“Знайдзі пару”

Кожны ўдзельнік майстар-класа атрымаў картку, на якой змяшчалася ўстарэлае слова (архаізм) або слова, якое ўжываецца ў наш час. Карткі былі пераблытаны. Удзельнікам неабходна было шляхам актыўнага ўзаемадзеяння знайсці пару. Прыкладныя словы: дойлід — архітэктар, лятун — лётчык, ваяр — воін, вакацыі — канікулы, веча — сход, ловы — паляванне, ланіты — шчокі, плечы — рамёны, чало — лоб, перст — палец, атрамант — чарніла і іншыя.

“Гісторыя з канверта (кошыка)”

У канверце змяшчаліся папяровыя палоскі, на якіх былі запісаны словы на арфаграму, што вывучаецца. Удзельнікі кожнай групы даставалі палоску і складалі агульны тэкст, выкарыстоўваючы прапанаваныя словы. Напрыклад, для складання гісторыі з выкарыстаннем запазычаных слоў, на якія не распаўсюджваецца правіла “у першым складзе перад націскам е, ё пераходзіць у я” (правапіс е, ё — я), можна прапана­ваць наступныя словы: сезон, перон, секунда, герой, генерал, балерына, перспектыва, метро, галерэя, веранда, мелодыя, кефір, персона, легенда, Бетховен, Версаль, Венецыя, Берлін.

Польскія настаўнікі стваралі і свае метадычныя прадукты, а ў канцы майстар-класа атрымалі ад Святланы Румянцавай рэкамендацыі па выкарыстанні сістэмы пазнавальных заданняў. Вось некаторыя з іх:

  1. Выкарыстоўваючы сістэму пазнавальных заданняў, памятайце, што яна павінна ўключаць у сябе ўсю сістэму пазнавальных дзеянняў і аперацый, пачынаючы ад дзеянняў, звязаных з успрыманнем, запамінаннем, уяўленнем, абдумваннем, заканчваючы аперацыямі лагічнага і творчага мыслення.
  2. Заданні пажадана прапаноў­ваць з улікам рацыянальнай паслядоўнасці іх прад’яўлення: ад рэпрадуктыўных, накіраваных на актуалізацыю набытых ведаў, да часткова-пошукавых, арыентаваных на авалоданне абагульненымі прыёмамі пазнавальнай дзейнасці, а затым да ўласна творчых, якія дазваляюць разглядаць вывучаныя з’явы з розных бакоў.
  3. Пры распрацоўцы ўласных пазнавальных заданняў імкніцеся, каб яны вялі вучняў да фарміравання наступных здольнасцей: бегласці думкі, гнуткасці розуму, арыгінальнасці, умення прапаноўваць і распрацоўваць гіпотэзы, дапытлівасці.
  4. Пазнавальныя заданні павінны чаргавацца, змяшчаць элемент навізны; вучэбны матэрыял пажадана не толькі адаптаваць, але і пастаянна ўзбагачаць новымі знахо­дкамі.
  5. Абапірайцеся на поспех і станоўчыя бакі вучэбнай дзейнасці. Верце ў магчымасці свайго вучня: не бойцеся прапаноўваць складаныя заданні (з улікам узроўню падрыхтаванасці, жыццёвага вопыту вучняў), таму што цяжкасці, якія ўзнікаюць пры іх выкананні, робяць працэс пазнання яшчэ больш захапляльным, а прадмет — цікавым.

Пасля майстар-класа польскія настаўнікі шчыра дзякавалі Святлане Леанідаўне не толькі за магчымасць пашырыць свае веды і пераканацца на практыцы ў карысці пазнавальных заданняў (пакласці ў сваю метадычную скарбонку заданні ад Святланы Румянцавай), але і за добры настрой. Святлана Леанідаўна здолела зацікавіць кожнага ўдзель­ніка майстар-класа.

Зарад энергіі ад магутнага інфармацыйнага рэсурсу

Шмат уражанняў у настаўнікаў з Польшчы пакінула наведванне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прызнацца, і для мяне тры гадзіны, якія мы правялі тут, прайшлі незаўважна. Намеснік дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кандыдат культуралогіі Аляксандр Суша правёў шыкоўную экскурсію па бібліятэчных залах, калідорах, культуралагічных рэкрэацыях. Бібліятэка ўражвае не толькі звонку, але і ўнутры. Гэта цудоўнае месца і для здавальнення інфармацыйнага голаду, і для развіцця мастацкага густу, бо ўсе калідоры бібліятэкі — выставачныя залы мастакоў, фатографаў, народных майстроў.

Экскурсія пачалася з пакоя для дзяцей, які карыстаецца вялікім попытам у наведвальнікаў бібліятэкі. Педагогам з Польшчы было цікава даведацца пра арганізацыю і час работы гульнявой пляцоўкі, пра напаўняльнасць груп і пра яе даступнасць для баць­коў.

Аляксандр Суша паведаміў, што сёння Нацыянальная бібліятэка — гэта не проста захавальніца магутнага інфармацыйнага рэсурсу, гэта адкрытая прастора для рэалізацыі навуковых, адукацыйных, культуралагічных праектаў. І межы ўстановы ўвесь час пашыраюцца. Наведалі польскія педагогі таксама музей кнігі. У выставачнай зале прадстаўлена больш за 300 унікальных кніжных помнікаў: рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, рэдкія выданні XV—XXI стагоддзяў. Сярод экспанатаў знаходзіцца жамчужына калекцыі — Біблія (1517—1519) беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Зараз у музеі дэманструецца выстава “Буквары народаў свету”, і польскіх настаўнікаў найперш зацікавілі паліцы з польскімі букварамі. Разам з тым госці з задавальненнем агледзелі ўсю экспазіцыю. Аляксандр Суша звярнуў увагу на адукацыйныя магчымасці музея кнігі, расказаў пра музейную педагогіку, якая сёння актыўна развіваецца дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям. Нават дарослыя з задавальненнем адказваюць на пытаннні віктарыны, што высвечваюцца на сэнсарным экране. Ніхто не адмаўляецца памаляваць пальцамі. Польскія педагогі таксама не сталі выключэннем: яны адказвалі на пытанні, размалёўвалі кніжныя гравюры, гарталі электронную Біблію Скарыны.

У канцы экскурсіі госці падняліся на аглядную пляцоўку, дзе з вышыні птушынага палёту можна палюбавацца прыгожымі краявідамі нашай сталіцы.

Адукацыйна-культурны тыдзень для польск­іх настаўнікаў скончыўся ўручэннем сертыфікатаў і дыпломаў, якія засведчылі, што замежныя госці павысілі не толькі сваю прафесійную кваліфікацыю, але і матывацыю наве­даць гасцінную Беларусь яшчэ не раз.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *