Сэрвіс Googlе Klass — адукацыйнае асяроддзе для сумеснай дзейнасці

Мы жывём у дзівосны час: свет вакол нас вельмі хутка мяняецца практычна да непазнавальнасці. Таму настаўнік, які працуе з падрастаючым пакаленнем, павінен быць гатовы пастаянна мяняцца і развівацца. Калі раней карціна свету заставалася аднолькавай на працягу жыцця некалькіх пакаленняў, то зараз усё развіваецца настолькі імкліва, што нам, педагогам, як казала Шахматная Каралева з “Алісы ў краіне цудаў”, для таго каб застацца на месцы, трэба “бегчы з усіх ног”.

Настаўнік павінен разумець, чым жывуць сучасныя вучні. Можна не любіць Фэйса або Макса Каржа, але не ведаць, хто гэтыя людзі, — значыць адстаць ад жыцця. Акрамя таго, заўсёды варта памятаць, што сучасныя дзеці іншыя. Яны жывуць у інтэрнэце, у іх няма культу дарослага чалавека. Таму мы павінны заваёўваць аўтарытэт рэальнымі рэчамі. Гучнымі словамі, камандным голасам і рэгаліямі сучасных дзяцей не ўразіць. Цяпер настаўніку мала ведаць свой прадмет і ўмець растлумачыць яго карысць, трэба яшчэ і цікава падаць матэрыял.

Цяжка ўявіць сучасны ўрок без прымянення інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, без спалучэння традыцыйных сродкаў і метадаў навучання са сродкамі ІКТ. У настаўніка з’явіўся самы магутны і эфектыўны тэхнічны сродак — інтэрнэт-тэхналогіі, якія хутка асвойваюцца сучаснымі навучэнцамі, даюць ім упэўненасць у сабе, ствараюць больш камфортныя ўмовы для самарэалізацыі і творчасці, павышаюць матывацыю да навучання, павялічваюць кола зносін школьнікаў, прадстаўляюць вялікі аб’ём разнастайных адукацыйных рэсурсаў. Для педагога яны таксама адкрываюць мноства магчымасцей, адной з якіх з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне.

Адукацыйны сэрвіс Google Клас (www.classroom.google.com) — гэта цікавы мабільны дадатак, які дапамагае настаўніку арганізаваць дыстанцыйнае навучанне падчас правядзення ўрокаў-праектаў, кейс-урокаў або проста дазваляе арганізаваць стандартны вучэбны працэс праз інтэрнэт.

Актуальная праблема пропуску заняткаў навучэнцамі ў выніку хваробы не мае на сённяшні дзень сістэмнага рашэння. Вучань, які прапусціў адзін або два тыдні заняткаў, выпадае з адукацыйнага працэсу, і папоўніць веды ён можа праз самастойнае засваенне прапушчанага матэрыялу. Гэта можа быць вырашана з дапамогай дыстанцыйнага навучання. Зараз Google Клас даступны ўсім. Ён уваходзіць у лік бясплатных сэрвісаў Google Apps для адукацыі, пры гэтым інтэграваны з іншымі сэрвісамі: “Дыск”, YouTube, “Дакументы” і Gmail.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю Google Клас для арганізацыі індывідуальнага навучання дзяцей, пры падрыхтоўцы да ЦТ і алімпіяд па фізіцы, пры правядзенні ўрокаў-абагульненняў, кейс-урокаў і інш.

З дапамогай сэрвісу Google Клас арганізую тэматычныя абмеркаванні па прапанаваных пытаннях, адпраўляю заданні вучням, арганізоўваю праектную дзейнасць, праводжу праверку ведаў.

Усе навучэнцы атрымліваюць паведамленні на свае мабільныя тэлефоны пра новыя заданні, тэрміны іх выканання і пра атрыманыя адзнакі за работу. Прычым усе заданні вучні атрымліваюць праз сэрвіс, выконваюць іх анлайн і прымацоўваюць свае адказы да задання. Прапаную розныя спосабы прэзентацыі вынікаў сваёй работы, у тым ліку і праз арганізацыю сумеснай работы ў Google-дакументах або Google-прэзентацыі, дзе кожная група навучэнцаў прадстаўляе свой варыянт рашэння і мае магчымасць пазнаёміцца з рашэннямі іншых груп, або ў выглядзе анлайн-тэста, выкананага з дапамогай Google Формы ці сэрвісаў Web 2.0.

Спіс выкананых работ абнаўляецца ў рэальным часе, што дазваляе адразу праверыць работу навучэнца, выставіць адзнаку і напісаць каментарый. Таму пры рабоце ў Google Клас зручна карыстацца смартфонам не толькі навучэнцам, але і настаўніку.

Асаблівасць такога навучання ў тым, што яно нагадвае своеасаблівую квест-гульню, якая захапляе, дадае рызыкі і ненадакучліва фарміруе ўяўленне аб асноўных фізічных паняццях, устанаўлівае лагічныя сувязі паміж структурнымі элементамі фізікі і штодзённым жыццём, развівае навыкі аналізу, крытычнага мыслення, фарміруе гатоўнасць вырашаць складаныя жыццёвыя пытанні, выхоўвае самастойнасць і ўпэўненасць у сваіх магчымасцях.

Дыстанцыйнае навучанне сёння толькі развіваецца, шукае свае формы і метады. Але ўжо зараз можна з упэўненасцю сказаць, што ў сучасных умовах шырокага ўкаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сферу адукацыі за дыстанцыйным навучаннем будучыня. І зусім зразумела і відавочна, што тэхналогіі дыстанцыйнага навучання трэба развіваць і далей. Сучасныя настаўнікі павінны быць гатовы да гэтай формы навучання, валодаць навыкамі работы ў сетцы інтэрнэт.

Сваім вопытам работы па выкарыстанні сэрвісу Google Клас дзялілася з настаўнікамі хіміі падчас правядзення Тыдня педагагічнага майстэрства “Эфектыўныя педагагічныя практыкі ў адукацыйным працэсе”, арганізаваным раённым метадычным кабінетам. Майстар-класу “Сэрвіс Googl Klass — адукацыйнае асяроддзе для сумеснай дзейнасці” папярэднічалі дыстанцыйныя курсы для настаўнікаў, на якіх яны пазнаёміліся з сэрвісам, выступілі ў ролі навучэнцаў, выконваючы прапанаваныя заданні, ацанілі яго магчымасці і перавагі, навучыліся ствараць свой дыстанцыйны курс. У час навучання самымі актыўнымі былі настаўнікі Г.Алюшкевіч, С.Філатава, В.Івіна і І.Амельчанка. Яны не толькі добрасумленна і на высокім узроўні выконвалі прапанаваныя заданні, але і праявілі зацікаўленасць да дыстанцыйнага навучання.

Спадзяюся, што дыстанцыйнае навучанне зойме сваё месца ў сістэме адукацыі, паколькі пры правільнай арганізацыі яно забяспечыць якасную адукацыю, якая адпавядае патрабаванням сучаснага грамадства сёння і ў перспектыве.

Таццяна ЛЕВАНЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца фізікі Ханявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.